“Жаночы вобраз у календары народных абрадаў” – так называлася тэматычная выстава, якая адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі напярэдадні 95-годдзя часопіса “Алеся”. Канцэпцыю выставы распрацавала старшы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта этнограф Вера МІШЫНА.
– Абрады і рытуалы нашых продкаў неслі пэўны сімвалічны сэнс. Раскажыце, чаму менавіта жанчына стаяла ў цэнтры традыцыйнай беларускай абраднасці?
– Калі мы гаворым пра каляндарную абраднасць, то варта мець на ўвазе, што яна па сваёй сутнасці аграрная, земляробчая. Так ці інакш, кожны з этапаў народнага календара звязаны з пэўным станам прыроды і адпаведным цыклам сельскагаспадарчых работ. Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што земляробчыя абрады не былі выключна «жаночымі». Пэўная частка абрадавых дзеянняў (напрыклад, звязаных з пачаткам палявых работ) выконвалася толькі мужчынамі. Разам з тым, сімволіка традыцыйнай калядарнай абраднасці накіравана перш за ўсё на атрыманне добрага ўраджаю. А ўраджай, адпаведна з логікай традыцыйнай свядомасці, з’яўляецца вынікам не толькі працы чалавека, але і спрыяння Маці-Зямлі, якая «родзіць». Менавіта з гэтым міфалагічным вобразам звязаны ідэі плоднасці, нараджэння новага жыцця, што наўпрост асацыюецца з жанчынай. То-бок у многіх абрадах, прымеркаваных да народнага календара, яскрава выяўляецца жаночы пачатак – адпаведна, каму, як не жанчыне, іх выконваць? Даследчыкі традыцыйнай культуры адзначаюць, што менавіта жанчына была асноўнай захавальніцай сакральных ведаў і рытуальных тэкстаў.
– Такім чынам, у беларускіх абрадах роля жанчыны была выключнай. А вось сям’я ў традыцыйнай культуры – цалкам патрыярхальная структура, у якой правы і магчымасці жанчыны жорстка абмяжоўваліся. Цяжка паверыць, што нашых прабабуль задавальняў такі лёс...
– Варта ўлічыць, што жыццё ва ўмовах традыцыйнага грамадства ўвогуле было няпростым. І цяжкая фізічная праца, і далёкія ад раскошы жыллёвыя ўмовы, і адсутнасць звыклых нам даброт – усё гэта, безумоўна, накладала свой адбітак. Аднак хацелася б крыху развянчаць стэрэатып аб поўнай бяспраўнасці і «забітасці» жанчыны ў традыцыйнай сям’і. Калі ў юрыдычным сэнсе правы жанчыны сапраўды былі істотна абмежаваныя, то ў штодзённым жыцці яе магчымасці былі даволі значнымі. Фактычна жанчына-гаспадыня ў вялікай сям’і па сваіх паўнамоцтвах мала ў чым саступала мужу-гаспадару. Яна кіравала ўсёй жаночай часткай сям’і, адказвала за вядзенне хатняй гаспадаркі і выхаванне дзяцей, ёй падпарадкоўваліся дочкі і нявесткі. Больш складаным было становішча нявестак, бо яны цалкам залежалі ад волі свякрухі. А што датычыцца маладых незамужніх дзяўчат, маці іх нават шкадавалі, меней загружалі працай, ведаючы, што чакае іх у замужжы.
– Чым тлумачыцца такая ўвага даследчыкаў-этнографаў да народнага календара?
– Народны каляндар, па сутнасці, выступаў як пэўны арганізуючы фактар усяго жыццёвага працэсу. Год за годам ён задаваў рытм працоўнай дзейнасці і акрэсліваў святочныя перыяды. Больш за тое, паводле логікі традыцыйнай свядомасці, каляндарныя абрады з’яўляліся сродкам, так бы мовіць, «легітымізацыі» тых змен, што адбываліся ў прыродзе. Традыцыйная абраднасць – гэта ж не толькі абрадавыя дзеянні і спевы, яна адлюстроўвае і старажытныя міфалагічна-рэлігійныя ўяўленні нашых продкаў, іх светапогляд. Таму каляндарныя абрады, як надзвычай важная частка традыцыйнай культуры, проста не могуць апынуцца па-за ўвагай тых, хто яе даследуе.
– Ці мае традыцыйная абраднасць нейкую актуальнасць у наш імклівы час?
– У сучаснікаў можна назіраць даволі вялікую цікавасць да традыцыйнай культуры ўвогуле. Ладзіцца шмат разнастайных фэстаў, многія аб’екты ўключаюцца ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, усё большую папулярнасць набываюць ініцыятывы па адраджэнні страчаных абрадавых практык. Магчыма, цікавасць да традыцыйнай культуры – гэта свайго роду абарончы рэфлекс нашага грамадства ва ўмовах глабалізацыі.
У той час, калі наш лад жыцця і культура ў цэлым робяцца ўсё больш стандартызаванымі, менавіта традыцыйныя абрады становяцца тым сродкам, які дазваляе не страціць канчаткова нашую нацыянальную ідэнтычнасць і не забыцца, хто мы ёсць.
– Ці мела сямейная і каляндарная абраднасць нейкія рэгіянальныя асаблівасці?
– Так, безумоўна, у розных рэгіёнах і каляндарныя, і сямейныя абрады мелі шэраг асаблівасцей. Але пытанне рэгіянальнай абрадавай спецыфікі вельмі складанае. Прынята лічыць, што галоўныя мясцовыя адрозненні можна вылучыць у адпаведнасці з межамі гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў (зразумела, што вясельныя абрады, скажам, на Палессі будуць іншыя, чым на Падзвінні). Аднак цяпер назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да большай дэталізацыі даследаванняў, бо нават у межах аднаго рэгіёна абрады і звычаі далёка не аднолькавыя. Больш за тое, нават у суседніх вёсках правядзенне аднаго і таго ж абраду (напрыклад, таго ж вяселля) магло адрознівацца.
– Сярод вашых навуковых прац на тэму вясельнай абраднасці, а іх шмат, ёсць адна, якая тычыцца шкоданоснай магіі. Раскажыце, калі ласка, падрабязней: што гэта за магія такая? І каму яна мусіла шкодзіць?
– Гэта тыя магічныя прыёмы і дзеянні, якія скіраваны перш за ўсё супраць галоўных удзельнікаў вяселля – маладых. Справа ў тым, што падчас вясельнага абраду адбываецца змена іх сацыяльнага і культурнага статусу – з халастога хлопца і незамужняй дзяўчыны яны ператвараюцца ў мужа і жонку. І вось у гэтым «памежным» стане, з пункту гледжання традыцыйнага светапогляду, яны з’яўляюцца найбольш уразлівымі для магічнага ўздзеяння, як станоўчага, так і адмоўнага. Таму ў вяселлі шмат розных абрадавых дзеянняў, накіраваных на тое, каб «запраграмаваць» для маладых добрае жыццё, але ж можа быць ужыта шмат і тых, што маюць адваротныя мэты. У апісаннях вясельных абрадаў сустракаецца нямала сведчанняў такой шкоданоснай магіі. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі шырока распаўсюджаныя былі ўяўленні пра тое, што маладыя і іншыя ўдзельнікі вяселля могуць быць перавернуты ў ваўкалакаў. У памяці людзей старэйшага пакалення дагэтуль захоўваюцца гісторыі пра чараўнікоў, якія маглі «падрабіць» так, каб коні ў вясельным поездзе не маглі зрушыцца з месца. Узгадваюць таксама пра пакінутых дзяўчат, што ў мэтах помсты свайму былому хлопцу, які ажаніўся з іншаю, цягалі перад маладымі па дарозе за заднія лапы ката (для таго, каб маладыя «біліся, як каты»).
– Як і калі з’явілася ў вас цікавасць да этнаграфіі? Што вас натхніла: фальклорная суполка, прачытанае ў кнігах ці, можа, расповеды вясковай бабулі?
– Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, і таму, па вялікім рахунку, усё тое, што вывучае этнаграфія, не было для мяне экзатычным. Безумоўна, у часы майго дзяцінства (а гэта 1980-я і пачатак 1990-х гадоў) ужо ніхто не хадзіў у народных строях і не прасаваў бялізну з дапамогай качалкі. Аднак многія з тых рэчаў, што сёння стаяць у этнаграфічных музеях, мне яшчэ давялося бачыць у дзеянні – прыкладам, калаўрот ці кросны. У нашай сям’і заўсёды сустракалі Каляды з сенам пад абрусам і абавязковай куццёй, у хаце былі тканыя посцілкі, на Купалле на гары ля вёскі палілі вогнішча… Традыцыйная культура ў пэўных сваіх праявах так ці інакш была часткай майго жыцця. А потым было паступленне ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Гісторыя». Якраз тады, у 1990-х, адбывалася яе станаўленне і акрэсліваліся тыя накірункі, па якіх яна мела развівацца ў далейшым. І этнаграфія акурат стала адным з такіх накірункаў. Гэта адбылося дзякуючы Уладзіміру Аляксандравічу Лобачу, на той час нядаўняму выпускніку БДУ, а зараз – вядомаму беларускаму этнографу, доктару гістарычных навук. Менавіта з таленавітых лекцый Уладзіміра Аляксандравіча я адкрыла для сябе той факт, што свет, блізкі і знаёмы мне з дзяцінства, аказваецца, ёсць прадметам асобнай навукі! Паралельна з вучобай брала ўдзел у гісторыка-культурным клубе «Княжыч», дзе цікавасць да этнаграфіі атрымлівала, так бы мовіць, практычнае ўвасабленне. Там студэнты разам з выкладчыкамі паглыблена вывучалі гісторыю Беларусі, народную культуру і фальклор, ладзілі традыцыйныя святы. Так што, можна сказаць, у часы свайго студэнцтва я з галавой акунулася ў этнаграфію, а потым гэтая цікавасць набыла ўжо больш сур’ёзную, навуковую афарбоўку.
– Зрэшты, жыць у Полацку і не цікавіцца беларускай гісторыяй і этнаграфіяй, напэўна, немагчыма. Якую ролю адыграў Полацк у вашым захапленні традыцыйнай нацыянальнай культурай?
– Маё блізкае знаёмства з Полацкам пачалося якраз у гады студэнцтва, бо многія нашы заняткі праходзілі не ў аўдыторыях, а ў музеях ці ўвогуле проста на полацкіх вуліцах. З тых часоў Полацк пастаянна прысутнічае ў маім жыцці, хоць палачанкай па месцы жыхарства я стала не так даўно, крыху менш за дзесяць год. І тут варта, напэўна, казаць не столькі пра канкрэтныя падзеі, якія падтрымлівалі маю цікавасць да гісторыі і культуры ў цэлым (хоць іх і было нямала), а пра своеасаблівую полацкую «магію», пра тое незвычайнае адчуванне повязі стагоддзяў (як бы банальна гэта ні гучала), якое прыходзіць, калі блукаеш па Ніжне-Пакроўскай або стаіш на Верхнім Замку побач з Сафіяй…
– Выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі, канцэпцыю якой вы распрацавалі, выклікала цікавасць у наведвальнікаў. Магчыма, ёсць і іншыя праекты ў галіне культуры і этнаграфіі, здзейсненыя з вашым удзелам?
– Раней я ўжо згадвала пра гісторыка-культурны клуб «Княжыч», у дзейнасці якога прымала ўдзел даволі доўгі час і ў гады студэнцтва, і пазней, калі ўжо стала выкладчыцай. У сярэдзіне 2000-х пры клубе працавала школа выхаднога дня для вучняў, дзе я праводзіла заняткі па этнаграфіі і народнай культуры. Таксама можна прыгадаць шматгадовае супрацоўніцтва з полацкім Музеем традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, які з’яўляецца своеасаблівым этнаграфічным асяродкам і які перыядычна запрашае для чытання навукова-папулярных лекцый на розныя тэмы. Сярод актуальных адзначу рэалізаваны намаганнямі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» адукацыйны праект «Этнаакадэмія: анлайн курсы па этнаграфіі, народных рамёствах і народным мастацтве», у межах якога рыхтуецца да выхаду мой аўтарскі відэакурс па беларускім традыцыйным вяселлі. Беларускае вяселле разглядаецца там не проста як пэўная паслядоўнасць абрадавых дзеянняў: там ажыццёўлена спроба адлюстраваць унутраную логіку разгортвання вясельнага абраду, выявіць яго структурныя элементы ў цесным іх узаемадзеянні, раскрыць сэнс асноўных кампанентаў.
Гутарыла Алена БРАВА
Фота з архіва Веры МІШЫНАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/dyyalog
[2] http://zviazda.by/be/edition/alesya