Сёння ў Чавускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрываецца выстаўка «Музей праса». Гэта сумесны праект Мінгардаведкі, Карткі Госця і музея ў Чавусах, а таксама першы выезд калекцыі праса з Траецкага прадмесця Мінска ў рэгіён. Выстаўка будзе працаваць на працягу месяца.
«У экспазіцыі прадстаўлены больш за 180 старадаўніх і эксклюзіўных прасаў, — паведаміла «Звяздзе» дырэктар Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Іна КАЗАКОВА. — Наведванне выстаўкі стане цудоўнай магчымасцю пашырыць свой кругагляд і будзе вельмі пазнавальным для гасцей усіх узростаў. Ёсць такія дзіўныя экспанаты, якіх мы самі ніколі не бачылі».
Усяго ў сталічным Музеі праса дэманструецца больш за 700 экспанатаў з калекцый вядомых беларускіх калекцыянераў: цэльныя жалязякі, якія награваюцца на адкрытым агні, сярэднявечныя прасы на вугалі, працы з устаўкай — «душой», газавыя, на спірце, паравыя і электрычныя.
Ад супрацоўнікаў музея ў Чавусах госці даведаюцца не толькі пра асаблівасці канструкцыі гэтага прадмета быту, але і пра нюансы прасавання ў розныя перыяды гісторыі чалавецтва.
«Карта Госця» — гэта пластыкавая смарт-картка, якае дае права аднаразовага наведвання па ўсёй Беларусі (бясплатна або са зніжкай ад 10 да 50 %) музеяў, экскурсій, мастацкіх галерэй, заапаркаў, аквапаркаў і назіральнай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі.
Уласная экспазіцыя Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея размешчана ў дзевяці залах. Усяго ў фондах раённай установы культуры — больш за адзінаццаць тысяч прадметаў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/chavusy
[4] https://zviazda.by/be/tags/pras