У панядзелак беларускія гандбалісты саступілі зборнай Іспаніі, дзеючаму чэмпіёну Старога Свету, 28:37 і страцілі шанцы на выхад у паўфінал.
— Супраць каманды такога высокага класа нам удалося выдаць добры першы тайм. Атрымліваліся контратакі, гэта быў ключ да поспеху ў першыя 30 хвілін, — кажа галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў. — Каманда Іспаніі дасведчаная і прапаноўвала нам розныя сістэмы абароны. Нейкі час наша нападзенне спраўлялася. У другім тайме іх варатар паказаў выдатную гульню. Менавіта ён здзейсніў пералом у гэтым матчы. Наша абарона была нестабільная ў другім тайме, варатары паказалі вельмі нізкі працэнт.
— Нас падвялі паспешныя кідкі і страты ў вельмі важны момант. Пасля гэтага лік стаў «мінус пяць». Іспанцы адарваліся, і мы ўжо не змаглі іх дастаць, — каментуе гулец нашай каманды Уладзіслаў Кулеш. — Трэба працаваць над дысцыплінай, каб не рабіць неабгрунтаваных кідкоў, даводзіць атакі да лагічнага завяршэння. У нас ёсць яшчэ адна гульня.
Зборныя Іспаніі і Харватыі датэрмінова аформілі свой выхад у паўфінал. Каманда Германіі гарантавала сабе трэцяе месца ў групе і будзе змагацца за пятае месца ў турніры.
Пасля чацвёртага тура асноўнага раўнда правы крайні зборнай Беларусі Мікіта Вайлупаў займае 3-е месца ў спісе найлепшых бамбардзіраў. У яго актыве 35 галоў (73 % эфектыўнасці кідкоў). Беларускі лінейны Арцём Каралёк знаходзіцца на 5-й пазіцыі ў гэтым жа спісе. На яго рахунку 30 галоў (73 % эфектыўнасці кідкоў).
Свой заключны матч другога групавога этапу падапечныя Юрыя Шаўцова правядуць сёння супраць каманды Аўстрыі.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/gandbol
[4] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-europy-pa-gandbole
[5] https://zviazda.by/be/tags/zbornaya-belarusi-pa-gandbole