Нямецкая дабрачынная арганізацыя «Аб'яднанне дапамогі дзецям» з горада Ена зрабіла для краснапольскіх дзяцей падарункі амаль на 3,5 тысячы еўра.
Прадстаўнікі арганізацыі наведалі ВПК «Дзіцячы сад—сярэдняя школа» ў Казеллі, дзе вучацца і выхоўваюцца 92 дзіцяці, пабывалі ў дзіцячым садку ў аграгарадку Халмы, завіталі ў госці да дзяцей, якія выхоўваюцца ў двух дзіцячых дамах сямейнага тыпу ў Краснаполлі, і ў краснапольскі цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі дзяцей.
— Упершыню дэлегацыя з гэтага горада пабывала ў нас у пачатку 90-х з мэтай аказаць дапамогу дзецям, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — паведаміла старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка ГОМАН. — З тых часоў працягваецца сяброўства. Штогод нашы дзеці ездзяць у нямецкія сем'і на аздараўленне, а нямецкія сябры па традыцыі наведваюць нас у навагоднія дні і прывозяць дзецям падарункі. Гэтым разам акрамя салодкіх прысмакаў яны падарылі лыжы з ботамі на суму каля 800 еўра, прывезлі цацкі, дыдактычныя гульні, канцтавары. Летась яны забяспечылі кабінет замежных моў казельскага ВПК наглядным вучэбным матэрыялам. Не забываюцца нямецкія госці і пра тых дзяцей, якія ўжо закончылі школу і вучацца ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі. Дарэчы, тым дзецям, якія першыя атрымалі дабрачынную дапамогу ад немцаў, сёння ўжо каля 40 гадоў. Цяпер на аздараўленне ў Германію ездзяць ужо іх дзеці.
На працягу амаль тыдня нямецкія госці паспелі таксама наведаць сем'і, адкуль да іх на аздараўленне прыязджаюць дзеці, сустрэцца з мясцовай уладай, абмеркаваць планы далейшага супрацоўніцтва. Для іх, у сваю чаргу, была арганізавана шырокая культурная праграма, у тым ліку з паездкай у гомельскі цырк.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Краснапольскага райсавета
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnaya-padtrymka
[5] https://zviazda.by/be/tags/krasnapolle-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne