— Я загадчыца адной з кругласутачных сталічных аптэк «Белфармацыі», таму даводзіцца вырашаць пытанні ледзьве не 365 дзён у год, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз расказвае правізар Віялета ЕРМАЛОВІЧ. — Сюды па размеркаванні прыйшла летась. Сама родам з Беразіна, скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «фармацыя». Навучальная ўстанова была абрана мною свядома, бо я з дзяцінства марыла толькі аб медыцыне. Таму ў ВНУ лёгка атрымлівалася сумяшчаць вучобу, навуковую і творчую дзейнасць, — дзеліцца суразмоўніца.
Падчас вучобы Віялета часта была вядучай розных мерапрыемстваў.
Пачаткак любові да медыцыны ў Віялеты звязаны з сумнай гісторыяй, якая адбылася з яе бабуляй...
— Калі мне было паўтара года, яна памерла ад анкалогіі. У маіх дзіцячых уяўленнях я была абавязана ў будучыні знайсці лекі ад раку. Калі стала дарослая, перакананні не зніклі. Спадзяюся, мне пашчасціць апынуцца ў якасці спецыяліста ў кантрольна-аналітычнай або выпрабавальнай лабараторыі і зрабіць важнае адкрыццё для многіх людзей. Яшчэ адзін успамін з тых часоў — заўсёды прасіла бацькоў купіць мне дзіцячыя наборы доктара, а таксама гумавыя мячыкі. Тата і мама здзіўляліся, чаму яны так хутка знікаюць, а я сціпла маўчала, бо «лячыла» іх ад розных хвароб пластмасавым шпрыцам, ад чаго яны здзьмуваліся. Іншыя цацкі атрымлівалі ад мяне такую ж «тэрапію».
Цяпер, будуючы кар'еру, наш правізар дакладна адчувае сябе на сваім месцы. Дзяўчына адзначае, што ў яе рабоце галоўнае — гэта адказнасць, кампетэнтнасць і любоў да людзей. Самае прыемнае для маладога спецыяліста — бачыць удзячнасць у вачах наведвальнікаў, якім змагла дапамагчы...
— Бываюць цікавыя выпадкі. Часта прыходзяць са словамі: «Я не памятаю назву таблетак, што мне патрэбныя, але яны блакітненькія». А яшчэ часам прыязджаюць па лекі, якія параілі купіць... сябры або суседзі. Пытанне запісу на прыём да ўрача ў наведвальнікаў нават і не ўзнікае, бо, маўляў, знаёмыя ведаюць лепей. Але так ставіцца да свайго арганізма нельга, бо пасля прыёму самастойна прызначаных медыкаментаў могуць быць непрыемныя наступствы, — працягвае суразмоўніца.
У жыцці Віялета актывістка і выдатніца: вучылася ў школе мастацтваў, скончыла клас па фартэпіяна, сальфеджыа, танцавала ў балеце, хадзіла на тэатральныя курсы, наведвала розныя іншыя гурткі і секцыі.
У студэнцкія гады дзяўчына была камандзірам валанцёрскага атрада, супрацоўнічала з паліятыўнымі цэнтрамі. Таксама публікавала навуковыя работы ў ВНУ, праводзіла канцэрты і конкурсы, была карэспандэнтам універсітэцкай газеты. Ды і цяпер наша гераіня не спыняецца ў самаразвіцці, займаецца шматлікімі праектамі. З апошніх — удзел у гарадскім конкурсе «Найлепшы малады спецыяліст года — 2019», дзе яна заняла другое месца ў намінацыі «Найлепшы малады спецыяліст установы аховы здароўя», а таксама ў рэспубліканскім «Валанцёр года — 2019».
Гераіня расказала, што падчас удзелу ў іх ніколькі не хвалявалася.
— А навошта? Усе, хто адпраўляе заяўкі на такія конкурсы, ведаюць уласныя магчымасці і тое, што хочуць сказаць сваім выступленнем. Дабрачыннасцю займаюся, колькі сябе памятаю. Такую пазіцыю абрала ўся мая сям'я. З дзяцінства бачыла жаданне дапамагчы, спачуванне з боку родных да іншых людзей і жывёл. Валанцёрства ахоплівае розныя кірункі. Гэта і наведванне дзіцячых дамоў, і ўдзел у розных мерапрымствах: дабрачынных канцэртах (Віялета дагэтуль штогод з'яўляецца вядучай аднаго з такіх ва ўніверсітэце), выстаўках і многім іншым, што прыносіць карысць тым, хто мае патрэбу. Спадзяюся, што мае самыя знакавыя падзеі ў валанцёрскай дзейнасці яшчэ наперадзе, — зазначыла дзяўчына.
— Калі пісалі навуковыя работы ў медуніверсітэце, якія тэмы вас хвалявалі больш за ўсё?
— Іх так многа, што згадваць давядзецца доўга. Самая дарагая майму сэрцу закранала развіццё хоспісаў у краіне. Калі збірала звесткі, размаўляла з рознымі людзьмі і разумела, што многія не ведаюць, што такое паліятыўная медыцына. Лічу, так быць не павінна, таму не пакінула задуму толькі на паперы, а ператварыла яе ў сацыяльны праект. На базе спецыялізаванага дома дзіцяці працуе паліятыўны цэнтр у Віцебску. Ужо шэсць гадоў там дзейнічае акцыя «Заўсёды выратавальнае дабро», якую я заснавала.
Віялета — доўгачаканае дзіця для сваіх бацькоў. Мама, педагог з трыццацігадовым стажам, выхоўвала дзяўчыну ў строгасці, аднак не павышаючы голас, а размаўляючы на роўных. Тата, больш мяккі чалавек, песціў любімую дачушку, але заўсёды паўтараў, што толькі яна сама нясе адказнасць за свае рашэнні.
— Родныя ці сябры крыўдзіліся за тое, што вы вельмі шмат часу праводзіце на рабоце?
— Яны заўсёды мяне падтрымліваюць, бо разумеюць, што сапраўды амаль не бываю вольная. Я вельмі камунікабельны чалавек, аднак цаню свой асабісты час, якім распараджаюся рацыянальна. Не хаджу на свецкія мерапрыемствы, на якія мяне перыядычна запрашаюць, не сустракаюся з сябрамі ў кавярні. Удалае планаванне — гэта тое, што дапамагае мне дасягаць сваіх мэт. Абраную прафесію вельмі люблю. і лічу, што гэта ўзаемна!
Ад Віялеты дазналіся, што яе хобі — напісанне вершаў, заняткі жывапісам, роспіс тканін, захапленне псіхалогіяй і гістарычнымі раманамі... Спіс можна працягваць доўга! З апошняга — навучанне ў расійскім філіяле «Федэральнай школы радыё», якое дзяўчына распачала паўгода таму.
— Калі ўсё бяжыць у такім рытме, і ты бяжыш. Упэўнена, што чым менш вольнага часу, тым больш ты паспяваеш, — лічыць дзяўчына.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-na-marshy