zviazda.by
Published on zviazda.by (https://zviazda.by)

Хатняя старонка > У Мінску падвялі вынікі выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці за 2019 год

  • 14.01.2020 00:02
    • Аўтар:
    • Вікторыя Целяшук [1]
  • Эканоміка [2]

У Мінску падвялі вынікі выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці за 2019-ы і агучылі найбліжэйшыя планы. 76 найменняў кніг агульным тыражом у 85 тысяч асобнікаў выпусціла летась выдавецтва «Мастацкая літаратура», 72 найменні кніг тыражом больш чым у 215 тысяч асобнікаў убачылі свет у «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі», 65 назваў кніг агульным накладам звыш 108 тысяч асобнікаў мае ў актыве выдавецтва «Беларусь», 95 найменняў кніг і аўдыякніг сукупным тыражом амаль у 546 тысяч асобнікаў выпусціла выдавецтва «Вышэйшая школа».


Фота: wallhere.com

Кніжнікі адзначаюць традыцыйна высокую цікавасць чытачоў да беларускай класікі. Напрыклад, у серыі «Напісанае застаецца», заснаванай летась выдавецтвам «Мастацкая літаратура», выйшлі дзве кнігі — зборнік аповесцяў Васіля Быкава і трылогія Якуба Коласа «На ростанях», і на сёння іх ужо амаль няма ў крамах. Запатрабаваны і максімальна поўны збор твораў Уладзіміра Караткевіча, куды ўпершыню асобнай кнігай уключаны яго малюнкі, шаржы і аўтапартрэты, творы, якія не друкаваліся пры жыцці, а таксама два тамы перапіскі, у якой мноства цікавых гісторый, дагэтуль наогул не вядомых шырокай публіцы. Апошнія тамы збору выйдуць якраз сёлета, да 90-годдзя пісьменніка. Таксама выдавецтва, як расказвае яго кіраўнік Алесь Бадак, працягне выпускаць 10-томны поўны збор твораў Янкі Брыля, «Дзіцячы атлас Беларусі», які стаў летась адной з найбольш папулярных беларускіх кніг і вырас у цэлую серыю, серыю «100 пытанняў пра Беларусь» для юных эрудытаў і г. д.

Сярод знакавых праектаў «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» — энцыклапедыя, прысвечаная 1000-годдзю Брэста. Яе першы тыраж, гаворыць дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна, разляцеўся літаральна за некалькі дзён, таму сёлета ўбачыць свет дапоўненае і дапрацаванае перавыданне. Убачыць і пагартаць яго, як і багата ілюстраваныя «Энцыклапедыю народнага майстра», «Беларускую дзіцячую энцыклапедыю» і дзясяткі іншых свежых кніжак выдавецтва, дарэчы, можна будзе на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, што пройдзе 5—9 лютага.

Да гэтага маштабнага форуму рыхтуюць прэзентацыі навінак і іншыя айчынныя кніжнікі. Напрыклад, анансуе дырэктар выдавецтва «Вышэйшая школа» Аляксандр Нячай, на выстаўцы можна будзе паслухаць аўдыякнігі паводле Караткевіча. А яшчэ — убачыць новенькія школьныя падручнікі для старшых класаў — з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці і электроннымі дадаткамі для паглыбленага ўзроўню вывучэння прадметаў, першыя кнігі серыі «Тусоўка.by» для падлеткаў і «Шафа» для зусім юных чытачоў (гэтыя серыі прадставіць «Народная асвета»), пазнаёміцца з вучэбнай і мастацкай літаратурай, надрукаванай шрыфтам Брайля — яе беларусы выпускаюць нават больш, чым у суседняй Расіі...

«Кнігавыданне ў нас развіваецца на высокім узроўні, і пераканацца ў гэтым можа кожны наведвальнік Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу», — запэўнівае кансультант упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Людміла Быкава. Нагадаем, у межах выстаўкі, цэнтральны стэнд якой сёлета зоймуць прадстаўнікі ЗША, адбудзецца таксама міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», на які запрошаны літаратары з 29 краін свету.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Класіка заўжды ў цане

Тэгі:
  • выдавецтва [3]
  • паліграфія [4]
Падзяліцца:
Нашы партнёры:
Publishing House Star
Падпіска
© 1998—2022 Усе правы належаць рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Пры выкарыстанні публікацый сайта актыўная гіперспасылка на крыніцу і аўтара абавязкова.
  • Газета "Звязда"
  • Рэклама
  • Праекты
  • Архіў
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • У свеце
  • Культура
  • Калейдаскоп
  • Спорт
  • Нашы выданні
  • Кнігі
Яндекс.Метрика (function(m,e,t,r,i,k,a){m[i]=m[i]||function(){(m[i].a=m[i].a||[]).push(arguments)}; m[i].l=1*new Date();k=e.createElement(t),a=e.getElementsByTagName(t)[0],k.async=1,k.src=r,a.parentNode.insertBefore(k,a)}) (window, document, "script", "https://mc.yandex.ru/metrika/tag.js", "ym"); ym(37842935, "init", { clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true });
Создание информационного сайта Создание сайта webxayc.by
Обслуживание в
weba.

Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/vydavectva
[4] https://zviazda.by/be/tags/paligrafiya