Стан сучаснай беларускай літаратуры ўяўляе сабой гарманічнае суіснаванне прадстаўнікоў розных узростаў, прыхільнасцяў, школ, традыцый, пісьменніцкіх арганізацый, творцаў з рознымі светапоглядамі, аўтарскімі праграмамі, пазіцыямі, сярод якіх цяжка вылучыць адзінага «аўтарытэта», ды і, улічваючы наяўнасць такой самай размаітай чытацкай аўдыторыі, рабіць гэтага не варта. Сёння «выстраліць» цікавым творам адзін аўтар, а заўтра іншы. Інфармацыйная нагода майго артыкула — абмеркаванне на сайце Фэйсбук пісьменнікамі і крытыкамі розных літаратурных, і не толькі, пытанняў, якое ўскалыхнула комплекс застарэлых праблем, што дрэйфавалі на спакойных хвалях літаратурных плыняў і напрамкаў.
Здавалася б, найбольш рашуча настроенымі пісьменнікамі пад уздзеяннем пасылаў траўміраванай свядомасці ўжо былі ўшчэнт растаптаны ўстаялыя традыцыі, каштоўнасці, што закладваліся стагоддзямі, законы мастацтва, а сёння ізноў з імпэтам «маладнякоўцаў» абвяшчаюцца праграмы «вольных мастакоў», вольных як ад літаратурнага канона, так і ад усяго падцэнзурнага, у тым ліку і ад абавязку трымаць марку адукаванага і выхаванага суразмоўцы і дыскутанта. Дзіву даюся, што сярод сучасных аўтараў ёсць такія ж ахвяры часу і грамадскага рэжыму, як і сто гадоў таму. У ХХІ стагоддзі з яго магутным патэнцыялам мастац кай літаратуры ў канцэптуалізацыі, філа сафізацыі, сімвалізацыі, гіпербалізацыі і іншых «-зацыях», якія дазваляюць агу чыць любую думку, абы яна была! Сучас ны аўтар, нават самы «пісучы», мае маг чымасць публікавацца ў шматлікіх выда вецтвах, распаўсюджваць апублікаваныя кнігі праз вялікую сетку кніжных крам і інтэрнэт-магазінаў, ды і прыватным чы нам — сярод патэнцыяльных чытачоў, падпісчыкаў на яго старонку, калег па літаратурным цэху і інш. І пры такіх магчымасцях для самавыяўлення ізноў актуальна руйнаванне традыцыі, з’яўляюцца мані фесты пакрыўджаных нашым часам аўтараў з галоўным пасылам — стаць вольнымі… але ад чаго? На гэтым ад маўленні нацыянальнага, утоптванні ў бруд класічнай літаратуры ці можна пабудаваць новую традыцыю? Ды нават не традыцыю, ад наяўнасці якой адхрышчваюцца некаторыя пісьменнікі, хаця б абазначыць перспекты вы — куды разбурэнне можа прывесці і на чым спыніц ца. Стварыць ачышчаную ад літаратурнага мінулага пляцоўку для іншага віду творчасці, свабодную для чаго? Відаць, гэтая пазіцыя для беларускіх пісьменнікаў не вычарпала свой патэнцыял, бо эксплуатуецца вель мі актыўна, не змяншаецца колькасць яе прыхільнікаў. Відаць, быць і заставацца ахвярай, пазбаўленай нейкіх свабод у літаратуры (хутчэй, у кожнага пісьменніка сваё ўяўленне пра тое, ад чаго яго адлучылі) — гэта той ан дэграўнд, які трымае на хвалі папулярнасці і дазваляе трапіць у лік літаратурнай эліты.
Сваё? Чужое?
Пра гэтую ж праблему сучаснай беларускай літаратуры, якая, відаць, зацягнулася па часе, гаварыла Л. Сінькова ў артыкуле, апублікаваным у яе кнізе «Паміж тэкстам і дыскурсам: беларуская літаратура ХХ—ХХІ стст.» (2013): «Бясспрэчна, заўсёды было месца пад сонцам для літаратуры моладзевага пратэсту, максімалісцкага непрыняцця жыцця філістараў-старэйшых, для так званай контркультуры са сваёй багатай разнамоўнай, рознанацыянальнай, разначасавай традыцыяй (дзесьці ў свеце яна складае цэлыя плыні і напрамкі ), аднак жа паўсюль з’явы гэтыя маюць хрэстаматыйнапэўны статус контркультурных і зусім не ўзносяцца на пасад літаратурнага “мэйнстрыму”, на месца вызначальнікаў і, галоўнае, прэзентантаў усёй нацыянальнай літаратурнай традыцыі. А менавіта апошняе ёсць сур’ёзнай прэтэнзіяй маладой беларускай літаратуры». Гэтая пра блема застаецца актуальнай і сёння. “Маладым паўсюль у нас дарога” — не пусты лозунг: нароўні са старэйшымі пісьменнікамі яны выступаюць на старонках літаратур ных зборнікаў і перыядычных выданняў, сталі ўдзель нікамі шматлікіх прэстыжных літаратурных конкурсаў, дзе спецыяльна для маладых утвораны асобныя намінацыі, як і пры ўзнагароджванні літаратурнымі прэміямі, пры атрыманні спецыяльных грантаў і г. д. Але, як трапна заўважыла Л. Сінькова, творчасць маладых не літаратурны «мейнстрым», хоць многім з іх так падаецца. Безумоўна, жывы літаратурны працэс уносіць свае папраўкі ў суадносіны «мэйнстрыму» і контркультуры, традыцыйнага цэнтра і маргінальнай перыферыі, у складаных узаемадзеяннях і зменах пазіцый якіх карэктуецца сістэма ўзораў, норм і правілаў у традыцыі не як застылай, а дынамічнай з’явы. Аднак у аснове гэтых працэсаў арыентацыя менавіта на традыцыю як грунт пад нагамі ў літаратурным працэсе. Як адзначала Л. Сінькова, праблема адносін многіх маладых пісьменнікаў краіны да традыцыі, класікі і беларушчыны як да субкультуры, маргіналіі актуалізавана не сёння. Але ж літаратурны працэс не НЛА, што прыляцеў з космасу і туды ж можа паляцець без карэляцыі з традыцыяй, як бы гэтага ні хацелася найбольш прасунутым пісьменнікам-авангардыстам нашага часу, бо ў большасці выпадкаў іх уласны мастацкі працэс будуецца на адмаўленні традыцыі, а адмаўляючы, усё роўна даводзіцца апеляваць да яе парадыгм. А што ўзамен? Будаўніцтва вымагае новага погляду на свет, альтэрнатыўнага асэнсавання змены існуючага стану спраў, а ў літаратуры — яшчэ і абсалютна новых творчых падыходаў, метадаў і прыёмаў. Ці гатовы беларускія пісьменнікі без запазычвання заходнееўрапейскіх, амерыканскіх і іншых традыцый гэта здзейсніць на нацыянальнай глебе? Не падумайце: запазычваць не забараняецца, але каб гэта не стала самамэтай… Многія аўтары сцвярджаюць, што беларуская паэзія набыла ўзровень заходнееўрапейскай ці яшчэ якой культуры. Чаму яна павінна набываць гэтыя ўзроўні, а не нараджаць, дэманстраваць, ганарыцца сваімі, нацыянальнымі сэнсамі быцця, адлюстраванымі ў формах, якія падпарадкоўваюцца гэтым сэнсам і іх эфектыўна прадстаўляюць? Ці арыентуюцца тыя ж літаратуры еўрапейскіх краін на беларускую як узорную… Што за адвечная гонка за чужымі стандартамі пры адсутнасці ўласных пошукаў беларускага матэрыялу і адпаведных яму форм (не абагульняю, усё ж есць у беларускай літаратуры пісьменнікі, і іх нямала, якія сваім жыццём і творчасцю даказвалі іншае, але ж абазначаная тэндэнцыя пульсуе ў літаратурным працэсе ўжо больш за стагоддзе і яе варта ўзнімаць).
Верлібр у паэзіі нечакана паўстаў паратункам, той самай разняволенай формай, але ўжо для свабод не духу, а хутчэй цела. Форма верлібра, як і рыфмаваныя формы, дае свабоду там, дзе прысутнічае змест: яны былі і застаюцца абалонкай для зместу. Але раптам для некаторых аўтараў усе свабоды для самавыяўлення сканцэнтраваліся ў верлібры, астатнія формы і жанры, відаць, ужо не здольныя гэтыя свабоды ўтрымаць у сваіх «жорсткіх» межах і пэўных структурах. Даўно, яшчэ ў 1930-я гады, Максім Танк знайшоў у верлібры свабоду для грамадзянскага гучання, публіцыстычнага напалу, задзейнічаў яго ў якасці так званай трыбуны для абвяшчэння сацыяльных і палітычных пазіцый. І тады Максім Танк не займаў высокіх пасад, не меў ганаровых званняў, каб яны маглі абараніць яго ад рэпрэсій і карных мер, а задзейнічаў шырокія мастацкія магчымасці верлібра дзеля раскрыцця пратэсту супраць гвалтоўнай, якая прыніжае годнасць чалавека, сістэмы. Любоў да верлібра пранёс праз усё жыццё, давяраючы гэтай форме самыя патаемныя думкі і рухі душы. Не час вызначае выбар формы, а пісьменнік, які можа гэтую форму памастацку адушавіць, ажывіць глыбокім зместам, і тады форма аддзячыць магчымасцямі раскрываць самыя розныя сэнсы.
Сам сабе творца
Яшчэ адзін момант сучаснага літаратурнага працэсу варты ўвагі. Пісьменнік з філалагічнай адука цыяй сам выступае ў адносінах да ўласнай творчасці і як вытворца прадукцыі, і як асноўны «ацэншчык». Патлумачу, чаму. Як паказвае практыка, большасць аўтараў, якія пачалі публікавацца ў 1980—90-я гады, скончылі філалагічны факультэт ці атрымалі гуманітарную адукацыю, што было немалаважным аргументам у іх падрыхтаванасці да ўласнай творчасці, у з’яўленні навыку прафесійна ацэньваць свае і чужыя творы, вызначаць іх месца ў літаратурным працэсе. Інтэлектуалізацыя літаратуры — даўні працэс, пра яго гаварылі ў сваіх даследаваннях А. Лойка, Р. Семашкевіч, В. Бечык і іншыя даследчыкі яшчэ ў 1970-я гады. І гэты працэс набыў новыя формы і віды ў літаратуры. Аднак працэс інтэлектуалізацыі ў літаратуры выліўся ў яшчэ адну тэндэнцыю: пісьменнікі-інтэлектуалы не маюць патрэбы ў крытычнай ацэнцы іх творчасці, часта самі выступаюць у абарону ўласных твораў і адбіваюць нападкі з боку «заўзятых» знаўцаў. Нават рэцэнзіі часта піша не даследчык літаратуры, а калега сярод літаратараў ці аўтар сам на сябе. Наяўнасць уласных старонак на розных сайтах у інтэрнэце дазваляе аўтару быць «анлайн», мабільным, аператыўна рэагаваць на водгукі чытача. На гэтых жа старонках аўтары дэманструюць не толькі ўласныя творы, але і прадстаўляюць праграмы творчасці, разважаюць пра шляхі развіцця літаратуры, даюць ацэнку бягучаму літаратурнаму працэсу і асобным яго прадстаўнікам і г. д. Гэта значыць, у асобе пісьменніка сумяшчаюцца дзве ролі — аўтара-стваральніка і крытыка-інтэрпрэтатара, і падобная інтэграцыя дзвюх розных роляў дазваляе яму стаць і вытворцам, і актыўным прапагандыстам уласнай творчасці, прычым на прафесійным узроўні.
На праблему ўзаемаадносін аўтар — крытык варта паглядзець і з такога ракурсу: ці гатовы сучасныя аўтары ўспрыняць розныя ацэнкі іх творчасці, пры няць іншыя думкі калі не з павагай, то хаця б без прыніжэння асобы, якая выказалася, і неабавязко ва крытычна? (Не абагульняю, гавару пра найбольш агрэсіўных і катэгарычных аўтараў.) Адстойваючы еўрапейскі ўзровень сваёй паэзіі, ці паводзяць сябе як еўрапейцы, уступаючы ў дыскусіі і дыялогі? Ці могуць яны дазволіць чытачу сказаць: «Мне ваш твор не спадабаўся, таму што…»? Усё выслухоўван не спыняецца на месцы «не спадабаўся…», а «таму што…» — гэта ўжо лішняя інфармацыя. Адстойваючы ўласныя свабоды ў творчасці, зноў жа не ўсе, але многія і маладыя, і прызнаныя аўтары не лічацца са свабодамі чытачоў. Чытач, як і аўтар, мае права любіць тую літаратуру, у той форме і з тымі зместамі і сэнсамі, якія яму асабіста нешта даюць, у ім штосьці ўскалыхваюць, яго ўзбагачаюць ці, наадварот, у ім многае адмаўляюць і яго ж густы аспрэчваюць. Кожнаму чытачу — свая цукерка-твор: аднаму — загорнутая ў форму верлібра, другому — у рыфмаваную форму... Спрэчкі аб перавагах аднаго ці другога смаку я лічу бессэнсоўнымі.
Што чытач?
Ці павінен чытач выказвацца толькі станоўча? Пра кампліментарную крытыку сказана ўжо нямала, яе роля зводзіцца да ўхвалення аўтара і рэкламы яго твораў як адкрыццяў у літаратуры — і ніяк інакш. Мне падаецца, што любое выказванне крытычнага характару пісьмен нікамі ўспрымаецца як інфармацыйная нагода падыску таваць, яшчэ раз прадэманстраваць свае аўтарскія пазі цыі, ну і як без гэтага — заявіць аб уласнай перавазе над дыскутантам, што «дробна плавае». І, безумоўна, любы інфармацыйны бум вакол асобы пісьменніка альбо яго твораў — усяго толькі чарговая сітуацыя ў пашырэнні папулярнасці, у выхадзе на большую аўдыторыю. Ці чакае сучасны аўтар крытыкі, якой нібы ўсім і паўсюль не хапае… не ў тым, прасавецкім варыянце, а ў форме свабоднага выказвання чытача-крытыка на набалелыя тэмы, ды проста ў форме адкрытага, дыскусійнага вод гуку на прачытанае? Хутчэй, яму патрэбны толькі хва лебныя оды. «Неадукаваны, нічога не чытаеш і нічога не разумееш у тонкай матэрыі мастацкага слова, кара цей — дурны ты сам», — нярэдкі адказ нашых аўтараў на крытычныя заўвагі ці выказаныя думкі адносна роз ных літаратурных пытанняў.
Аднак сітуацыя ў літаратуры можа і павінна быць ін шай... Я ў гэта веру.
Святлана КАЛЯДКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura