У канцы года многія не толькі падводзяць вынікі таго, што здарылася ці было зроблена за папярэднія 365 дзён, але і спрабуюць з дапамогай экспертаў здагадацца, якія перамены, лагічныя наступствы і суцэльныя неспадзяванкі чакаюць нас у блізкай будучыні. «Звязда» сёлета вырашыла таксама далучыцца да пераднавагодняй традыцыі, а на дапамогу паклікаць не каго-небудзь, а найгалоўнейшага эксперта па 2020 годзе — пацука!
Пакуты выбару
Кандыдатаў на гэту пачэсную місію, скажам шчыра, было з каго выбраць. Напрыклад, жывы сімвал наступнага года афіцыйна абралі ў Гродне — цёмна-шэрую, пароды рэкс, вельмі дружалюбную да людзей пацучыху Гаечку. У Віцебскім заалагічным парку сярод грызуноў ёсць пацукі, шыншыла ды сурок, у Магілёўскім заасадзе, што ў Буйнічах, з усяго атраду толькі вавёрка, дый у Белавежскай пушчы лясны заапарк — гэта дэманстрацыйныя вальеры з дзікімі жывёламі і птушкамі, тут патрэбнай нам зубатай драбязы няма. Затое ў сталічным заапарку, які, дарэчы, сёлета адзначае 35-годдзе, атрад грызуноў прадстаўлены некалькімі тысячамі жывёлін: ад маленечкага афрыканскага мастоміса — «шматсасковай мышы», якая насамрэч ўяўляе сабой нешта сярэдняе паміж дзікай мышшу і пацуком, да самага буйнога прадстаўніка атрада — вадасвінкі капібары, якая дасягае метра і больш у даўжыню і можа важыць звыш 60 кілаграмаў. Таму вагаліся мы нядоўга і звярнуліся па дапамогу менавіта ў сталічны заапарк. «Паваражыць на будучыню з пацуком? А чаму б не! Прыходзьце, канешне», — пагадзіліся супрацоўнікі.
«Што б такое прыдумаць, каб было і цікава, і актуальна для многіх беларусаў — не загадваць жа абстрактнае шчасце і здароўе на ўсіх гуртам?» — раіліся мы з калегамі. Кожны прапаноўвае нешта сваё: «Папрасіце, каб візы адмянілі! — Каб мы «Еўрабачанне» выйгралі! Не, лепш «Оскар!» — Які «Оскар», вы што, тут бы ў спорце сваіх пазіцый не страціць. — Пра дабрабыт не забудзьцеся. — І пра культурна-гістарычныя каштоўнасці, ну не хлебам жа адзіным...» Пасля доўгіх спрэчак запісваем жаданні — атрымліваецца дзевяць паперак. «Але ж наступны год высакосны, ад яго многія чакаюць узрушэнняў, а іх прадказваць неяк не хочацца, — нагадвае фатограф. — Можа, пакінем адну паперчыну пустой — на ўсякі выпадак?» Так і робім.
Грызуць усе
Нашым дарадцам і экскурсаводам па падземных лабірынтах стала галоўны заатэхнік групы віварыя і экзатычных грызуноў Ірына ОРЛІС. Яна працуе ў заапарку з моманту яго заснавання і ведае яго як свае пяць пальцаў. «Наш віварый лічыцца адным з найлепшых у СНД, — не без гонару заўважае Ірына Раманаўна, — хоць, безумоўна, даглядаць яго складана: каля 3000 грызуноў трэба штодня накарміць і агледзець, праверыць, як справы ў «радзільні» і «дзіцячым садку». Але асноўная задача супрацоўнікаў віварыя, як бы гэта ні шакіравала асабліва чуллівую аўдыторыю, — забяспечыць корм іншым насельнікам заапарка, у прыватнасці драпежным жывёлам і птушкам, якія ў прыродных умовах харчуюцца менавіта мышамі ды пацукамі. Таму тут адбываецца пастаянны кругаварот лабараторных мышэй і пацукоў: штомесяц 1,5-2 тысячы з іх ідзе на корм, але столькі ж нараджаецца, бо пацукі — адны з самых пладавітых грызуноў.
— Пацукі — як людзі, вельмі розныя, — паказвае нам заатэхнік сваю вялізную пісклявую, хвастатую і кіпцюрастую гаспадарку: мышэй, пацукоў, шыншыл, дэкаратыўных трусоў, нават сям'ю дзікабразаў, у якіх у лістападзе з'явілася папаўненне. — Бываюць тыя, каму галоўная радасць — як след паесці, бываюць пацукі-інтэлектуалы. Цікавая дэталь, якую заўважылі даследчыкі ў лабараторыях: пацукі, схільныя да алкагалізму, лепш навучаюцца... У мяне ў дзяцінстве, дарэчы, паколькі бацькі не дазвалялі трымаць сабаку, быў белы пацук Кентаўрык (напэўна, у сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя я была ці не першым «пацучатнікам» у Мінску). Пацук пражыў у мяне пяць гадоў, любіў сядзець на плячы, калі мы гулялі па горадзе, і... чыста выпадкова вывучыў каманду «Фас!». Я ж тады не ведала, як балюча кусаецца пацук, — і дзеля забавы казала на кагосьці з дамашніх: «Кентаўрык, фас!» — ён ціхенька падкрадваўся, кусаў і адразу кідаўся назад, мне на плячо — так працягвалася, пакуль нас строга не папярэдзілі, што наступны раз будзе апошні. Аднойчы я паехала ў турыстычную паездку на тыдзень, ён, мабыць, вельмі засумаваў і пачаў кусаць ужо ўсіх без разбору, акрамя мяне...
Следам знаёмімся з Венем, ён жа Веніямін — шасцімесячны беламорды пацук. «Яго выбралі для заняткаў у юнацкім гуртку, таму што, калі разглядалі ўсіх, Венечка сам падышоў і палез на рукі — выклікаўся добраахвотнікам. Праўда, ён не зусім чыстай пароды — у ідэале цёмны «капюшон» на пысе павінен заходзіць за вочы. Наогул нараджаюцца беламордыя спачатку цёмнымі, часцей за ўсё блакітнага колеру, — расказвае Ірына Раманаўна, пачэсваючы за вухам разамлелага героя, — але з узростам поўсць сівее, і паступова пацук становіцца практычна белы, толькі пара чорных валаскоў і чорныя вочкі. Такіх пацукоў мы разводзілі вельмі доўга: прывозілі з Маскоўскага заапарка і скрыжоўвалі са сваімі шэрымі «пасюкамі», цяпер іх у нас вельмі многа».
— Хто яшчэ з вашых падапечных можа прэтэндаваць на званне жывога сімвала года — можа, пака, (гэты грызун з джунгляў, які ўмее «рыкаць» і падобны на гіганцкага плямістага пацука, жыве ў сталічным заасадзе з 2015 года. — Аўт.) — цікавімся мы, рыхтуючы для Вені «замануху» — абгорнутыя паперкамі з прадказаннямі кавалачкі хлебцаў.
— Не, гэта экзатычны грызун, ад пацука вельмі далёкі. Грызуны — самы шматлікі атрад млекакормячых, але з мышыных у нас жыве не так шмат. Магчыма, падышоў бы яшчэ мяккашэрсны афрыканскі мастоміс, ну і розныя віды дэкаратыўных пацукоў. А вось звычайных, дамавых шэрых пацукоў вы ў нас не ўбачыце. Хоць і цяжка было перамагчы гэту навалу. Гадоў дзесяць таму яны «жылі» літаральна ва ўсіх вальерах, з'ядалі трусянят, бывала, птушанят з гнёздаў здымалі... Але паступова з дапамогай дэратызатараў мы справіліся: і з экзатарыума, і з тэрыторыі заапарка іх вынішчылі, хоць у Чыжоўцы шмат дзе пацукі бегаюць.
— Ці праўда, што ў пацукоў няма парод?
— Мой муж раней таксама казаў: «Яны ўсе ў цябе хамякі, толькі рознага памеру!» — смяецца Ірына Раманаўна. — Чаму ж, пароды ў пацукоў ёсць, проста парода прадугледжвае селекцыю, мэтанакіраванае развядзенне і падтрыманне набору пэўных прыкмет, стандартаў. У нас, напрыклад, ёсць пароды рэкс (у іх кучаравая поўсць. — Аўт.), сфінксы (амаль ці цалкам без поўсці, «голыя». — Аўт.), дамба (вылучаюцца нізка пасаджанымі і круглымі вялікімі вушкамі. — Аўт.), віліксы з мяккай поўсцю, ёсць сіямская афарбоўка, карычневая і рудая, нядаўна прывезлі турэцкіх — белых з чорнымі вачыма, перыядычна «праскокваюць» нават бясхвостыя — гэта, трэба сказаць, вялікая рэдкасць. Рэч у тым, што кожны ген, які адказвае за той ці іншы ўчастак і нават хваробу, цягне за сабой пэўную афарбоўку — «капюшон», «маску», плямкі, белы жывот і лапкі і г. д. Калі атрымліваецца цікавы вынік, яго пачынаюць замацоўваць — яшчэ ў савецкі час у нас прыжыліся «каўняровыя» пацукі, рудыя, блакітныя, беламордыя, апошнім часам мы прывозілі дамба
і сфінксаў, а тут ужо, паколькі ёсць вялізны матэрыял, мы самі пачалі іх разводзіць. Самыя «пяшчотныя» — сфінксы, якія найчасцей хварэюць, асабліва на вочы, бо не абароненыя поўсцю.
Кіно з адкрытым фіналам
— Венечка, ідзі да нас! — спрабуем мы прыцягнуць увагу пацука, крыху пашаргатаўшы паперкамі. Аднак Веніяміну цікава літаральна ўсё навокал: стол, «звяздоўскія» календары (праўда, ніякаму канкрэтнаму месяцу перавагі ён не аддае, наразае колы па ўсёй паверхні), рукі заатэхніка, таму выбіраць штосьці адно ён не жадае, толькі насцярожана абнюхвае. Адна паперка ўсё ж прыцягвае ўвагу пацука — Веня чапляе прадказанне хвастом і сам здзіўлена аглядваецца: што тут у вас? Навыперадкі разгортваем яе...
Пустая! Гэта адзіная пустая паперка з усіх, якую сярод магчымых прыемнасцяў мы пакінулі на ўсякі выпадак... Веня, ты нам нагадаў невядомасць?!
— Мабыць, ён ацаніў фантастычнасць нашых пажаданняў, — расчаравана кажа фатограф.
— Маладзец, — смяюцца супрацоўніцы заапарка, — зняў з сябе адказнасць!
І правільна зрабіў: ён жа такі маленькі, а ўбачыць будучыню для мільёнаў людзей — вялікая і цяжкая справа.
...У рэшце рэшт прыходзім да высновы, што белая паперка, якую выбраў Веніямін, — гэта зусім нават няблага. Бо кожны можа ўбачыць у гэтым выбары нешта для сябе: шанц пачаць з чыстага аркуша, «абнуліцца» і перапісаць сваю гісторыю нанова, адкрыць новыя далягляды, знайсці нешта схаванае, прыняць важнае рашэнне, ачысціцца ад непатрэбнага...
А паводле Таро, напрыклад, пустая карта можа абазначаць як лёс, божую волю, так і адсутнасць канкрэтыкі, а яшчэ інфармацыю, якую чалавеку ведаць зарана, бо ён не гатовы адчуць і прыняць (гаворка не толькі пра непрыемнасці, але і пра нечаканую радасць). Словам, чысты аркуш — тая бязмежная прастора, сэнс і значэнне якой прыдумваем мы самі — і, кажуць, калі як след у яго паверыць, гэта спрацоўвае. Праверым у 2020-м?
Ці ведалі вы, што...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Выказваем падзяку асветніцкаму аддзелу Мінскага заапарка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god