Мерапрыемства, арганізаванае Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Епархіяльным упраўленнем Беларускай праваслаўнай царквы, Беларускім фондам міру пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, адбылося ўчора ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска.
На калядную ёлку запрасілі больш за 1500 дзяцей і падлеткаў з раёнаў Беларусі і Расіі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама маленькіх гасцей рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. На праект прыехалі дэлегацыі з 25 раёнаў Беларусі і двух раёнаў Браншчыны.
Як перадае БелТА, мітрапаліт Павел павіншаваў дзяцей са святам, здзейсніў малітву за дзяцей Беларусі, блаславіў удзельнікаў сустрэчы. Госці ў знак падзякі падрыхтавалі яму творчыя віншаванні і сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі, у тым ліку святочны калядны пірог з 26 свечкамі — столькі гадоў існуе праграма.
«Мы рады таму, што дзеці з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама таленавітыя дзеці маюць магчымасць прыехаць у сталіцу, сустрэцца з мітрапалітам, — адзначыў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло. — Гэтая акцыя стала традыцыйнай, яна будзе праводзіцца і далей».
Удзельнікамі дабрачыннай акцыі з 1994 года сталі амаль 50 тысяч беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама дзеці з Расіі і Украіны. Сродкі на свята выдаткоўваюцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011—2015 гады і на перыяд да 2020 года.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/religiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/religiya