Сотні дзяцей у нашай краіне не ведаюць, што такое любоў родных людзей, бо гадуюцца ў дзяржаўных установах – прытулках і дзіцячых дамах. “Знайдзіся, дзіця!” – так мы назвалі праект “Алесі”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Нацыянальнага Цэнтра ўсынаўлення Рэспублікі Беларусь.
У нашай краіне шмат добрых людзей, якія хацелі б узяць у сваю сям’ю дзіця, часам не адно. Каб новыя бацькі і дзеці атрымалі магчымасць зрабіцца па-сапраўднаму роднымі, трэба дапамагчы ім сустрэцца. У нумарах часопіса мы расказваем пра дзяцей, якія маюць патрэбу ў сям’і, размяшчаем іх фотаздымкі.
Вікторыя
Віка – старанная, уседлівая, добразычлівая, ураўнаважаная. Педагогі адзначаюць яе адказнасць: да любога даручэння дзяўчынка ставіцца сур’ёзна і імкнецца выканаць яго добра. Спагадлівы характар прыцягвае да яе сяброў. У Радашковіцкай школе-інтэрнаце знаходзіцца і брат Вікі – Дзіма. У свае дзесяць гадоў Віка – маленькая зорачка: у ёй раскрыўся талент да музыкі і танцаў, і цяпер дзяўчынка ахвотна выступае на сцэне. Асабліва ў яе атрымоўваюцца сучасныя моладзевыя танцы. У мінулым годзе ў Маладзечне праходзіў конкурс «Вясёлкавы карагод». «Танец Мікі Маўса», які выканалі Вікторыя і яе сябры, выйшаў у фінал.
Чацвёртакласніца любіць чытаць, асабліва ілюстраваныя энцыклапедыі, а яшчэ – складаць мазаікі, плесці арыгінальныя ўпрыгажэнні, разгадваць рэбусы. Акуратная дзяўчынка дапамагае наводзіць парадак у пакоях і сама заўсёды выглядае ахайна. У Вікі ёсць мара: калі вырасце, яна хацела б стаць доктаркай. Каб планы і мары маглі рэалізавацца без перашкод, дзяўчынцы патрэбная падтрымка на этапе сталення. Вікторыя з радасцю адкрые сваё сэрца людзям, якія паставяцца да яе з любоўю і клопатам.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»
Тэл. 8 (017) 679-54-52
Дзіма
Дванаццацігадовы Дзмітрый здольны і развіты. Любіць матэматыку, а яшчэ – збіраць машынкі з дэталяў канструктара Лега. «Нават калі згубілася інструкцыя, гэта не перашкода – я запамінаю яе на памяць!» – з гордасцю кажа ён. Не прапускае магчымасці пасядзець за камп’ютарам у кабінеце інфарматыкі. Шасцікласніку падабаюцца і заняткі па працоўным навучанні, і гурткі, дзе хлопчыкаў і дзяўчатак вучаць рабіць дробныя вырабы з розных матэрыялаў. Дзіму педагогі характарызуюць як адкрытага, аптымістычнага, творчага і ўседлівага. Калі нешта не атрымліваецца, хлопчык будзе цярпліва і спакойна шукаць рашэнне задачы, а не нервавацца. Ахвотна праводзіць час з сябрамі і сястрой Вікай. Можа і на сцэне выступіць, і кнігі любіць чытаць, і на вуліцы гуляе ахвотна.
Дзіма ўжо вырашыў, кім хоча стаць, калі вырасце: «Буду кухарам, навучуся гатаваць розныя смачныя і карысныя стравы». А цяпер яму вельмі хацелася б жыць у сям’і з мамай і татам – хлопчык адчувае патрэбу ў пяшчоце, падтрымцы і адабрэнні.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»
Тэл. 8 (017) 679-54-52
Паліна і Ганначка
Дзве вясёлыя, разумныя, камунікабельныя сястрычкі Паліна і Ганначка спадзяюцца, што іх удачараць добрыя, клапатлівыя людзі. Старэйшай, Паліне, у гэтым годзе споўніцца пяць, Ганне – чатыры. Сёстры вельмі дружныя паміж сабой, але характары ў іх розныя.
Паліна – летуценная, эмацыйная, пры гэтым актыўная і дапытлівая.
Ведае на памяць шмат вершаў і любіць іх дэкламаваць. Калі ўжо развучвае ролю для дзіцячага ранішніка, дык укладзе ў гэта ўсю душу. Памяць у дзяўчынкі выдатная, а натура творчая: вершы расказвае, падбіраючы патрэбную інтанацыю, ролі ў сцэнках выконвае з натхненнем. На музычных занятках Паліна ахвотна паўтарае рухі і мелодыю, з задавальненнем танчыць і спявае. Артыстычная і ўразлівая, дзяўчынка да таго ж назіральная і цікаўная. Задае шмат пытанняў, любіць слухаць казкі, гартаць кніжкі, маляваць. Суперажывае іншым дзецям, гатовая падзяліць чыюсьці радасць і смутак. Кранальна клапоціцца пра малодшую сястрычку.
Спачатку выхавальніцам даводзілася часта падбадзёрваць дзяўчынку – у многіх з дзяцей, якія трапілі сюды, ёсць адмоўны вопыт, які не лепшым чынам адбіваецца на самаацэнцы. У атмасферы любові і ўвагі Паліна расквітнела і цяпер паводзіць сябе дастаткова ўпэўнена. Ветлівая і ўсмешлівая, яна ахвотна ідзе на кантакт, мае шмат сяброў сярод дзяцей, дапамагае дарослым: прыбярэ са стала, складзе на месца цацкі. Любіць прыгожыя строі, адмысловыя прычоскі, з задавальненнем носіць святочныя сукенкі, туфлікі.
Сястрычка Паліны, Ганначка, – рухавая, жыццярадасная, энергічная.
Прыгожая сукенка не такая ўжо і важная для яе, а вось ускараскацца на горку разам з хлопчыкамі – гэта калі ласка. Чароўныя прычоскі любіць Паліна, а Ганначка неўзабаве здыме ўпрыгажэнні з валасоў, каб не перашкаджалі гуляць і бегаць. Актыўная Ганна зможа пастаяць за сябе. Пры гэтым яна ласкавая, добрая, пяшчотная. Як кожнае дзіця, любіць, каб ёй пачыталі казку, удзялілі ўвагу. Сястрычкі часта гуляюць разам, хоць пажаданні ў іх розныя. Калі Паліна ахвотней праспявае калыханку ляльцы, дык Ганначка з большым імпэтам пагуляе з мячыкам. Пакуль Ганна займаецца актыўнымі гульнямі, Паліна, як сапраўдная матуля, з любоўю корміць «малога», укладвае яго спаць. Дзяўчаткі не мелі перад сабой гатовых узораў жыццёвых сцэнараў, бо не раслі ў сям’і, і кожная выяўляе ў гульні свае ўласныя рысы.
Пры рознасці характараў, абедзве дзяўчынкі мараць аб адным і тым жа: выхоўвацца ў сямейнай абстаноўцы. У новай сям’і яны хацелі б жыць разам. Можа, вы гатовыя даць прытулак у сваім доме дзвюм сястрычкам? Вазьміце Паліну і Ганначку. І будзеце ўзнагароджаныя любоўю і ўдзячнасцю.
Багдан
Багдану ўлетку споўніцца тры гады. Ён добры і цікаўны хлопчык, але ціхмяны, нясмелы. Богдан няўпэўнены ў сабе і мае патрэбу ў пастаяннай падтрымцы з боку дарослых. Вельмі таварыскі, але аддае перавагу не калектыўным гульням, а жадае мець добрага і надзейнага сябра. Калі яго ўважліва слухаюць, падбадзёрваюць і даюць зразумець, што ён самы-самы, блакітныя вочы Багдана ззяюць шчасцем. Тады хлопчык імкнецца паспяваць яшчэ больш і лепш. Любіць машынкі, з задавальненнем займаецца настольнымі гульнямі, складае разам з выхавальніцай мазаіку. Паслухмяны, але сарамлівы, ён спадзяецца на добразычлівую ўвагу. «Ты будзеш маім сябрам?» – чытаецца ў вялікіх вачах дзіцёнка. Багдан любіць пабегаць і падурэць, але не заўсёды паспявае за актыўнымі і дужымі дзецьмі. Тым не менш, хлопчык не адмаўляецца ад гульняў. З цікавасцю прыглядаецца да навакольнага свету, любіць пакарміць птушак. Яму цікава ўсё: кветкі, дрэвы.
«У кожнага дзіцяці свой унутраны свет, – кажа выхавальніца Марына Самуляк. – Такія дзеці, як Багдан, маюць асаблівую патрэбу ў душэўнай цеплыні, таму стараешся ўдзяляць ім больш увагі. Калі не паспяваеш, проста бярэш яго за руку. Тады Багдан гатовы справіцца з любым заданнем». Малыш вельмі любіць, калі яму чытаюць казкі. Ён шчаслівы сядзець на руках у выхавальніцы, слухаць яе голас і разглядаць малюнкі ў кніжцы. Багдан спадзяецца на сустрэчу з добрымі, чулымі і надзейнымі бацькамі, якія зробяць яго дзяцінства бяспечным і спакойным.
Валя
Валечцы два з паловай гады. Яна спакойная, пазітыўная і добразычлівая. З ёю лёгка знайсці кантакт, кажа выхавальніца. Дзяўчынка імкнецца ўсюды паспець, не адставаць ад старэйшых дзяцей. Паслухмяная, з задавальненнем удзельнічае ў розных гульнях і занятках. З сонечнай усмешкай Валя падбягае да вас, калі ўваходзіце ў групу, – абысці гэтую дзяўчынку ўвагай проста немагчыма. З радасцю гуляе ў рухавыя гульні, любіць спяваць, удзельнічае ў занятках па развіцці розных навыкаў, імкнецца спазнаць навакольны свет. Ласкавае падбадзёрванне дадае ёй рашучасці. Што з таго, што яна маленькая? Затое самастойная і разумніца! Ініцыятыўная, спагадлівая, дапытлівая і цікаўная, Валечка любіць пахвалу, тады яе вочы проста ззяюць шчасцем. Дзяўчынка акуратная, любіць прыгожа апранацца, а цацкі, з якімі нагулялася, абавязкова прыбярэ на месца. Гэтае мілае і прыязнае дзіця стане сонейкам у вашым доме.
Тэлефон Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці 8 (0177) 73-40-26.
Маша
Дзесяцігадовая Маша – добразычлівая, чулая, сціплая, крыху сарамлівая. Паслухмяная і працавітая, ахвотна выконвае даручэнні выхавальнікаў. Ураўнаважаная і спакойная, яна часам разважае, як дарослая. «Калі вырасту, атрымаю адукацыю і стану масажысткай, бо дапамагаць людзям быць здаровымі – выдатная прафесія», – гаворыць дзяўчынка.
Маша любіць чытаць і маляваць, з вялікай цікавасцю вучыцца гуляць у шахматы. Наведвае гурток «Чараўнікі-умельцы», робіць дробныя вырабы з розных матэрыялаў. Нядаўна зрабіла лебедзя, з бісеру спляла бранзалет для мамы. «У нашым гуртку можна навучыцца розным дэкаратыўна-прыкладным тэхнікам, – распавядае Маша. – Напрыклад, арыгамі, пляценню з бісеру, вязанню і шмат чаму яшчэ. Мне вельмі тут цікава!»
Дзяўчынка аддае перавагу спакойным гульням, але можа і патанцаваць, і ў футбол пагуляць. Характар у яе аптымістычны і прыязны. Маша хацела б жыць у сям’і. Можа, у вашым доме і сэрцы знойдзецца месца для гэтай разумнай і добрай дзяўчынкі?
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»
Тэл. 8 (017) 679-54-52
Вераніка
Вераніцы споўнілася дзевяць гадоў. Яна актыўная, вясёлая і камунікабельная, у школе-інтэрнаце ў яе шмат сябровак і сяброў. На ўроках займаецца старанна, сярод любімых прадметаў – матэматыка і фізкультура. У школе цудоўная бібліятэка, і дзяўчынка ахвотна чытае кнігі. Сярод улюбёных – гісторыі пра жывёл. Любіць выступаць на сцэне, спяваць, танцаваць. Па словах педагогаў, Вераніка эмацыйная і ўразлівая, і надта перажывае, калі нешта не атрымліваецца. Пахвала і адабрэнне дапамагаюць ёй дасягнуць поспеху. Акуратная і ахайная, пад кантролем дарослых дзяўчынка прыводзіць у парадак вопратку, прыбірае ў пакоі, выконвае і іншыя даручэнні. З вялікім задавальненнем наведвае гурток, дзе вучыцца рабіць дробныя вырабы з газетнай паперы. Марыць стаць ветэрынаркай. «Мне падабаюцца жывёлы, і ў будучым хацела б займацца іх лячэннем», – кажа дзяўчынка. А зараз Вераніцы патрэбна сям’я, каб падрыхтаваць яе да дарослага жыцця.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»
Тэл. 8 (017) 679-54-52
Сяргей
Энергічны, жвавы пяцікласнік любіць фізкультуру і спорт, асабліва футбол. «Хачу стаць футбалістам»! – з усмешкай паведамляе Сярожа. Па фізкультуры ён атрымлівае адны дзясяткі, але і іншыя навукі не закінутыя. Сяргей любіць беларускую літаратуру, сярод улюбёных прадметаў і працоўнае навучанне, бо гэта так здорава – умець нешта рабіць сваімі рукамі: выразаць, выпальваць па дрэве. «Хачу навучыцца розным карысным навыкам, каб умець нешта паправіць, адрамантаваць самастойна», – кажа ён. У Сярожы шмат сяброў сярод дзяўчатак і хлопчыкаў, бо ён вясёлы, актыўны, камунікабельны, заўсёды ў добрым настроі. Хлопчык акуратны: прыбярэ за сабой, навядзе парадак у пакоі і ў вопратцы, памые свае дробныя рэчы – гэтаму вучаць у інтэрнаце ўсіх дзяцей.
Сярод любімых заняткаў Сярожы – маляванне. Ён наведвае тэатральны гурток, ахвотна займаецца мастацкай самадзейнасцю. Гэтаму рухаваму, крыху імпульсіўнаму, творчаму хлопчыку вельмі патрэбная сям’я, каб накіраваць ягоныя станоўчыя якасці ў правільнае рэчышча.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»
Тэл. 8 (017) 679-54-52
Пазнаёміцца за іншымі дзеткамі вы можаце па спасылцы: http://zviazda.by/be/news/20190530/1559217951-znaydzisya-dzicya [1]
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190530/1559217951-znaydzisya-dzicya