Нядаўна Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў падвяла вынікі сваёй работы за мінулы год і прэзентавала асабісты сайт. Без яго, калі збіраешся займацца сур'ёзнай работай, сёння не абысціся. Цяпер можна быць у курсе ўсіх спраў асацыяцыі. Сярод леташніх дасягненняў — рэалізацыя шэрагу вялікіх і малых праектаў. Найбольш значныя з іх былі прэзентаваныя на круглым стале. Дэпутаты давалі падрабязную справаздачу па выкананні грамадскіх ініцыятыў. У такіх справах, як той казаў, дробязяў не бывае. «МС», у сваю чаргу, перадае карысны досвед астатнім.
Усё пачалося з праекта асацыяцыі «Эфектыўнае ўзаемадзеянне, сучаснае кіраванне — устойлівы вынік», які быў прафінансаваны пасольствам Каралеўства Нідэрланды ў Варшаве на агульную суму 10 000 еўра. Каб яго рэалізаваць, трэба было мабілізавацца ўсім дэпутацкім корпусам вобласці. Асацыяцыя разгледзела 11 ініцыятыў, якія мелі шанц быць прафінансаваны, але адбор прайшлі тры. Яшчэ дзве атрымалі так званы суцяшальны прыз.
— Мы шукалі рэсурсы, каб рэалізоўваць палажэнні статута асацыяцыі, у прыватнасці такія, як развіццё ініцыятывы, стварэнне дзейснага механізма самакіравання, разнявольванне дэпутацкай дзейнасці. Адпаведна і да дэпутатаў былі патрабаванні, — растлумачыў старшыня Чавускага райсавета, па сумяшчальніцтве старшыня абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін. — Яны павінны былі прааналізаваць праблемы ў сваёй выбарчай акрузе і выявіць ініцыятыву, якая б была падтрымана насельніцтвам, у тым ліку фінансава. Перад тым як аб'явіць конкурс, мы вучылі дэпутатаў стратэгічнаму мысленню, уменню выяўляць праблемы, весці размовы з людзьмі. Асабліва гэта датычылася дэпутатаў-пачаткоўцаў. Чалавек быў спецыялістам у сваёй сферы, а тут у яго з'явіліся новыя абавязкі. Наша задача была яго навучыць. І не проста навучыць, а паказаць прыклад. Мы двойчы выстаўляліся на суісканне грантаў, разлічвалі, праўда, на большае, але пакуль не атрымалася. Але ў нас усё наперадзе. Увесь час мы звяртаем увагу на тое, што ў асацыяцыі ёсць рэсурсы, каб падтрымаць дэпутатаў, навучыцца прапаноўваць ідэі, праектаваць праблему, аблічваць сродкі на яе, заручацца падтрымкай людзей. У іншых краінах існуе такое паняцце, як бюджэт грамадзянскага ўдзелу. Гэта значыць, што ў мясцовага бюджэту ёсць сродкі, на якія могуць заявіцца грамадзяне і прапанаваць ініцыятыву. У нас крыху іншы падыход, але прынцып дзеяння такі ж.
Летась Анатоль Мацюлін браў удзел у 80-й сесіі Камітэта па гарадскім развіцці, жыллёвым будаўніцтве і землекарыстанні Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, якая прайшла ў Жэневе. Там таксама разглядаўся вопыт актыўнай супольнасці ў гарадскім маштабе, у тым ліку — тэма стварэння інфраструктуры для насельніцтва і з яго ўдзелам.
Зоны адпачынку, велапаркоўкі, азеляненне — гэта ўсё складнікі камфортных умоў для жыцця чалавека ў любым канцы свету. Такія міжнародныя сустрэчы дапамагаюць карэктаваць сваю дзейнасць і наладжваць дзелавыя кантакты. У пошуках сродкаў пад карысныя ідэі магілёўская асацыяцыя набыла надзейных замежных партнёраў. Адзін з іх — Латвійскі цэнтр рэгіянальнага развіцця.
— Мы ўжо выязджалі да іх, а яны прыязджалі да нас, — расказвае Анатоль Мацюлін. — Вучымся ў іх арганізацыі работы з міністэрствамі, прынцыпу размеркавання сродкаў паміж раёнамі. У іх крыху іншы сэнс укладаецца ў слова «самакіраванне». Там пад ім разумеецца выканаўчая ўлада, а ў нас самакіраванне мае грамадскую форму. Але мэты адны і тыя ж — знайсці сацыяльна важную праблему і паспрабаваць яе вырашыць. Канешне, глабальныя праекты накшталт пабудовы станцыі абезжалезвання пакуль нам не пад сілу. Затое невялічкія праблемы, але не менш важныя для насельніцтва, мы здольныя вырашыць самастойна. Нашы фінансы складаюцца з членскіх узносаў, добраахвотных ахвяраванняў дэпутатаў і прыцягнутых грантаў. Гэта той рэзерв, які мы можам выкарыстоўваць на рэалізацыю адпрацаваных у раёнах ініцыятыў. Але яны павінны перад гэтым быць зацверджаны на сесіі рай- або гарсавета. Выдаткоўваць грошы на нешта стыхійнае неразумна — трэба, каб наша дзейнасць прыносіла відавочную карысць.
Інклюзіўны падыход
Якімі патрэбамі жыве насельніцтва рэгіёна, чаго яму не хапае? Клічаўскі раён, напрыклад, атрымаў падтрымку асацыяцыі на адраджэнне і правядзенне свята ўраджаю «Багач». Аўтарам ініцыятывы выступіў дэпутат райсавета Уладзімір Суравец, дарэчы, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў. У раёне вельмі моцныя культурныя традыцыі, і яго прапанова падчас старадаўняга свята правесці майстар-класы па вышыванні, лозапляценні і іншых рамёствах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі была ўспрынятая станоўча. Генеральным партнёрам па рэалізацыі ініцыятывы стаў раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За донарскія сродкі мы набылі дзве швейныя машыны і два сталы. На мерапрыемства пазвалі гасцей і з суседніх раёнаў — Кіраўскага, Асіповіцкага і Бабруйскага. Інвалідам дапамаглі прыехаць на свята раённыя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Карысць ад свята відавочная, — канстатуе старшыня Клічаўскага райсавета дэпутатаў Уладзімір Кніга. — У людзей з абмежаванымі магчымасцямі з'явіліся нейкія новыя навыкі, магчыма, яны сябе знойдуць у новым сваім занятку і змогуць нават зарабіць на ім. Плюс карысны інвентар для нашых устаноў набылі. Адна швейная машынка засталася ў Доме рамёстваў, другая ў Доме культуры. Асацыяцыя нам у гэтай справе вельмі добра дапамагла. Праз яе мы знайшлі донара і скарысталіся паслугамі спецыяліста, які навучыў пісаць праекты. Сёння ў нас ёсць бясцэнны вопыт, як дзейнічаць у гэтым кірунку.
Астравок здароўя
Выбаршчыкі Марыны Бандык з Горак падтрымалі ідэю стварэння ў адным з маладзёжных раёнаў горада спартыўна-забаўляльнай пляцоўкі. Для вырашэння праблемы яна сабрала ініцыятыўную групу з ліку прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання, самакіравання і грамадскасці, якую сама і ўзначаліла. Яшчэ да падачы заяўкі на сафінансаванне Марына і яе група арганізавалі і правялі дзесяць сходаў з жыхарамі мікрараёна Будаўнікоў, абмеркавалі і стварылі сумесны план дзеянняў. У выніку жыхары сабралі сваімі сіламі 1350 рублёў. З улікам дапамогі, якую ім аказала асацыяцыя, і валанцёрскай дзейнасці (якая, як вядома, бясплатная, але ж таксама мае сваю цану) праект абышоўся болей чым у дзве з паловай тысячы еўра. На гэтыя грошы былі набытыя і ўсталяваныя гульнявы комплекс для дзяцей малодшага ўзросту і спартыўны — для заняткаў падлеткаў фізкультурай і спортам, чатыры лаўкі для адпачынку, высаджана 180 саджанцаў кустоўя, адноўленая альтанка, зроблена пясочніца для дзятвы, футбольнае поле з варотамі і агароджай у выглядзе сеткі, адрамантавана дзве пешаходныя дарожкі. Падчас рэалізацыі ініцыятывы прайшлі чатыры майстар-класы па занятках на спартыўным абсталяванні для мясцовых жыхароў, а таксама для школьнікаў сярэдняй школы № 4.
— Самае галоўнае, што пасля гэтага жыхары з іншых мікрараёнаў таксама выказалі сваю зацікаўленасць у сумесным вырашэнні падобных пытанняў, — кажа старшыня Горацкага райсавета дэпутатаў Аксана Агароднікава. — Яны звярнуліся да нас з прапановамі і гатоўнасцю ўдзельнічаць фінансава. Хочацца адзначыць, што вучоба, арганізаваная асацыяцыяй, аказалася вельмі прадуктыўная. Ініцыятыву падтрымалі не толькі гараджане, але і некаторыя арганізацыі горада. Натхнёныя, мы пачалі больш актыўна заахвочваць і сельскае насельніцтва. У выніку сумесна з жыхарамі вёскі Ходараўка рэалізавалі яшчэ адну ініцыятыву. У яе таксама былі ўкладзеныя грошы асацыяцыі.
Велапаркоўка для ўсіх
Вынікам работы дэпутата Краснапольскага райсавета ад Савецкай выбарчай акругі № 7 Алены Дзям'янавай стала не толькі крытая велапаркоўка на 10 месцаў і адно спецыяльнае для дзіцячай каляскі, але і карта велапарковак усяго гарадскога пасёлка — цяпер яна размешчана на сайце райвыканкама. На рэалізацыю ініцыятывы пайшло 1124 еўра, з якіх амаль 225 атрымана ад краснапальчан, якія згуртаваліся ў дасягненні агульнай мэты. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта выступілі раённы Савет дэпутатаў, аддзел па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, гарадскія і грамадскія службы і арганізацыі.
— Я пераканана, што дэпутаты ў цеснай узаемасувязі з органамі мясцовага тэрытарыяльнага самакіравання і пры падтрымцы выканаўчай улады заўсёды змогуць дамагчыся значных вынікаў, — падкрэсліла Алена Дзям'янава. — Сёння вельмі важна, каб нашы выбаршчыкі бачылі рэальную ўвагу з нашага боку да іх пытанняў і праблем. І толькі тады мы можам разлічваць, што яны таксама возьмуць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі каля свайго дому, сваёй вуліцы і раёна ў цэлым.
Спорт дапамагае стаць ініцыятыўным
У асацыяцыі, як і ва ўсёй прадстаўнічай улады вобласці ў цэлым, ёсць яшчэ адно вельмі важнае прызначэнне — прапаганда здаровага спосабу жыцця. Існуе нават Палажэнне аб правядзенні летніх і зімовых спартакіяд сярод дэпутацкага корпуса. Зімовая, дарэчы, адбылася зусім нядаўна.
— Паколькі зіма затрымалася, мы замест лыжных гонак арганізавалі ў шклоўскім лядовым палацы шорт-трэк, — удакладніў Анатоль Мацюлін. — Спаборніцтвы праводзіліся два дні, кожны раён дэлегаваў па восем сваіх прадстаўнікоў. Было шмат станоўчых эмоцый, пазітыўных уражанняў. Такія мерапрыемствы вельмі дапамагаюць згуртавацца, вучаць працаваць на агульны вынік у складзе каманды.
Воля, імкненне да перамогі, дасягненне мэты — усё гэта вельмі добра дапамагае дэпутату ў рабоце з насельніцтвам, у рэалізацыі ініцыятыў.
Дарэчы, пераходзячы кубак пераможцы і палатку ў падарунак атрымала каманда з Клічава, на другім месцы Чавусы, на трэцім — Касцюковічы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта Магілёўскай асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і Краснапольскага райсавета
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[5] https://zviazda.by/be/tags/inicyyatyva
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport
[7] https://zviazda.by/be/tags/spartyunaya-plyacouka