Гартаю старонкі невялічкай кніжачкі «Тры месяцы ў Кітаі». Год выдання — 1959. Аўтар — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Сяргей Селіханаў.
«Летам 1956 года я атрымаў пісьмо з Масквы. У ім паведамлялася, што Саюз мастакоў СССР арганізуе паездку групы творчых работнікаў у Кітай. Мне прапанавалі ўвайсці ў гэтую групу. Я, не раздумваючы, напісаў, што згодзен.
Паездка намячалася на канец 1956 года. Часу было даволі, каб усё як след абдумаць, падрыхтавацца да далёкага падарожжа», — чытаю на самым пачатку. І далей: «Мяне, як мастака, апрача ўсяго, хвалявалі свае, чыста творчыя праблемы. Багацейшае мастацтва Кітая мы ведалі галоўным чынам па рэпрадукцыях, паколькі ў Маскве, а тым больш у нас, у Беларусі, кітайскіх мастацкіх выставак не было. Рэпрадукцыі ж не даюць поўнага ўяўлення пра майстэрства таго ці іншага мастака. Таму я з нецярплівасцю чакаў таго часу, калі выпадзе магчымасць пазнаёміцца з творамі кітайскага мастацтва ў арыгіналах…»
У групу, якую сфармавалі для паездкі мастакоў у Паднябесную, акрамя Сяргея Селіханава, уваходзіў маскоўскі графік Уладзімір Багаткін, ленінградскі тэатральны мастак Аляксандр Канстанціноўскі, украінскі жывапісец Васіль Забашта, майстра мініяцюрнага жывапісу з Палеха Ганна Катухіна. Уладзімір Валяр’янавіч Багаткін нарадзіўся ў 1922 годзе. Аляксандр Канстанціноўскі — у 1906. Васіль Забашта — з 1918 года. Ганна Аляксандраўна — з 1915‑га. Наш зямляк Сяргей Селіханаў з 1917‑га. Кожны на час паездкі сфармаваўся як яркая, цікавая асоба. Украінскі жывапісец і беларускі скульптар — франтавікі. Васіль Забашта быў узнагароджаны ардэнамі Славы 2‑й і 3‑й ступеняў. А Сяргей Селіханаў за ратныя справы быў адзначаны ардэнамі Айчыннай вайны 1‑й і 2‑й ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу».
У дарогу мастакі (яны, заўважу, складалі першую творчую групу савецкіх мастакоў, якая на такі працяглы час выправілася ў народны Кітай) накіраваліся на экспрэсе Масква — Пекін.
«…Дарога заўсёды прыносіць многа новага. Мы апынуліся сярод уральцаў, сібіракоў, далёкаўсходнікаў, якія ехалі ў свае краі. Маім суседам па купэ аказаўся чыгуначнік з Новасібірска. Завязалася простая гутарка…» Высветлілася, што сібірак партызаніў на Віцебшчыне, сустракаўся з Героем Савецкага Саюза Канстанцінам Заслонавым. А Сяргей Селіханаў на той час быў ужо аўтарам помніка герою Вялікай Айчыннай вайны.
З самага пачатку брашуры мы сустракаем такія сімвалічныя параўнанні: «Цягнік імчаў насустрач яснай зары, чыім ззяннем абнята зямля і жыццё новага Кітая. Набліжаючыся да яго мяжы, мы яшчэ раз адчулі, якія неабсяжныя прасторы мае наша краіна. Над ёй, як сказаў адзін паэт, ніколі не заходзіць сонца…» Яно і зразумела: над літаратурным запісам працаваў беларускі паэт, публіцыст, празаік Міхась Калачынскі (У 1960-1978 гадах — галоўны рэдактар часопіса«Беларусь». — Рэд.). Відаць, ён і «аздобіў» тэкст такімі момантамі… Але, як на мой погляд, у такіх падрабязнасцях ёсць нешта важнае, характэрнае для размовы пра Паднябесную.
«Пасля прыпынку на станцыі Манчжурыя ў цягніку стала многа кітайцаў. Руская гаворка змяшалася з кітайскай, — піша Селіханаў. — У Харбіне да нас падселі савецкія спецыялісты, якія ехалі ў Пекін дапамагаць кітайскаму народу будаваць новае жыццё. Яны пазнаёмілі нас з некаторымі нацыянальнымі звычаямі кітайцаў. У праваднікоў мы навучыліся вымаўляць асобныя кітайскія словы і сказы. Першым такім сказам было прывітанне: «Нін хао!» — «Добры дзень!»
Нарэшце абвясцілі, што цягнік набліжаецца да Пекіна. Паказаліся пралёты вядомай кітайскай сцяны, якая калісьці апаясвала горад. Мільгануў апошні семафор, і цягнік спыніўся ля перона. Нас акружылі кітайскія таварышы. Радасныя ўсмешкі, моцныя поціскі рук…»
Канешне, праязджаючы праз Харбін, Сяргей Селіханаў і ведаць не ведаў, што горад мае повязі з беларускім каталіцкім святаром Язэпам Германовічам. Там, у Харбіне, жыў ураджэнец Ваўкавыска, рускі празаік, журналіст Усевалад Іваноў. А яшчэ ў Харбіне нарадзіўся кітайскі перакладчык беларускай літаратуры — паэт і мастак Гаа Ман, які яшчэ напрыканцы 1950‑х гадоў перастварыў на сваю родную мову вершы Максіма Танка. Дарэчы, гэты беларускі паэт наведаў Кітай крышачку пазней, пасля Сяргея Селіханава — ужо 1957 годзе. І пакінуў пасля паездкі вельмі падрабязныя запісы ў дзённіку. У розныя дзесяцігоддзі ў Кітаі пабывалі іншыя беларускія літаратары і мастакі — Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Міхась Шэлехаў, Алесь Кажадуб, Валерый Казакоў, Навум Гальпяровіч, Алесь Бадак, Аляксандр Фінскі, Уладзімір Слабодчыкаў, Армен Сардараў…
Сяргей Селіханаў знаёміцца з славутымі мясцінамі Пекіна, дзеліцца ўражаннямі пра свае простыя назіранні. Вандруючы па Пекіне, праз шмат гадоў, у 2015‑м, і я зазіраў у музей «Гугун». Але ж слова — Сяргею Селіханаву: «…Гэта цэлы ансамбль палацаў. Усе збудаванні яго складаюцца з дзвюх асноўных частак: унутранай і знешняй. Палацы, размешчаныя ў знешняй частцы, прызначаліся для дзяржаўных перагавораў і прыдворных цырыманіялаў. Ва ўнутранай жылі імператар і яго сям’я. Далей знаходзіўся імператарскі сад. У гэтым садзе няма ніводнага квадратнага сантыметра плошчы, над якім не папрацавала б чалавечая думка. Старанныя рабочыя рукі ператварылі ўвесь сад у казачны куток…» У Пекіне мастакі з СССР наведалі домік-музей кітайскага мастака Сюй Бэй-хуна. Распачаты і незавершаны партрэт у майстэрні на мальберце — партрэт Лу Сіня. «…Сюй Бэй-хун па праве з’яўляецца гонарам кітайскіх мастакоў, традыцыі якога будуць развіваць далей майстры жывапісу новага Кітая».
Савецкія мастакі наведалі Цэнтральны мастацкі інстытут. «Мне прыйшлося працаваць у адной скульптурнай майстэрні інстытута. Я ляпіў партрэт прафесара інстытута, вядомага графіка Лі Хуа. Лепка праходзіла з натуры. Побач займаліся лепкай кітайскія аспіранты. Яны падыходзілі да мяне, пыталіся пра што-небудзь, выказвалі свае заўвагі, прасілі паглядзець іх работу.
Трэба сказаць, што скульптура рэальнага чалавека для кітайцаў зусім новы жанр мастацтва…»
Цікавай падаецца сустрэча Селіханава і яго калег з сусветна вядомым мастаком Цы Байшы. «…Нас спаткаў сын Цы Байшы з жонкай. Яны правялі нас у светлы пакой, дзе мы ўбачылі круглы накрыты стол, расстаўленыя крэслы. І Цы Байшы сядзіць тут жа на крэсле. Але ён спіць… Мы неяк разгубіліся. Стаім, маўчым. Потым сын яго нам растлумачыў: Цы Байшы даўно чакае нас. Чакаў, чакаў і задрамаў… Старэчыя гады! Аднак з выгляду ён быў нібы паглынуты нейкай глыбокай задуменнасцю.
Цы Байшы адкрыў вочы і абвёў нас усіх доўгім позіркам. Яму дапамаглі падняцца, і тады вочы яго заіскрыліся. Ён ажывіўся. Позірк стаў пранікнёны, востры.
У адказ на наша прывітанне ён сказаў, што горача вітае Савецкі Саюз. Мастак зазначыў, што ён вельмі састарыўся і, мабыць, думаючы пра нашу краіну, запытаўся: «Колькі кіламетраў да Масквы?» Размова стала шчырай. Карэспандэнт «Огонька» таварыш Мержанаў папрасіў у Цы Байшы навагодняе віншаванне, якое і было надрукавана ў часопісе.
Потым Цы Байшы запрасіў усіх на чай. Цяжка было адмаўляцца: такі гасцінны звычай ва ўсіх кітайскіх сяброў.
Мы сфатаграваліся з Цы Байшы. Развітаўшыся, усе накіраваліся да выхаду, і тут 97‑гадовы стары ўстаў, падышоў да расчыненых дзвярэй і па-бацькоўску на развітанне памахаў нам услед рукою.
Мне запомніўся ўзмах рукі, стары маршчыністы твар гэтага чалавека з вострым, жывым позіркам. Я задаўся мэтаю яшчэ раз наведаць старога і абавязкова вылепіць яго партрэт».
Пасля Пекіна быў Нанкін — «паўднёвая сталіца», былая сталіца Кітая, порт ля ракі Янцзы, месца знаходжання ўлад правінцыі Цзянсу. Размешчаны ва ўсходняй частцы краіны, за 260 км на паўночны захад ад Шанхая. Цяпер — буйны і культурны цэнтр Кітая. Чытаем у Сяргея Селіханава: «…Калі ў Пекіне мы маглі паказаць кітайскім сябрам толькі фота і рэпрадукцыі сваіх ранейшых работ, то ўжо ў Нанкіне мы паказалі ўсё, што паспелі зрабіць за першыя тыдні падарожжа. Мы прыслухоўваліся да іх вельмі каштоўных заўваг. Нярэдка нашы сябры таксама бралі алоўкі, пэндзлі ды працавалі побач.
У Нанкіне няма скульптурных майстэрняў і мала скульптараў. Належных умоў для творчай работы ў мяне не было. Але дзякуючы клопатам кітайскіх таварышаў мне ўдалося тое-сёе зрабіць. З радасцю я даведаўся, што ў горадзе жыве мастак Янь Мін, які калісьці наведаў сталіцу Беларусі. Мы сустрэліся, як даўнія знаёмыя. Славуты нанкінец зрабіў усё магчымае для маёй творчай работы. Мне было адведзена месца для лепкі ў гістарычным музеі Нанкіна. За кароткі час я зрабіў тут некалькі скульптурных накідаў, у тым ліку партрэты сялян і кулі.
Праз Нанкін цячэ магутная, апетая кітайскімі песнярамі рака Янцзы. Увесь час мы думалі, як бы глыбей адчуць усю веліч і прыгажосць гэтай вялікай воднай магістралі. Хутка такая магчымасць выпала.
Наступіў час развітання з Нанкінам. Мы селі на параход, каб плыць у Шанхай…»
У Шанхаі беларускі скульптар працаваў не меней напружана. І як вынік — значны творчы плён. У тым горадзе Сяргей Селіханаў вылепіў партрэты Ба Цзіня — славутага пісьменніка Кітая, сябра Лу Сіня, драматурга Шэн Сі-фу, літаратурнага крытыка Тан Тао, вядомых артыстаў Цзао Тана, Бай Яна, Юан Се-фына, героя працы КНР — Фан Па-мэя. Зрабіў яшчэ і некалькі эцюдаў, партрэтаў на ўвесь рост. Цікавым падаецца наступнае назіранне беларускага творцы: «…Кітайцы добра ведаюць і сардэчна паважаюць сваіх мастакоў, артыстаў, літаратараў. З пісьменнікам Ба Цзінем мы аднойчы прайшліся па горадзе. Пры сустрэчы з ім людзі віталіся, часта супынялі яго. Адчувалася, што гэты выдатны мастак слова цесна звязаны з народам.
У Шанхаі мы завязалі моцную дружбу з тутэйшымі мастакамі. У горадзе налічваецца вялікі калектыў работнікаў выяўленчага мастацтва. У нас было некалькі сустрэч і гутарак з імі. У час адной з іх мастакі прадэманстравалі нам прыёмы работы тэхнікай «гахуа». Калектыўна намаляваўшы некалькі работ, яны падпісалі і падаравалі іх кожнаму з нас на памяць.
Мы былі запрошаны ў майстэрню мастака прафесара Лю Кай-су. Гаспадар прыняў нас вельмі цёпла. Ён авалодаў еўрапейскай школай і працуе алеем. Мастак умее ярка перадаць каларыт пейзажу розных месцаў Кітая.
У час аднае сустрэчы мясцовыя мастакі наладзілі невялікую выстаўку, якая дала нам уяўленне пра разнастайнасць іх почыркаў і жанраў, у якіх яны працуюць. Мастакі Шанхая часта сустракаюцца з прадстаўнікамі сваёй прафесіі з розных канцоў свету. Пра гэта красамоўна гавораць экспанаты, развешаныя ў зале Саюза мастакоў».
У Шанхаі савецкія мастакі сустрэлі Новы, 1957-ы, год. Аднойчы ў гасцініцу да іх завіталі госці з СССР — пісьменнік Валянцін Катаеў і мастак-графік Арэст Вярэйскі. Не ведаю, ці гаварылі Селіханаў з Вярэйскім пра Беларусь. Хутчэй за ўсё гаварылі, бо Арэсту Вярэйскаму было што ўспомніць з беларускіх сустрэч: у час Вялікай Айчыннай вайны мастак удзельнічаў у вызваленні нашай роднай старонкі, служыў у калектыве газеты Заходняга, а пасля 3‑га Беларускага фронта «Красноармейская правда». На старонках гэтага выдання афармляў тэкст паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васілій Цёркін».
Яшчэ ў доўгай творчай вандроўцы ў Кітай у Селіханава былі сустрэчы з гарадамі Сучжоу, Ханчжоу, Кантон, Юлін, Ухань, портам Чжэ Цзянам, востравам Хайнань… Вярнуўшыся ў сталіцу Кітая, беларускі скульптар ажыццявіў амаль што галоўную сваю мару — вылепіў партрэт мастака Цы Байшы! «…Я ведаў, што ён не можа доўга пазіраваць. І, наогул, ён яшчэ ніколі не пазіраваў. Фатаграфаваць яго — фатаграфавалі, а ляпіць скульптуру — за ўсе 97 год жыцця яшчэ ніхто не ляпіў. Я вельмі баяўся, што Цы Байшы адмовіць мне ў паўторным спатканні. Якая радасць апанавала мяне, калі вялікі мастак даў сваю згоду!
Не трацячы ні хвіліны, я адправіўся ў знаёмы Цэнтральны мастацкі інстытут, пагрузіў на машыну станок, гліну і прыехаў да яго на кватэру. Стары адчуваў сябе вельмі слаба. Калі ж я прыступіў да работы і ён убачыў ужо выразныя абрысы свайго партрэта, перасіліў сваю слабасць, ажывіўся і працягваў пазіраваць. Улічваючы яго ўзрост, я імкнуўся не ператамляць яго, скарачаць сеансы.
На трэці дзень работы партрэт быў амаль скончаны. Я быў вельмі рады, што Цы Байшы мая работа спадабалася. Пры дапамозе сына ён падняўся з крэсла, узяў маю стэку і распісаўся на партрэце. Я абяцаў пасля вяртання на радзіму адліць партрэт у бронзе і прыслаць яму. На вялікі жаль, мне не ўдалося здзейсніць свой намер, бо праз некалькі месяцаў Цы Байшы памёр…»
За час творчага падарожжа па Кітаі беларускі скульптар зрабіў 36 скульптурных работ. А ў альбомах зрабіў шмат замалёвак алоўкам, напісаў нямала эцюдаў акварэллю і алеем…
І хаця пражыў Сяргей Селіханаў не так шмат (памёр скульптар ва ўзросце 59 гадоў), творца пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну. Хатынскі манумент «Непакорны чалавек» належыць якраз яго рукам. Скульптар — аўтар аднаго з чатырох гарэльефаў, якія ўпрыгожваюць манумент Перамогі на Круглай плошчы ў Мінску. Каля вёскі Вялікі Лес у Салігорскім раёне ўсталяваны помнік братам-партызанам Міхаілу і Івану Цубам работы Селіханава. Яшчэ народны мастак БССР (званне скульптар атрымаў у 1963 годзе) вылепіў партрэты пісьменнікаў Алеся Якімовіча, Івана Мележа, народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча. За «хатынскую» працу Сяргей Селіханаў уганараваны званнем лаўрэата Ленінскай прэміі.
Алесь Карлюкевіч