Суд Маскоўскага раёна Брэста сёння абвясціў прыгавор у дачыненні да 29-гадовага жыхара Кобрынскага раёна, які абвінавачваецца ў выкраданні сваёй былой дзяўчыны, перадае [1] БелТА.
Малады чалавек тры з паловай гады сустракаўся з аднавяскоўкай, якая малодшай яго на восем гадоў. У лютым 2019 года яны рассталіся. Хлопец прасіў аднавіць адносіны, але дзяўчына адмаўлялася. Раніцай 30 верасня на аўтамабілі ён пад'ехаў да адной з шматпавярховак у Брэсце, дзе да таго моманту жыла пацярпелая, і стаў яе чакаць. Калі яна выйшла з пад'езду, запіхаў у багажнік і паспрабаваў уцячы. Шлях яму заступіў дворнік, але кіроўца працягваў рух, і мужчына вымушаны быў адысці ў бок. Праз час дзяўчыне ўдалося выбрацца з багажніка, аднак выкрадальнік яе дагнаў і двойчы ўдарыў бітай па галаве. Знайшоўшы момант, пацярпелая выбегла на дарогу і змагла схавацца ў кабіне трактара, што праязджаў міма. Міліцыянты, якія прыбылі на месца, затрымалі хлопца.
Следствам яму было прад'яўлена абвінавачванне ў выкраданні чалавека (п.7 ч.2 арт.182 КК), наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання (п.2 ч.2 арт.147 КК) і гвалце ў дачыненні да асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (ч. 1 арт.366 КК). Вінаватасць фігуранта цалкам даказаная паказаннямі сведак (яны бачылі момант выкрадання, як дзяўчына ўцякала), атрыманымі дзяўчынай траўмамі, запісамі з камер відэаназірання, якія пацвярджаюць падрыхтоўку маладога чалавека да злачынства. У той момант ён быў у розуме і ўсведамляў характар сваіх дзеянняў. Пацярпелая доўга лячылася і да гэтага часу знаходзіцца ў шокавым стане.
Суд прызнаў фігуранта вінаватым па ўсіх прад'яўленых артыкулах. Па сукупнасці злачынстваў ён прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 150 базавых велічынь у суме Br4050.
"Ад дачы паказанняў абвінавачаны адмовіўся. З паказанняў яго сястры, пацярпелай, яе бацькоў падчас допыту вынікае, што такі ўчынак ён здзейсніў з рэўнасці, паколькі да пацярпелай дзяўчыне адчуваў моцную прыхільнасць. У сваім апошнім слове быў кароткі, але эмацыйны", - ахарактарызаваў паводзіны фігуранта ў судзе памочнік пракурора Брэста Аляксандр Бацюшка. Дзяржаўны абвінаваўца дадаў, што пацярпелая давала паслядоўныя, несупярэчныя паказанні, падстаў для абгавору хлопца ў яе не было, як і канфліктаў з ім. Сведкамі ў гэтай рэзананснай справе праходзілі больш за 10 чалавек.
Прысуд не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.
Прэв'ю: kubnews.ru
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/obvinjaemyj-v-pohischenii-devushki-v-breste-prigovoren-k-11-godam-kolonii-375868-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/prysud
[3] https://zviazda.by/be/tags/abvinavachany
[4] https://zviazda.by/be/tags/vykradanne