Такая прыблізная працягласць новага пагранічнага моста пад Брэстам, пачатак будаўніцтва якога запланаваны налета.
Па ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Польшчы на апошняй сесіі Савета Рэспублікі шостага склікання дакладваў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка. Ён паведаміў, што ўзвядзенне новага аўтадарожнага пагранічнага маставога аб'екта цераз раку Заходні Буг на пагранічным аўтадарожным пераходзе Дамачава — Славацічы на беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы будзе ажыццяўляцца на парытэтных умовах. Пагадненне прадугледжвае парадак перадачы неабходных будаўнічых матэрыялаў, падрыхтоўку пад'язных шляхоў да аб'екта, фінансаванне выдаткаў беларускім і польскім бакамі, правядзенне шэрагу арганізацыйных мерапрыемстваў і неабходных працэдур, якія будуць папярэднічаць пачатку вялікай будоўлі міжнароднага характару. Гэта ў тым ліку стварэнне змешанай беларуска-польскай камісіі па пытаннях рэалізацыі праекта, падрыхтоўка дакументацыі, экалагічная экспертыза і г. д.
Міністр адзначыў, што існуючы пераход цераз Заходні Буг пэўны час знаходзіўся ў аварыйным стане і нават пасля рамонту мае некаторыя дэфекты. З гэтай прычыны ўведзены абмежаванні на праезд аўтамабіляў і аўтобусаў агульнай масай больш за 7,5 тоны, у выніку мост не працуе на поўную магутнасць. Новы мост дазволіць зняць гэтыя абмежаванні і наладзіць бяспечны кругласутачны рух цераз граніцу транспарту любой грузападымальнасці і людзей, а таксама істотна знізіць нагрузку на пераходы «Варшаўскі мост» і «Казловічы».
Па папярэдніх падліках, будаўніцтва новага моста зойме 1 год і 10 месяцаў, а поўная рэалізацыя праекта расцягнецца амаль на чатыры гады. Прыблізны кошт — каля 28 мільёнаў рублёў.
Леанід Лахманенка
Прэв'ю: commons.wikimedia.org
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-lahmanenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne