На Гродзеншчыне і Магілёўшчыне распачнецца цеплавая мадэрнізацыя дамоў. Кожнай з абласцей у межах рэалізацыі праекту аб пашырэнні ўстойлівага энергакарыстання Сусветны банк разам з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам выдзяляе на гэтыя мэты па 30 мільёнаў долараў. Праект распачнецца сёлета 27 сакавіка і працягнецца да 30 красавіка 2025 года.
Па чарзе і жаданні
Удзельнічаць у праграме могуць дамы, што знаходзяцца ў чарзе на капрамонт на гэты год і наступныя. Аднак калі жылля няма ў чарзе, а жыхары на сходзе вырашаюць, што хочуць паўдзельнічаць, то гэтая просьба можа быць разгледжана мясцовым выканкамам. Тое ж датычыцца і дамоў таварыстваў уласнікаў.
— Першапачаткова законам прадугледжана, што ініцыятарамі рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў могуць быць як мясцовыя органы ўлады, так і сумесныя домаўладанні незалежна ад формы кіравання. Аднак у першую чаргу мы пакуль гаворым пра ініцыятыву ўлад. Яны павінны прагледзець спісы дамоў на капрамонт, — тлумачыць Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ. — Уласнікі таксама могуць прыйсці як ініцыятары і выказаць уладам жаданне далучыцца да праекта энергамадэрнізацыі, пацвердзіўшы яго згодай большай часткі жыхароў.
Пілотнай і выпрабавальнай пляцоўкай стаў Слонім. Тут мадэрнізуюць старую газавую кацельную, перакладуць цеплатрасу, усталююць індывідуальныя цеплапункты ва ўсіх дамах.
— Мы хочам распрацаваць камунікацыйную праграму ўзаемадзеяння з уласнікамі, пратэсціраваць яе, навучыць усіх удзельнікаў праекта: жыхароў, праекціроўшчыкаў, камунальнікаў. У канцы вясны, думаю, зробім спецыяльныя дапаможнікі, каб кожны ўдзельнік праекта меў поўную інфармацыю, сабраную ў адным месцы. Пасля яе можна будзе адаптавана выкарыстоўваць па ўсёй краіне. Мяркуем стварыць і невялікія брашуры, каб людзі ўжо пачыналі абдумваць і ўспрымаць інфармацыю. Будзем таксама праводзіць семінары, — абяцае Ірына ВАЙЦЯХОВІЧ, спецыяліст па энергетыцы (Група Сусветнага банку). — Разлічваем на комплексную мадэрнізацыю па праекце Б, якая эканоміла б да 40 % энергіі. Калі ўласнікам гэта будзе дорага, то возьмем варыянт А, дзе эканомія да 15 %.
Дамаўленне і шчырасць
Дэвіз энергаэфектыўнага праекта — «Цяпло ў хату за меншую плату». Беларусы, дарэчы, самі выбралі яго эмблему — барсука, які, па словах спецыяліста, сімвалізуе тыповага беларуса. Ён не вельмі даверлівы, любіць быць у доме, перадае яго нашчадкам.
— Механізм рэалізацыі нашага праекта новы, ён шырока нідзе не практыкаваўся, таму домаўладанням неабходны навыкі супрацоўніцтва і калектыўнага абмеркавання, — лічыць Ірына Вайцяховіч. — Вельмі важна знаёміць грамадзян з тым, што наш праект добраахвотны. Неабходна на сходах раздаваць людзям памяткі з самымі актуальнымі пытаннямі жыхароў і максімальна поўнымі, дакладнымі адказамі на іх. У тое, што праект атрымаецца, павінны перш за ўсё паверыць заказчыкі — ЖКГ. У Слоніме камунальнікі вераць, што ўсё атрымаецца. Тут правялі ўжо сем сходаў. Папярэдне ўсе жыхары пагадзіліся на мадэрнізацыю.
Ірына Сідарок
Фота Таццяны Ткачовай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/ceplavaya-madernizacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/barsuk