Кожны год падчас яго правядзення чалавецтва згадвае пра мільёны абарваных жыццяў, пра страшныя пакуты, праз якія прайшоў яўрэйскі народ, трагедыі, што адбываліся ў розных кутках Еўропы. І адна з іх у гады Другой сусветнай вайны звязана з гарадскім пасёлкам Лоеў, што на Гомельшчыне.
Да вайны мястэчка на 70 працэнтаў было яўрэйскае. Сто гадоў таму тут стаялі чатыры сінагогі, працавала багата яўрэйскіх магазінаў і крам. Большасць яўрэяў, якія не паспелі эвакуіравацца, была знішчана. Тыя ж адзінкі, каму ўдалося ўцалець, з'ехалі з мясцін, дзе яны страцілі родных, сяброў, суседзяў.
Каб нагадаць месцічам і гасцям Лоеўшчыны пра гэтыя старонкі гісторыі і аддаць даніну памяці ахвярам 40-х гадоў, Музей бітвы за Дняпро ладзіць дакументальны экспазіцыйны праект «Лоеўскі ізкор» (ізкор — яўрэйская памінальная малітва). Выстаўка, якая адкрыецца 26 студзеня, суправаджаецца слоганам «Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць». З фондаў музея прадстаўляюцца дакументы яўрэяў — франтавікоў і партызанаў, якія мужна змагаліся за родную краіну, і лічбавыя копіі заключэння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна, якія былі запісаныя і сабраныя ў некалькі тамоў адразу па вызваленні раёна ў 1944 годзе.
Таксама можна будзе паслухаць успаміны пра ваеннае і даваеннае жыццё, пра адраджэнне роднага краю пасля вайны, запісаныя супрацоўнікамі музея ў экспедыцыях па Лоеве і Лоеўскім раёне.
На адкрыцці выстаўкі можна будзе паглядзець фільм «Да світання. Стэфан Цвэйг у Амерыцы» (2016). Кінастужка прысвечана пісьменніку, які праз сваё яўрэйскае паходжанне і прынцыповую пацыфісцкую пазіцыю вымушаны быў эміграваць з роднай Аўстрыі, акупаванай у той час нацысцкай Германіяй. Выстаўка экспануецца ў рамках рэалізацыі праекта Цэнтра дакументацыі культурнай спадчыны і працягне сваю работу да канца лютага.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Прэв'ю: imrey.org
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/halakost