Больш за чатыры гадзіны музыкі, куміры розных пакаленняў і новыя ўзнагароды: у сталічным Палацы спорту прайшоў канцэрт «Песня года Беларусі».
Удзельнікаў гала-канцэрту «Песні года» па выніках 2019-га вызначалі з 60 айчынных выканаўцаў і калектываў. Лепшых сярод іх выбіралі прыхільнікі ў тэлефонным і інтэрнет-галасаванні (на сайце АНТ прагаласаваў амаль мільён чалавек!), а таксама музычныя рэдактары радыёстанцый па выніках ратацый. Акрамя таго, асабісты ўнёсак у развіццё беларускай эстрады і рост выканальніцкага майстэрства ацэньвала прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам.
У выніку атрымалася шоу працягласцю ў 4,5 гадзіны, у якім выступіла правераная абойма эстрадных выканаўцаў — Іна Афанасьева, Алена Ланская, Вікторыя Алешка, Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, гурты «Аура», «Дразды», дзядзя Ваня, Анастасія Ціхановіч Іскуі Абалян, Юзары, Тэо і Вольга Рыжыкава, а таксама артысты новага пакалення — гурты «Naviband» і «Nizkiz», Лера Яскевіч, «дзеці Еўрабачання» Аляксандр Мінёнак, Кірыл Гуд, Хелена Мерааі, спецыяльны госць Ціма Беларускіх ды іншыя.
Сёлета, дарэчы, упершыню за паўтара дзясяткі гадоў існавання адбыліся змены ў звыклым фармаце «Песня года». Калі раней кожны ўдзельнік канцэрту атрымліваў дыплом лаўрэата, то цяпер экспертная рада прафесіяналаў у сферы музыкі і культуры, шоу-бізнесу і тэлебачання прысудзіла ўзнагароды пераможцамф у асобных намінацыях — «Лепшы выканаўца», «Лепшая спявачка», «Лепшы аўтар музыкі» і «Лепшы аўтар слоў», «Лепшы гурт», «Адкрыццё года» і, натуральна, «Песня года». Пераможцаў, як заведзена на падобных цырымоніях, з належнай доляй інтрыгі і пафасу члены судзейскай камісіі зачытвалі на лістках з канвертаў і ўручалі ў дадатак да тытулаў і кампліментаў прызавыя статуэткі — таксама новага ўзору.
Акрамя таго, тэлеканал АНТ уручыў спецыяльную ўзнагароду «За вернасць беларускай эстрадзе». Адмысловую рпрэмію заснавала Міністэрства культуры Беларусі — кіраўнік ведамства Юрый Бондар назваў «Песню года» сапраўдным святам, усім удзельнікам якога — арганізатарам, артыстам, гледачам, — «удалося стварыць непаўторную атмасферу трыумфу беларускага эстраднага мастацтва».
Больш падрабязна пра некаторыя цікавінкі канцэрту «Звязда» раскажа ў бліжэйшым нумары, а цалкам тэлеверсію «Песні года» пакажа тэлеканал АНТ увечары 25 студзеня.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Ганна ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnya-goda-belarusi