Два асноўныя складнікі паэзіі Алеся Камоцкага ў зборніку выбранага «Не як так», які пабачыў свет да 60-гадовага юбілею творцы, — гэта сузіранне і (сама)іронія. Каго больш у асобах аўтара і лірычнага героя — лірыка ці філосафа, — пытанне невырашальнае. Гэтыя два пачаткі, як вада ў злучаных паміж сабой сасудах, перацякаюць адзін у другі амаль незаўважна:
Я супраць узнятых рук,
Бо зведаў ад іх пакут.
Хто супраць узнятых рук?
Я першы падняў руку.
Лірычны герой, нават закаханы, не можа аддацца на ўсе сто гэтаму найсвятлейшаму пачуццю — ён глядзіць на аб’ект жарсці (дакладней, сузірае яго) скрозь прызму іроніі, ведаючы з уласнага багатага досведу, што чаго насамрэч варта:
Калі ласка, будзь сама сабою,
Не гуляй у лепшы варыянт,
Бо яно не надае спакою
І не можа нечаму спрыяць.
Самае істотнае адкрыццё, да якога прыйшоў аўтар метадам пакутных спроб і бясконцых памылак, — няновае, але кожны мусіць прыйсці да адпаведнай высновы сваім шляхам. Самы цікавы чалавек, які заўжды будзе для цябе значны і актуальны, які ніколі не кіне і не здрадзіць, — гэта ты сам. Таму толькі сябе і варта даследаваць, вывучаць, удасканальваць. Пошукі і вандроўкі ў мікракосмасе лірычнага героя — лейтматыў зборніка. Імпануе, што аўтар не баіцца нікога расчараваць, галоўнае, сам у сабе ён ніколі не расчаруецца. Хіба што канстатуе чарговае пытанне, адсутнасць адказу на якое зусім не замінае пачувацца гарманічным ды шчаслівым:
Мы ведаем, дзе дрэнна
З таго, што перажылі,
Але ж чаму нязменна
Зноў на памылкі хіліць?
Для шматлікіх твораў Алеся Камоцкага характэрны тыповы прыём: лірычны пачатак настройвае на высокае пранізлівае гучанне, сур’ёзнае ўспрыманне і адпаведнае ўзвышанае завяршэнне. Але аўтар ідзе зусім Дзе знайсці багацце? «Будоўля — наша жыццё...» не тым шляхам, які «прадбачыцца» чытачу, і ў гэтай нечаканасці свая асалода, сваё замілаванне і ўсмешка:
Старая плошча. Дрэвы. Брук.
Дамы абапал з мокрай цэглы.
З аднаго боку процьма мух.
Смярдзіць карболкай процілеглы.
Побач з асобай лірычнага героя ў творах Алеся Камоцкага ёсць і іншыя значныя вобразы. Самы галоўны з іх — шлях і ўсё, з чым спалучана падарожжа: вецер, крокі, сцюжа, лужыны, дождж, пачуцці, жаданні, дзверы, сэнс, памяць, сляды. Поры года выступаюць як душэўныя ці эмацыянальныя станы лірычнага героя. Сярод іх вылучаецца восень: у ёй найбольш утульна і цёпла. Зіма ў творах сведчыць пра замірэнне з сабою і лёсам, лета — сінонім бессэнсоўнай мітусні, вясна — хлусні ды падману і пустых надзей...
А найбольш удалымі, дасканалымі і лагічнымі бачацца лаканічныя чатырохрадкоўі, дзе найлепш раскрываецца асоба аўтара: без складаных канструкцый, нагрувашчванняў сэнсаў, да сутнасці якіх яшчэ трэба дакопвацца, блукаючы ў слоўных лабірынтах. Яны ясныя і яркія, як зоркі ў чорным бяздонні неба. І хоць аўтарскія высновы не дадаюць аптымізму і ад цяпла тых «зорак» нельга сагрэцца, усё ж радуе, што агульначалавечая «праблема» знайшла сваё слоўнае адлюстраванне, па-мастацку ўвасобіўшыся ў зразумелым канкрэтным вобразе:
Будоўля — наша жыццё.
І ў жорсткім рытме стварэння
мы робім вышэй за ўсё
сцяну непаразумення.
Хай будзе якой заўгодна высокай сцяна непаразумення, але творчасць, вобразы і метафары — той мост, які злучае людзей, ідзе ад сэрца да сэрца. Ён пройдзе скрозь любыя муры, пераможа самыя бяздонныя прорвы і перасягне найвысачэзнейшыя хмарачосы...
Яна БУДОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka