15 студзеня 2020 г. адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лаціфам Гандзілавым, паведамілі [1]на сайце МЗС.
Падчас сустрэчы абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў эканамічнай сферы.
Падрабязнасці праведзенай размовы не раскрываюцца, аднак варта адзначыць, што напярэдадні тэма ўзаемадзеяння з Азербайджанам гучала ў плане прапрацоўкі альтэрнатыўных паставак нафты, піша [2] БелТА.
Урад працягвае адпрацоўваць схему альтэрнатыўных паставак нафты, вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты. Першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой распавёў журналістам: "Мы разаслалі адпаведныя камерцыйныя прапановы. Усе камерцыйныя службы нашых заводаў, Беларускай нафтавай кампаніі знаходзяцца на перамовах практычна ў штодзённым рэжыме. Думаю, тут мы таксама хутка атрымаем альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты. Усе магчымыя краіны: і Украіна, і Польшча, і краіны Балтыі, і Казахстан, Азербайджан". Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя аб гатоўнасці Азербайджана пастаўляць нафту ў Беларусь, і гэтае пытанне абмяркоўвалася, але канкрэтныя рашэнні пакуль адсутнічаюць.
Раней у гутарцы з карэспандэнтам БелТА пасол Азербайджана таксама заяўляў пра гатоўнасць дапамагчы Беларусі ў выпадку яе звароту па пытанні паставак нафты. Разам з тым неабходна ўлічваць складанасць транспарціроўкі нафты з Азербайджана ў Беларусь і шукаць найбольш аптымальныя спосабы, якія не прывядуць да моцнага падаражэння энергарэсурсаў.
Спасылкі
[1] http://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/cdc2ae41b0847d40.html
[2] https://www.belta.by/economics/view/makej-obsudil-s-poslom-azerbajdzhana-sotrudnichestvo-v-ekonomike-375972-2020/
[3] https://zviazda.by/be/tags/azerbaydzhan
[4] https://zviazda.by/be/tags/nafta