Гасцямі і ўдзельнікамі рэспубліканскага свята "Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2020", якое пройдзе ў Пінску 28-31 студзеня, стануць больш за 500 чалавек.
У праграме запланаваны рэспубліканскі форум #БеларусьМоладзьІніцыятыва, прафарыентацыйныя майстар-класы, выставы-прэзентацыі, канцэрты. Пад іх аддадуць найлепшыя сцэнічныя пляцоўкі горада. У прыватнасці, мерапрыемствы пройдуць у Палескім дзяржаўным універсітэце, гарадскім Доме культуры, дзіцячай школе мастацтваў, драмтэатры, абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, цэнтральнай гарадской бібліятэцы, іншых установах адукацыі і культуры.
Цэнтральнай падзеяй стане перадача эстафеты маладзёжнай сталіцы ад Оршы Пінску, калі будзе дадзены афіцыйны старт новаму этапу рэспубліканскага праекта. Гэта адбудзецца 30 студзеня ў гарадскім Доме культуры падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця свята. У пралогу дзейства творчая моладзь Пінска прадставіць публіцы культурную прастору сталіцы Палесся. Таксама на сцэне ГДК стартуюць рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі "АРТ-вакацыі-2020" і конкурс "Песні маёй краіны".
У рамках рэспубліканскага форуму # БеларусьМоладзьІніцыятыва адбудуцца пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, сустрэчы з членамі маладзёжных парламентаў, маладзёжнымі пасламі Мэтаў устойлівага развіцця..
У Палескім дзяржаўным універсітэце адукацыйны семінар "Універсітэт 3.0 і дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь" збярэ прарэктараў ВНУ. Ва ўніверсітэцкім клубе пройдзе інтэрактыўная прэзентацыя дзейнасці Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Студэнты і выкладчыкі БДПУ імя М. Танка падзеляцца ўражаннямі ад удзелу ў інтэрнацыянальным 55-м Зорным паходзе па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
Напрыканцы ўдзельнікаў свята чакае экскурсійная праграма "Пінск - гора дзевяці стагоддзяў..." Таксама ва ўсіх ахвотных будзе магчымасць паўдзельнічаць у фотачэленджы # FotoСhallenge на тэму "Пінск - маладзёжная сталіца 2020".
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: inform.kz
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[2] https://zviazda.by/be/tags/pinsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/forum