На АНТ 3 студзеня чакаецца вялікая прэм'ера — серыял «Зялёны фургон». І назва тая ж, як у знакавага дэтэктыва 1983-га, і Харацьян зноў у галоўнай ролі. Але гэта, папярэджваюць стваральнікі, зусім іншая гісторыя. Зняў яе сёлета рэжысёр Сяргей Круцін як працяг папярэдняга «Зялёнага фургона» — «каб не псаваць добры фільм рэмейкам».
Падзеі 6-серыйнага фільма «Зялёны фургон» (другая яго назва — «Стамбульскі») адбываюцца ў Адэсе праз 20 гадоў пасля вядомых падзей, і зусім сталы экс-франтавік Валодзя Патрыкееў працягвае барацьбу са злачыннасцю. Цяпер ён не наіўны рамантык, а адзінокі воўк з цяжкім лёсам, і справядлівасць для яго набыла зусім іншы сэнс пасля праходжання фронту і лагераў...
Пасляваенную Адэсу здымалі, як ні дзіўна, у Растове-на-Доне і Таганрогу, дзе захавалася нямала будынкаў пачатку ХХ стагоддзя. Прыкметы сучаснай цывілізацыі хавалі пад вінаграднымі лозамі, расстаўлялі водазаборныя калонкі, а старую зброю і тэхніку знайшлі ў калекцыянераў і ў кінакластары «Дон». Сярод галоўных герояў гледачы ўбачаць не толькі Дзмітрыя Харацьяна, але і Кацярыну Дураву (дачка вядомага акцёра Льва Дурава), і знаёмых па серыялах Алега Масленікава-Войтава і Аляксандра Давыдава, і ўзыходзячую зорку Сямёна Траскунова, і беларуса Анатоля Ката, адмоўнае абаянне якога прабіваецца скрозь усякі кіношны мундзір.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота vokrug.tv
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/ant