У Кітаі ўжо зафіксавана 4,5 тысячы пацверджаных выпадкаў захворвання на каранавірус, 976 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане. Колькасць загінулых вырасла да 106, з іх 26 памерла за апошнія суткі. Улады Кітая робяць усё магчымае, каб вірус не распаўсюджваўся за межы краіны, астатнія дзяржавы таксама прымаюць меры бяспекі. У прыватнасці, усіх ахвотных выехаць з КНР будуць змяшчаць у каранцін на 14 дзён, і толькі пасля гэтага яны атрымаюць дазвол на выезд.
У хуткім часе ў Беларусь пасля навагодніх святкаванняў вернуцца кітайскія студэнты, іх у нас вучыцца каля чатырох тысяч. Усе яны пройдуць праз двухтыднёвы каранцін на радзіме.
— Мы іх чакаем са спазненнем, але гэта неабходныя меры бяспекі, — адзначыў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.
Ён падкрэсліў, што дадатковыя меры будуць прынятыя і ў аэрапорце «Мінск». Прадстаўнікі медыцынскай службы будуць падымацца на борт кожнага самалёта, які прыляціць, і выяўляць пасажыраў з прыкметамі віруснай інфекцыі. Тыя, у сваю чаргу, будуць асобна праходзіць пагранічны і мытны кантроль, каб мінімізаваць колькасць кантактаў. У найбліжэйшыя дні ў аэрапорце будзе развернуты і лабараторны кантроль. У тых, хто пэўны час правёў у КНР, нягледзячы нават на каранцінныя мерапрыемствы на радзіме, пасля прылёту дадаткова возьмуць аналізы на каранавірус. У аэрапорце ўсе пасажыры атрымаюць памяткі, дзе апісана, як паводзіць сябе пры ўзнікненні рэспіраторных сімптомаў. У прыватнасці, ісці ў паліклініку не рэкамендуецца, лепш выклікаць хуткую дапамогу і растлумачыць, што наведвалі Кітай (ці іншую краіну).
— Мы правялі нараду сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый, мытным і пагранічным камітэтамі, службамі аэрапорта, прадстаўнікамі «Белавія» і маем поўнае паразуменне ў рэалізацыі плана сумесных дзеянняў, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Дарэчы, у год у сярэднім Беларусь наведвае каля 23 тысяч грамадзян Кітая, з іх 3,2 тысячы — арганізаванымі групамі. Беларусаў, якія наведваюць Паднябесную, значна менш — каля дзвюх тысяч у год.
— Кітай не з'яўляецца масавым турыстычным напрамкам. На сёння мы маем пяць афіцыйных заяў аб вяртанні грашовых сродкаў і ануляванні тураў. З кожным персанальна працуе юрыст, праводзяцца кансультацыі і ў кожным асобным выпадку будзе вынесена рашэнне, — расказаў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.
Тым часам дзевяць беларусаў знаходзяцца ў кітайскай правінцыі Хубэй (дзе ў асноўным і распаўсюджваецца вірус), двое з іх выказалі намер пакінуць правінцыю.
— Міністэрства замежных спраў знаходзіцца на пастаяннай сувязі з уладамі Кітая і беларускімі грамадзянамі. Калі ўзнікаюць звароты, мы аказваем дапамогу і садзейнічанне, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення Азіі і Афрыкі Міністэрства замежных спраў Ігар
Белы.
Тым часам медыкі нагадваюць, што новы вірус не такі заразны, як грып, і перадаецца толькі пры цесным кантакце з хворым.
— Ім заразіцца не так проста, павінен быць працяглы кантакт, напрыклад, пры сумесным пражыванні. У зоне рызыкі і медработнікі, якія даглядаюць хворых, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Пакуль у Беларусі выпадкаў заражэння каранавірусам няма. Усе, хто звярнуўся пасля паездкі з кашлем, болем у горле, тэмпературай, здалі аналізы. У іх выяўлены грып тыпаў А і В.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karanik