Галоўны аўтаперавозчык Гомельскай вобласці рыхтуе новыя сацыяльныя і выхаваўчыя праекты.
Прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» вырашыла апрабаваць на гарадскіх маршрутах інавацыйную сістэму аплаты праезду праз мабільны тэлефон. Тэсціраваць пілотны праект пачнуць з 6 лютага. У аснове сістэмы ляжыць QR-код на базе плацежнага сэрвісу «Аплаці». Спецыяльную мабільную праграму распрацавала мінская кампанія, а адзін з беларускіх банкаў рэалізаваў паслугу электроннага кашалька.
У аўтобусах паралельна з новай сістэмай аплаты працягнуць працаваць і кандуктары. Яны ж будуць за кантралёраў. Пакуль «тэсціць» сістэму плануецца на адным з гарадскіх маршрутаў. Увогуле стаіць задача да канца года ўкараніць новаўвядзенне ва ўсёй гомельскай гарадской транспартнай сетцы.
Дарэчы, толькі на прасоўванні праекта ў галіне інфармацыйных тэхналогій прадпрыемства ААТ «Гомельаблаўтатранс» сёлета не спыніцца. У гэтым годзе ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі ў рэгіёне распрацуюць патрыятычныя аўтобусныя маршруты.
Такую задачу перед прадпрыемствам паставіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падчас сустрэчы з працоўным калектывам філіяла «Аўтобусны парк № 1» ААТ «Гомельаблаўтатранс».
«Гомельская вобласць славіцца гістарычнымі месцамі. На карце рэгіёна ёсць мемарыяльныя комплексы, месцы баявой славы. У год 75-годдзя Вялікай Перамогі неабходна прапрацаваць патрыятычныя маршруты, якія раскажуць маладому пакаленню пра подзвігі дзядоў і прадзедаў», — адзначыў губернатар.
Патрыятычныя маршруты не абмінуць аграгарадок Красны Бераг у Жлобінскім раёне, дзе ўвекавечана памяць пра малалетніх вязняў фашысцкага донарскага канцлагера, мемарыяльны комплекс «Баграціён» на Светлагоршчыне і былую вёску Ола, дзе карнікі спалілі 1758 чалавек, а таксама мясціны баявой славы Лоеўскага раёна.
Наталля Капрыленка
Прэв'ю: i-sonnik.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[4] https://zviazda.by/be/tags/autaperavozchyk
[5] https://zviazda.by/be/tags/marshrutka
[6] https://zviazda.by/be/tags/gomelablautatrans