Летась амаль 50 тысячам беларусаў упершыню быў пастаўлены анкалагічны дыягназ. Штогод колькасць новых выпадкаў раку павялічваецца на тысячу. Мужчыны найчасцей хварэюць на рак прастаты, жанчыны — на рак малочнай залозы. Пры тым, што захваральнасць расце, смяротнасць ад гэтага захворвання крыху зніжаецца. Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі.
— Калі ўзяць апошнія 10 гадоў, то захваральнасць вырасла на 15 %, смяротнасць знізілася на 1,8%. У 2010 годзе смяротнасць складала 187 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, летась — 184 чалавекі на 100 тысяч, — паведаміў намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Віктар КАХНЮК.
Якія анказахворванні найчасцей сустракаюцца ў беларусаў?
Сярод мужчын самым распаўсюджаным з'яўляецца рак прастаты. На другім месцы рак лёгкага, на трэцім — коларэктальны (рак тоўстай кішкі). У жанчын лідзіруе рак малочнай залозы, на другім месцы — коларэктальны, на трэцім — рак маткі.
— Такая структура захваральнасці ў нас захоўваецца на працягу апошніх чатырох-пяці гадоў, — адзначыў Віктар Кахнюк.
Наколькі своечасова ставіцца дыягназ?
У 2019-м ранняя выяўляльнасць раку — на 1-2 стадыі — склала 67 %. І гэта лепш, чым год таму. А як вядома, у лячэнні анкахвароб тэрмін адыгрывае ключавую ролю: чым раней выяўлена злаякасная пухліна, тым лепш вынікі лячэння і тым большы працэнт пацыентаў вылечваецца.
Як палепшыць выяўляльнасць?
— Гэта можна зрабіць шляхам укаранення скрынінгу на дзяржаўным узроўні. Чалавек добра сябе адчувае, ходзіць на працу, яго нічога не турбуе, але ў яго ўжо ёсць захворванне. Важна яго запрасіць на абследаванне. У нашай краіне ўжо ёсць скрынінг раку малочнай залозы, коларэктальнага, раку прастаты. Укараненне скрынінгу дазволіць павысіць выяўляльнасць раку на ранняй стадыі, — кажа Віктар Кахнюк.
Эксперт тлумачыць, што пры некаторых, як правіла, унутраных лакалізацыях пухлін абследаванне не заўсёды простае. А ёсць візуальныя лакалізацыі, якія даволі проста выявіць. Для гэтага пацыенту дастаткова прыйсці да ўрача. Напрыклад, у выпадку з ракам малочнай залозы, паставіць дыягназ не складана.
— У нас рак поласці рота выяўляецца ў 40 % выпадкаў на апошняй, 4-й стадыі. А гэта, між іншым, візуальная лакалізацыя.
Летась у межах праграмы скрынінгу раку малочнай залозы абследавана 75 тысяч жанчын (скрынінг робяць у 50-70 гадовай узроставай групе, лічыцца, што пік гэтага захворвання — 49 гадоў). Рак выяўлены ў 379 з іх, у тым ліку ў 344 — на ранняй стадыі. На рак прастаты абследавана 138 тысяч мужчын. Захворванне знайшлі ў 884 (у 80,7 % — на 1-2 стадыі). На коларэктальны рак праверылі 30 тысяч чалавек, анкалагічны дыягназ пастаўлены ў 81 выпадку (82 % на ранняй стадыі).
Якія вынікі лячэння?
На дыспансерным уліку ў Беларусі летась знаходзілася 318 тысяч чалавек, якія маюць анкалагічныя дыягназы. З іх 160 тысяч (а гэта 51 %) знаходзяцца на ім пяць і больш гадоў.
— Еўрапейскі паказчык пяцігадовай выжывальнасці пры раку складае ад 50 да 60 %. І мы ў яго ўпісваемся. Мы добра лечым — на еўрапейскім узроўні. А каб мець яшчэ лепшыя вынікі, трэба раней дыягнаставаць хваробу.
Ад чаго найчасцей паміраюць?
Нягледзячы на тое, што ў мужчын дамінуе рак прастаты, ад яго паміраюць нячаста, бо гэта захворванне добра паддаецца лячэнню. Асноўная прычына анкалагічнай смяротнасці ў мужчын — рак лёгкага. На другім месцы — коларэктальны рак, на трэцім — рак страўніка. Жанчыны найчасцей паміраюць ад рака малочнай залозы, коларэктальнага раку і раку страўніка.
Як лечаць?
Асноўны шлях лячэння раку — хірургічны. Штодзень у Беларусі анколагі робяць у сярэднім 343 аперацыі, у тым ліку каля сотні — у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Будучыня гэтага напрамку — у павелічэнні колькасці камбінаваных аперацый, пашырэнні паказанняў да органазахоўных умяшанняў, развіцці эндаскапічных метадаў. Яшчэ два спосабы лячэння — прамянёвая і хіміятэрапія. Апошняя таксама імкліва мяняецца. У прыватнасці, лячэнне індывідуальна падбіраецца кожнаму пацыенту на аснове малекулярна-генетычнага профілю пухліны.
— Узяць дваіх хворых з аднолькавай лакалізацыяй. У аднаго на фоне хіміятэрапіі поўны рэгрэс, а ў іншага наадварот — прагрэс. Такім чынам, паўстала пытанне аб малекулярна-генетычным даследаванні пухлін. Сёння ў нас ніхто не прызначае лячэнне без такога даследавання, — падкрэслівае Віктар Кахнюк.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/ankalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/hvaroba
[7] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue-praktychny-padyhod