Каля аграгарадка Парахонск Пінскага раёна пры расчыстцы зараснікаў каля чыгуначнага насыпу работнік заўважыў у зямлі прадмет, падобны на снарад.
Прыбыўшыя сапёры вайсковай часці 7404 Унутраных войск вынялі з зямлі нямецкую мінамётную міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. Выказаўшы здагадку, што побач могуць быць і іншыя боепрыпасы, выбухатэхнікі з дапамогай металашукальнікаў абследавалі прылеглую тэрыторыю па абодва бакі чыгуначнага палатна. І, як аказалася, не дарэмна.
На паверхню вайскоўцы дасталі 49 артылерыйскіх снарадаў калібрам 45 і 75 міліметраў, 35 мінамётных мін калібрам ад 50 да 120 міліметраў, 12 ручных гранат, а таксама ўзрывальнікі і запалы. Знойдзены арсенал знішчылі на падрыўной пляцоўцы.
На наступны дзень сапёрна-піратэхнічная група выняла на паверхню яшчэ больш за 165 розных боепрыпасаў.
Як паведамляе прэс-служба Унутраных войск, пошукавыя работы ўздоўж чыгункі паблізу аграгарадка Парахонск працягваюцца.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/parahonsk
[2] https://zviazda.by/be/tags/pinski-rayon
[3] https://zviazda.by/be/tags/snarad