Як толькі ў нас з'яўляюцца лішнія грошы, узнікае пытанне, куды іх ўкласці, каб яны не згубіліся, а лепш — прынеслі нейкі дадатковы прыбытак. У фінансістаў наконт гэтага прапаноў хапае. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі змяняюцца. Аналітыкі ўпэўненыя, што грошы павінны працаваць нават тады, калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя, — зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць — тут кожны выбірае свой алгарытм.
Самае галоўнае, што ўплывае на фінансавую стабільнасць нашага рынку — гэта змяненне стаўкі рэфінансавання ў бок зніжэння. Летась яна працягвала паніжацца і два разы скарачалася на 0,5 % гадавых. У лістападзе спынілася на адзнацы 9 % гадавых.
Характэрна, што стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях тэрмінам да 35 дзён засталіся тыя ж, што і ў пачатку мінулага года. Практычна ва ўсіх банках стаўкі па такіх дэпазітах засталіся на тым жа ўзроўні, што і стаўка рэфінансавання Нацбанка. Варта таксама адзначыць, што на працягу года некаторыя банкі вырашылі выключыць з дэпазітных лінеек уклады на месяц. Як альтэрнатыва былі прапанаваны стаўкі на два месяцы або на паўтара.
Найбольш выгадна размяшчаць дэпазіты на год у нацыянальнай валюце было ў маі — ліпені. Тады стаўкі па такіх укладах на год былі максімальна высокія — 12,98 % гадавых. У ліпені стаўкі пачалі зніжацца і дасягнулі лічбы 12,7 % гадавых у лістападзе. Зараз максімальная гадавая даходнасць рубля яшчэ ўпала — у першыя дні новага года яна была роўная 12,51 %.А сярэдняя стаўка ўсіх банкаў па доўгіх рублёвых дэпазітах склала 12,1 %.
Што датычыцца ўкладаў тэрмінам на два і на тры гады, то тут дынаміка больш нагадвае бег па крузе. Калі ў пачатку года стаўка па супердоўгіх грошах складала 12,5 % гадавых, у чэрвені — ліпені павялічылася да 13,5 %, то ў снежні абвалілася да 12 % гадавых. У пачатку студзеня каціроўка такіх ставак застаецца без змен.
Пасля таго як на доўгатэрміновай перспектыве стала мацнець валюта нашай найбліжэйшай суседкі, у сегменце ўкладаў у замежнай валюце найбольшай актыўнасцю можа пахваліцца расійскі рубель. Летась шматлікія беларускія банкі, якія не працавалі з укладамі ў расійскіх рублях, вырашылі стварыць такія прадукты. На працягу года стаўка па розных укладах вагалася ў раёне 6,5 — 7,5 % гадавых. Пры гэтым да канца мінулага года ўкладаў са стаўкай вышэй за 7 % гадавых практычна не засталося. Тым не менш стаўкі па доўгіх дэпазітах у гэтай валюце тэрмінам на два гады не змяніліся.
Што датычыцца доларавага сегмента, то летась практычна кожны месяц знаходзіліся банкі, якія зніжалі стаўкі. Самая высокая стаўка па гадавым дэпазіце у 2019-м была зафіксаваная ў лютым — красавіку — ад 3 да 3,2 % гадавых. Цяпер па ўкладах на тэрмін да года доларавая даходнасць спынілася на 1,8—2 % гадавых. На доўгую дыстанцыю долар на працягу года спрацаваў не лепш: ад 3,5 % гадавых у пачатку года да 2,5 % — у канцы. І гэта самыя выгадныя варыянты па дэпазітах на два і тры гады.
У сегменце еўра стаўкі практычна не мяняліся. Самая выгадная стаўка на пачатак года — 2,2 % гадавых, на канец года — 1,8 % гадавых. Нядрэнная гісторыя і з укладамі на два і тры гады. За год па ўкладах на два гады еўра страціў 0,2 % гадавых па самай выгаднай стаўцы, а па ўкладах на тры гады — 0,5 % гадавых.
Зрэшты, эксперты рэкамендуюць «не захоўваць усе яйкі ў адным кошыку», таму калі вы — шчаслівы ўладальнік вялікіх зберажэнняў, дыверсіфікуйце свае рызыкі і выбірайце розныя інструменты і розныя банкаўскія ўклады. А для большай бяспекі лепш загадзя прадбачыць, колькі ж будуць каштаваць долар і еўра праз год.
Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб прагназуе, што інфляцыя, хутчэй за ўсё, будзе расці на прагнозных узроўнях, гэта значыць на 5 % за 2020 год. На столькі ж можа вырасці і валютны кошык. І калі выказаць здагадку, што курс замежных валют на замежных рынках, гэта значыць еўра да долара, долара да расійскага рубля, моцна не зменіцца, то ў гэтым выпадку рост кошыка на 5 % будзе азначаць рост кожнай валюты на 5 %. У выніку долар можа вырасці да канца года да 2,21 беларускага рубля, еўра — да 2,47 беларускага рубля, а расійскі рубель можа падаражэць да 3,57 беларускага рубля за 100 расійскіх.
Мы ўдакладнілі, што за мінулы год наш рубель умацаваўся да долара на 2,6 %. Гэта значыць, што стабільнасць «амерыканца» моцна перабольшаная, ці што ён першапачаткова быў пераацэнены? Не так важна, хоць... Галоўнае, што тыя беларусы, хто не пабаяўся пакласці свае кроўныя зберажэнні на год у банк у нацыянальнай валюце, у выніку атрымалі абарону ад падаражання тавараў і паслуг у памеры плюс 7 % (стаўка дэпазіту 12 % мінус 5 % інфляцыі) і значна большы даход у пераліку на долары.
Бо тыя, хто захоўваў грошы ў амерыканскай валюце і атрымліваў даход у сярэднім 2,5 % гадавых, пры зваротнай канвертацыі выходзіць у нуль рублёў меркаванага даходу. Пры такім варыянце захавання зберажэнняў кліент банка не атрымлівае нават абарону ад інфляцыі (2,5 % мінус 5 %), а тут яшчэ патанненне валюты (мінус 2,6 %). Як ні круці, а па выніках года рублёвыя дэпазіты былі выгаднейшыя за валютныя ўклады больш чым на 10 %. Ну што ж, прыклад таго, што выйграе той, хто ставіць на свой родны рубель.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/dolar
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-rubel