...Не сказаць, што Зміцер з Міколам былі сябрамі. Ды і жылі яны зусім не ў суседстве — ад дома да дома (хоць вёска і адна) недзе з паўкіламетра. Але ж лёс часам зводзіў: то дапамагчы адзін аднаму, то параіцца, то штось абмеркаваць.
Гэтым разам, у цёплы летні вечар, мужчыны проста так запыніліся ля Змітравай хаты, пасядзелі на лавачцы, кульнулі па чарцы-другой. Глядзіш — і настрой прыўзняўся: гаспадар дык нават запеў — сваю любімую «По диким степям Забайкалья...». Ён некалі служыў там, а значыць, было што ўзгадаць.
Факт, што Мікола яго песню ўважліва слухаў, спрабаваў падцягваць, а потым успомніў, што можа і падыграць: гармонік мае!
— Пачакай, я мігам... Зараз прынясу! — паабяцаў ён і ледзь не подбегам кінуўся дахаты.
Тут трэба сказаць, што інструмент дастаўся Міколу ў спадчыну. Бацька яго быў знаны гарманіст, а вось сын — не. Ён добра іграў толькі адну мелодыю — да песні «Кацюша».
Вось і цяпер хуценька вярнуўся, прысеў да Міколы на лаўку, расцягнуў мяхі гармоніка і загадаў: «Пачынай!»
Зміцер паслухмяна зацягнуў: «По ди-и-и-ким сте-пям Забайкалья, где з-о-о-ло-о-о-то роют в горах...» Мікола зайграў «Кацюшу». І так «сугучна» ў іх атрымалася, што ўсё наваколле сціхла — гэтак іх слухала!..
Дзядзькам захацелася паўтарыць. Потым яшчэ і яшчэ.
— Артысты, — гаварылі пра іх адны суседзі.
— ...пагарэлага тэатра, — дадавалі другія.
Зміцер з Міколам толькі ўсміхаліся, бо помнілі, як жа хораша тады і пасядзелі, і паспявалі.
Ала Альфер, г. Беразіно
Лёшка ў свае няпоўныя трыццаць паспеў і ажаніцца, і дзяцей нажыць, і развесціся, бо жонка ў яго была, як тая абгортка ад цукеркі — яркая і пустая: ні табе нешта зварыць, ні прыбраць, ні дзяцей дагледзець. Усё трэба самому. І ён цягнуў: калі цвярозы — ніякіх прэтэнзій. А вось калі выпіваў — дах часам зносіла падчыстую: усчынаўся «разбор палётаў»...
Аднойчы — пасля чарговага з іх — яго палавіна вылецела з хаты і «знікла за гарызонтам», пакінуўшы мужу свае няхітрыя нажыткі ды дваіх дзяцей...
Маці-адзіночкам з імі нялёгка, а ўжо пра бацьку і казаць няма чаго! Таму Лёшка быў заклапочаны. Ён шукаў: сабе — жонку, дзецям — матулю, дому — сапраўдную гаспадыню.
Замнога, мусіць, хацеў, бо доўга не знаходзіў нікога, але ж тут у калгас, дзе ён працаваў механізатарам, прыслалі новую брыгадзірку. Той факт, што дзяўчына маладзенькая, жыццём не бітая, да ролі маці дваіх дзяцей не гатовая, Лёшку не бянтэжыў. Для яго — невысокага і шчуплага — перашкодай не быў нават рост абранніцы-баскетбалісткі. Ён стаў, што называецца, падбіваць кліны.
— Пара, пара табе замуж, — ледзь не штодня казаў ёй Лёша.
Аднак Вера (так звалі брыгадзірку) альбо не зважала ці адмахвалася, альбо ўсё пераводзіла на жарт. Толькі той раз як быццам «згадзілася», уздыхнула:
— Пара то пара — але як тут пойдзеш, калі ніхто не бярэ?
— Як гэта ніхто?! — аж падскочыў залётнік. — А я?
— Дык ты — гэта несур'ёзна...
— Яшчэ і як сур'ёзна! — усклікнуў Аляксей. — Я хоць сёння гатоў!
— Ну, калі так, — тады іншая рэч, — засмяялася дзяўчына. А больш нічога сказаць не паспела: паклікаў старшыня.
Лёшка пачухаў патыліцу:
— Як думаеш, сёння ў сваты пайсці, — спытаў у сябра Паўліка, — ці суботы пачакаць?
— А навошта цягнуць? — адказаў той. — Тут на тваю Верку адзін рокер вока паклаў. У суботу, чаго добрага, на танцы прыедзе, потым пасадзіць дзеўку на свой драндулет, пакатае і пішы прапала.
— Дык што рабіць? — разгубіўся жаніх.
— Што-што — дзейнічаць!
Праз паўгадзіны каля дома, у якім калгас выдзеліў жыллё маладой брыгадзірцы, спыніўся трактар, трое мужчын сталі выносіць і грузіць на прычэп яе рэчы. (Якім чынам дзверы адамкнулі, гісторыя замоўчвае.)
— Верачка некуды з'язджае? — спытала іх старэнькая суседка.
— Не хвалюйся, бабуля, — зусім недалёка, — весела сказаў адзін з тых «грузчыкаў». — На другую вуліцу... Замуж яна выходзіць.
— У аўторак? — здзівілася жанчына. — А за каго?
— Сакрэт! На сяло заўтра сходзіш — даведаешся.
На гэтым слове трактар выпусціў клуб чорнага дыму і рвануў з падворка.
А вечарам Вера прыйшла дамоў і ледзь не самлела: у кватэры засталіся толькі шафа (дзякуй богу, з адзеннем), газавая пліта і адна табурэтка... Нават фікус знеслі! Сярод белага дня! На ажыўленай вуліцы!..
У роспачы дзеўка пабегла да суседзяў і хутка з іх дапамогай напала на след: ледзь пераступіўшы парог Алёшавай хаты, тут жа ўбачыла свой дыван, свой тэлевізар і фікус на этажэрцы.
— Я ж казаў, што намеры ў мяне самыя сур'ёзныя, — з ахвотай патлумачыў гаспадар, які на Верынай патэльні ўжо смажыў яешню. — А шафу мы заўтра забяром.
...Праўду кажуць, паспех — на смех: бабуля Волька, у якой была бяссонніца, ноччу ўбачыла, як да дома брыгадзіркі пад'ехаў грузавік і як іншыя ўжо мужчыны разам з гаспадыняй сталі згружаць з яго рэчы, пагружаныя ўдзень.
Алена Несцяронак, г. Докшыцы
Спадабацца новай супрацоўніцы хацелі многія хлопцы, Шурык — не выключэнне. У тую раніцу ён выцягнуў з шафы новыя джынсы, хацеў быў надзець, але «заблытаўся» ў доўгіх калошах.
— Ты што — зноў не ўкараціла? — абурана спытаў сястру.
— Ды ў галаве мне твае джынсы, — адмахнулася тая. — Забылася...
— Але ж я прасіў...
— А не трэба было прасіць, — абарвала яго Алена. — Лепш паклаў бы на віднае месца, я з работы прыйшла б, убачыла і зрабіла... А зараз — прабач — мне пара.
На гэтым сястра крутнулася перад люстэркам і выскачыла з кватэры.
Заклапочаны Шурык на нейкі час застаўся адзін: зайшоў да яе ў пакой, паглядзеў па баках і ўверх — закінуў свае джынсы на... люстру. Вось тут — думае — сястра дакладна ўбачыць!
Так яно ў прынцыпе і выйшла. Адно што...
Прамокшы пад халодным восеньскім дажджом, дзяўчына цямком уляцела ў вітальню і там жа... села: са столі ў яе пакоі звісалі нейчыя ногі!?
...Толькі потым, крыху ачуняўшы і ўключыўшы святло, яна ўбачыла, што памылілася, што там — проста Шуркавы джынсы.
— Я іх укарачу... Так укарачу, — навек запомніш! — паабяцала яна брату.
Але ж потым павячэрала, уключыла тэлевізар, выцягнула швейную машынку...
Шыццё — яно і сапраўды супакойвае... Нават моцна «ўзнятыя» нервы.
Галіна Нечыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Ад яе ж абяцаныя вынікі конкурсу на найлепшыя вясёлыя і праўдзівыя гісторыі, змешчаныя ў газеце «Звязда» ў 2019 годзе
Слова старшыні вялікага чытацкага журы спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:
— Найперш, вядома ж, мае самыя шчырыя вітанні тым, хто пісаў на «Провад», хто чытаў яго і выбіраў найлепшыя бываліцы. Па іх, згадзіцеся, можна вывучаць гісторыю, геаграфію, тапаніміку. У іх — ці не ўсё, чым жылі і жывуць нашы людзі, што іх цікавіць, хвалюе, што падабаецца, а што не — у іншых і ў сабе. Па звяздоўскім «Провадзе» можна назіраць і бачыць... Хоць самі гісторыі — вельмі розныя.
Што ў іх агульнага? На мой погляд, дык «асобкі» для біцця. Яны сквапныя, зайздросныя, нахабныя і абавязкова — дрэнныя начальнікі. «Парадавацца» за іх, калі настае часіна расплаты, любяць усе... Як і добрых згадаць добрым словам...
А яшчэ — калі чытаеш любую з гісторый, міжволі бачыцца аўтар — з уласнымі падыходам, бачаннем, стаўленнем да падзей. Відаць, таму і «...нелёгкая это работа из болота тащить бегемота» — са 140 (!) гісторый выбіраць найлепшыя:
Год на «Провад» мы пісалі,
Шліфавалі, прыдумлялі...
Зараз вынікі падводзім
І вакол кругамі ходзім:
Як жа так саставіць спіс,
Каб ён крыўдай не павіс?
Бо (не тут спрачацца з гэтым!)
Шмат пісьменнікаў-паэтаў,
Гумарыстаў, лаўрэатаў:
Край наш — талентаў палата!
Можа, ўвесь гэты працэс
Перакінуць на прагрэс?
Ён, камп'ютар, праўда — сіла,
І «вуркоча» досыць міла.
Але й мы усе — «з вусамі»:
Зможам вызначыцца самі!
Апроч спадарыні Соф'і, свае спісы найлепшых гісторый даслалі адданыя падпісчыкі «Звязды» спадарыні Любоў Чыгрынава і Алена Сарока з Мінска, Таццяна Савенка са Жлобіна, Рэгіна Бародзіч з Гродна, спадары Валерый Гаўрыш з Чавус, Мікалай Старых з Гомеля, Васіль Пяшэвіч з Жыткаўшчыны, Аляксандр Матошка з Расоншчыны ды многія, многія іншыя.
Урачысты момант — аб'яднанае, так бы мовіць, меркаванне вялікага чытацкага і маленькага звяздоўскага журы ў складзе першага намесніка галоўнага рэдактара газеты Наталлі Карпенкі, спецыяльнага карэспандэнта Веранікі Канюты і вядучай рубрыкі Валянціны Доўнар:
Трэцяе месца — Іван Гаральчук, г. Мінск, гісторыя «Ажаніцца не журыцца» (14.06), Любоў Чыгрынава — г. Мінск, гісторыя «Злавіла баба злодзея» (25.10) і Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён, гісторыя «Дзеўкам навука, або Не руш чужых груш» (12.04).
Другое месца — Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён, бываліца «А жанчына так і не прыйшла» (18.10), Зоя Наваенка, г.п. Падсвілле, Глыбоцкі раён, гісторыя «Любачка» (20.09).
Першынство за спадаром А. Лаўрыновічам з Мінска: гісторыя «Пра шчасце, што было магчымым...» (15.02).
Усе пераможцы ў найбліжэйшы час па пошце альбо ў рэдакцыі (як ім будзе зручней) атрымаюць адмысловыя дыпломы і цёплыя падарункі. Кожнаму з іншых аўтараў — найшчырэйшы дзякуй за інтэлектуальную, так бы мовіць, падтрымку газеты, за дасланыя гісторыі, многія з якіх, вядома ж, таксама вартыя ўзнагарод! Прынамсі, за нейкі крок ад перамогі аказаліся спадарыні Фаіна Касаткіна з Пастаў з гісторыяй «У трох соснах» (01.03), Міра Любаскіна з Бабруйска — «І ноч вясёлая была» (12.06), Л. Русецкая з Заслаўя — «А галоўнае — гэта швабра» (27.09), Ніна Кандрашонак з Петрыкава — «Хто каго правучыў» (26.07) і «Першыя крокі ў бізнес» (15.02), Наталля Сівак — «А пеўнік няхай спявае» (15.03), спадары Валерый Гаўрыш з Чавус — «Хай будзе і байдзю» (12.04), Віталь Жураўскі з Жодзіна — «Асцярожна, дзверы зачыняюцца» (22.02), Аляксандр Матошка са сваім «Расонскім ідалам» (6.09), як, дарэчы, і ўсе іншыя аўтары вершаваных гісторый... Так што, калі будзе час, перачытайце. А пакуль...
Старшыня журы — першы намеснік галоўнага рэдактара газеты Наталля Карпенка:
— З усіх рабочых дзён тыдня я найбольш люблю сераду, калі на працоўны стол кладзецца стосік «Вясёлых і праўдзівых гісторый з жыцця чытачоў «Звязды». Мая задача — прачытаць іх, калі што — паправіць, падпісаць у друк і перадаць далей па «інстанцыі». Як быццам нічога асаблівага, але...
Усё часцей лаўлю сябе на тым, што, захапіўшыся чарговай бываліцай, забываюся часам на свае непасрэдныя абавязкі... Потым даводзіцца пачынаць спачатку, перачытваць яшчэ раз. Але ж гэта не напружвае — наадварот, узнімае настрой, прымушае зноў «акунацца» ў пэўныя падзеі, перажываць тыя ці іншыя эмоцыі, усміхацца, здзіўляцца, сумаваць, абурацца, спрачацца з аўтарам, думаць... Бо што ні гісторыя — тое жывы «зрэз» мінулага ці сучаснасці, «партрэт» чалавека ці з'явы.
Колькі ж іх прайшло праз наш аддзел пісьмаў, праз рукі (ці, можна сказаць, праз сэрца) яго рэдактара Валянціны Доўнар — цяжка злічыць!.. Як і вызначаць найлепшыя — хоць бы таму, што гісторый, якія захапілі, «зачапілі», запомніліся (прынамсі, мне), а таму былі ацэнены на «дзявятку» ці «дзясятку», вядома ж, не дзве і нават не дзесяць... Сярод іх — і перыпетыі дужа цікаўнай цётачкі Дуні, аматаркі ўсунуць нос у любую дзірку і папляткарыць з любой нагоды ( «Цемната — сяброўка моладзі», 18.02, аўтар — Л. Чыгрынава), і шыкоўны аповед пра паездку двух сяброў «у сваты» — з тортам, замест якога ў каробцы аказаўся... нежывы кот («Пра шчасце, што было магчымым», 15. 02, А. Лаўрыновіч), і начныя прыгоды халасцяка Пашкі, які вырашыў знайсці сабе сяброўку праз сайт знаёмстваў («У пошуках шчасця», 15.03, А. Несцяронак), і не столькі вясёлая, колькі шчырая і пранізлівая споведзь Андрэя В. («Аддай маё сэрца!», 16.08) пра тое, што ўсё мінае, акрамя сапраўднага кахання, і чароўная «Любачка» З. Наваенкі, і незабыўны «Хітры ход» І. Гаральчука, і рашучая настаўніца-праўдалюбка, якой давялося часова «перакваліфікавацца» ў прыбіральшчыцу («А галоўнае — гэта швабра», Л. Русецкай)... І яшчэ процьма цудоўных гісторый у вершах і прозе ад вас, нашы дарагія чытачы!
Так ці інакш, балы (ад 1 да 10) расстаўлены, вынікі падведзены. Але галоўнае не гэта. Самае галоўнае, што вы — і ў многім, магчыма, дзякуючы ўсё таму ж «Проваду» — па-ранейшаму выпісваеце газету. А значыць, жыве «Звязда», жыве наша мова, жыве наш традыцыйны конкурс, у якога з'яўляюцца новыя ўдзельнікі і чытачы.
Якраз за гэта і ўсім — наш шчыры дзякуй! Пішыце! Можа, і сапраўды свет захаваўся, таму што смяяўся... І думаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou