Васіль Адамавіч у любімай прафесіі ўжо больш за 30 гадоў, у мінулым ён паспяховы спартсмен, а цяпер трэнер, да якога мараць трапіць маладыя зорачкі беларускага спорту. Ён згаджаецца на інтэрв'ю, але пры сустрэчы прызнаецца, што не прывык да ўвагі журналістаў і заўсёды спрабуе пазбегнуць публічнасці. Усё ж такі слава часцей дастаецца спартсменам, а трэнеры адказваюць за памылкі сваіх падапечных. Але тут — нагода! Атрымаць падзяку за працу ад Прэзідэнта краіны ў выглядзе галоўнай спартыўнай прэміі выпадае не кожны дзень і нават год. Дзякаваць Васілю Гулевічу несумненна ёсць за што. Свой першы набор дзяцей ён узяў, калі самому было толькі 23 гады, і ў першай жа групе адшукаў чэмпіёнку, а дакладней, выхаваў, выгадаваў і давёў да п'едэстала. Яго выхаванка Жанна Шубянок у 1996 годзе стала чэмпіёнкай свету, а пазней і чатырохразовай чэмпіёнкай Еўропы, удзельніцай Алімпійскіх гульняў. Пасля гэтага Васіль Адамавіч зноў вярнуўся да дзяцей і зноў адшукаў і выгадаваў зорку: у 2019 годзе яго вучаніца Вольга Сілкіна здзейсніла сапраўдны фурор на чэмпіянаце свету ў Венгрыі і акрамя «золата» заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні ў Токіа. Пра тое, як знайсці агульную мову з няпростымі спартсменамі, не застаяцца ў прафесіі і, нягледзячы на невялікі заробак, выбраць любімую справу, Васіль Гулевіч расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».
— Васіль Адамавіч, як вы даведаліся пра тое, што сталі лаўрэатам прэміі «Беларускі спартыўны Алімп»?
— Спачатку мне патэлефанавалі ад кіраўніцтва Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, потым з Міністэрства спорту і турызму і афіцыйна паведамілі гэтую навіну за два дні да ўзнагароджання. У той момант я не адчуў асаблівых эмоцый, таму што кожны год мы атрымліваем нейкія прэміі, дыпломы, граматы. Але калі расказалі, як будзе праходзіць уручэнне ўзнагарод, зразумеў, што мерапрыемства чакаецца маштабнае, трэба адпавядаць, таму пабег купляць касцюм. Вядома, прыемна, што Прэзідэнт ацаніў маю працу, звярнуў увагу не толькі на мяне, але і на наш від спорту. Гэтая ўзнагарода не толькі мая, бо за ёй стаяць намаганні многіх, яе б не было без астатніх трэнераў, з якімі я працую ў Гомелі, і, вядома ж, без спартсменаў, якія аддаюцца сваёй справе і паказваюць высокія вынікі.
— Як прайшла ваша сустрэча з Прэзідэнтам?
— Хвалююча. Ён павіншаваў мяне, пажадаў шмат усяго добрага і падзякаваў за працу.
— Ваша трэнерская кар'ера пачалася нязвыкла рана...
— Так, я быў яшчэ вельмі малады. Мае былыя трэнеры Юрый Сяргеевіч Мурамцаў і Віталь Аляксандравіч Грудцын нейкім чынам адчулі, што з мяне можа атрымацца нядрэнны настаўнік, і ў 23 гады ўжо пачалі рыхтаваць да трэнерскай работы. Я быў катэгарычна супраць, лічыў, што яшчэ магу паказаць нешта ў спорце, але яны ўсё ж такі мяне вымусілі, а цяпер я ім за гэта вельмі ўдзячны. Пачаў працаваць у Гомелі, і першы ж мой набор атрымаўся вельмі ўдалы, з яго вырасла чэмпіёнка свету Жанна Шубянок. Цяпер нас у Гомелі засталося не так шмат, чатыры асноўныя трэнеры і некалькі памочнікаў, але калектыў вельмі дружны, на работу проста цягне. Тое, што я раблю, нават складана назваць работай, а гэта вельмі важна ў жыцці.
— Ёсць думка, што паспяховымі трэнерамі становяцца менавіта не да канца самарэалізаваныя спартсмены.
— Як правіла, так і бывае. Калі спартсмен імкнуўся да чагосьці, але ў яго не атрымалася, у будучыні ён хоча рэалізаваць гэта ў сваіх вучнях. І звычайна ў такіх людзей значна больш атрымліваецца. А ў славутых спартсменаў лепш атрымліваецца працаваць адразу з дарослымі, перадаваць ім свой свежы вопыт. Я ж пачынаю трэнерскую работу з самых
маленькіх дзетак і гадую іх да дарослых спартсменаў.
— У дзіцяці можна разглядзець здольнасць дамагчыся поспехаў?
— Па маленькіх дзецях гэта сказаць цяжка, але некаторыя моманты відаць, асабліва на плаванні. У нашым відзе спорту выніку дасягаюць не таленавітыя, а працавітыя і ўпартыя. Не трэба нарадзіцца ў Афрыцы, каб хутка бегаць, ці Фэлпсам, каб добра плаваць, у нас галоўнае — працавітасць, а ў дзяцінстве гэтага асабліва не зразумець. Я ў кожным працавітым спартсмене бачу таленавітага, у пяцібор'і калі адзін нейкі від не такі моцны, то можна «дагнаць» яго іншым.
— Цяпер вам больш падабаецца працаваць з дзецьмі або з дарослымі?
— І тая, і тая работа вельмі цікавая. Маленькія глядзяць на цябе, разявіўшы рот, слухаюць, імкнуцца, гэта вельмі падбадзёрвае. З дарослымі іншая справа.
— Таленавітыя людзі, у тым ліку спартсмены, часта маюць няпросты характар, як з імі спраўляцца?
— Толькі гутаркай. Сапраўды, яны вылучаюцца сярод іншых, у большасці асаблівы характар. Падладжвацца павінны і трэнер пад вучня, і вучань пад трэнера, неабходна ісці на ўступкі з абодвух бакоў. У мяне ніколі не было асаблівых канфліктаў з выхаванцамі, хоць у рабочай атмасферы і здараюцца спрэчкі. Калі спартсмен знаходзіцца пад вялікай нагрузкай, ён больш раздражнёны, я раблю на гэта карэкціроўку, таму часам нібы не заўважаю некаторых момантаў. Яшчэ ў мяне ёсць прынцып: калі я чымсьці не задавальняю, — да пабачэння! У нашай рабоце павінен быць толькі добры настрой і добрыя адносіны.
— У спорце часта кажуць пра чэмпіёнскі характар. Такое паняцце сапраўды існуе?
— Так, хоць цяжка растлумачыць словамі, у чым ён выяўляецца. Гэта відаць на спаборніцтвах, у жыцці тыя рысы цяжка заўважыць. Гэта і зацятасць, і жаданне даказаць, стаць на першае месца, гэта відаць па вачах.
— Хваляванне трэнера і спартсмена адрозніваецца?
— Так, за сваіх вучняў я перажываю значна больш, чым перажываў за сябе, калі быў спартсменам. Я не заўсёды прысутнічаю з імі на спаборніцтвах, таму што разумею: тое, чаго не зрабіў на трэніроўках, ужо не выправіш на турніры. Але калі трэба ехаць, дапамагаць у чымсьці, вядома, езджу. Гэта больш псіхалагічная дапамога — ведаючы іх недакладнасці ў тэхніцы і ў тактыцы, разумею, што трэба сказаць у патрэбны момант, якія ўнесці карэктывы. Вучні мяне слухаюць, таму мне з імі проста.
— Для трэнера складана заслужыць павагу і аўтарытэт?
— З самага ранняга ўзросту, перад тым, як нешта рабіць, я ім тлумачу, для чаго гэта і навошта, чаму менавіта ў гэты перыяд, а не проста тупа даю практыкаванні. Работа пастаўлена так, што я не трэнірую, а прапаноўваю, спартсмены самі выбіраюць, рабіць штосьці ці не, — калі нешта не задавальняе, могуць не рабіць, але часцей за ўсё яны, вядома, давяраюць і згаджаюцца.
— Што вы адчуваеце, калі вучні дамагаюцца поспехаў?
— Звычайна я неяк дзіўна радуюся — звонку, напэўна, гэта нават складана заўважыць, больш радуюся ў душы. І не за сябе, вядома, а за іх, бо спорт — гэта справа маладых, гэта іх будучыня. А што за сябе радавацца? Гэта ж мая работа.
— На ваш погляд, наколькі важную ролю адыгрывае трэнер у станаўленні спартсмена?
— Думаю, працэнтаў на 70, а можа, нават і больш, бо шмат што залежыць як у школе ад першага настаўніка, так і ў нас ад першага трэнера. Гэта аснова, якая ўключае ў сябе як тэхнічныя моманты, так і псіхалагічныя, і выхаваўчыя. Таму я кажу, што вучні — гэта мой твар.
— Вучні звяртаюцца да вас па парады, якія не датычацца спорту?
— Так, і дзеляцца са мной многім. Гэта вельмі прыемна, значыць, давяраюць. Я знаходжуся з імі па восем гадзін у дзень, гэта значна больш, чым са сваімі роднымі дзецьмі, таму гэта нармальна.
— Дарэчы, вашы сыны не пайшлі па слядах бацькі і не абралі спартыўную кар'еру?
— Старэйшы займаўся пяцібор'ем і нават дарос да майстра спорту, хацеў пайсці і далей, але я быў супраць. Спорт — гэта эгаістычная работа для сям'і. Ён паступіў у Акадэмію МУС на эксперта-крыміналіста, цяпер ужо маёр. Малодшы скончыў універсітэт транспарту. Наогул, яны мяне вельмі радуюць, дзякуй жонцы за тое, што сыны выраслі добрымі людзьмі.
— Вы выхавалі ўжо некалькі чэмпіёнаў свету. Калі дамагчыся такіх поспехаў, цікавасць да работы не знікае?
— У мяне яшчэ ёсць мэты і мары, узнагарод хапае, але яшчэ няма, напрыклад, алімпійскага медаля, і я, вядома, мару пра яго. Было шмат крыўдных паражэнняў, калі ўсё нібыта ішло нядрэнна, а потым з-за пісталета або дрэннага каня мае спартсмены займалі самыя крыўдныя месцы — дарэчы, у нас шмат чацвёртых месцаў. Паражэнні гнятуць, пачынаю думаць, дзе дапусціў памылку, успамінаю ўсё, для гэтага вяду свае запісы. Аднак больш памятаюцца ўсё ж такі поспехі, таму і спартсменаў сваіх я прашу думаць толькі пра добрае.
— На ваш погляд, трэнерства — гэта прафесія, якой можна навучыцца, або прызванне?
— Думаю, прафесія, трэнерам можа стаць кожны. Трэба проста любіць сваю работу і разумець, што адразу нічога не бывае, вопыт прыходзіць з часам. Трэба камунікаваць, глядзець, што робяць іншыя, цікавіцца, увесь час нешта шукаць. Калі перастаеш шукаць — гэта канец. Таму што спорт з кожным годам мяняецца. Тыя метады, якія я выкарыстоўваў, калі пачынаў працаваць, сёння ўжо не падыходзяць.
— У наш час маладых трэнераў складана матываваць з-за невялікіх заробкаў. У якіх умовах пачыналі працаваць вы?
— У нас таксама былі невялікія зарплаты, мы мала што маглі сабе дазволіць, але на гэта ёсць родныя, блізкія, бацькі, яны падтрымлівалі. Бацькам не вельмі падабалася тое, чым я займаюся, бацька хацеў, каб я пайшоў па яго слядах, і бачыў ува мне добрага мадэльшчыка (з дрэва па складаных чарцяжах трэба рабіць эскізы мадэлі, па іх на ліцейным заводзе адлівалі абсталяванне для станкоў). Але мне падабалася мая работа, хоць было, вядома, усякае, у тым ліку час, калі я шкадаваў, што яе выбраў. Чалавек стамляецца нават ад любімай справы, але ў мяне ёсць добрае хобі: люблю выехаць у лес у грыбы або на рэчку на рыбалку ці проста пабыць на прыродзе, мяне гэта добра аднаўляе.
— Якую параду вы б далі сёння маладому трэнеру, які яшчэ толькі пачынае свой шлях у гэтай прафесіі?
— Я пажадаў бы цярпення. Калі ёсць цярпенне, ёсць дзеці, пойдуць вынікі і пойдуць фінансавыя надбаўкі.
— Вашы выхаванкі нядаўна заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Як ацэньваеце шанцы беларусак на медалі ў Токіа-2020?
— У нас вельмі моцная каманда, усе могуць змагацца за любую ўзнагароду, усе беларускі на любых турнірах дабіраюцца да фіналаў, а тыя 36 чалавек, якія туды трапляюць, могуць заваяваць медаль, там няма слабых. У хлопцаў становішча цяжэйшае, таму што ў іх канкурэнцыя мацнейшая, хоць і ў дзяўчат яна сёлета значна вырасла.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/kuznya-chempiyonau