УП «Унітэхпрам БДУ» стане адзінай пляцоўкай у свеце па вытворчасці арыгінальнага проціпухліннага прэпарата «Тэмадэкс». Рэгістрацыйнае пасведчанне на выпуск лекавага сродку было выдадзена прадпрыемству Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
Ідэя, распрацоўка, тэхналогія вытворчасці належаць навукоўцам НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. Клінічныя выпрабаванні і даследаванні праводзіліся супрацоўнікамі ўніверсітэта пры ўдзеле ўрачоў сталічнай ГКБ хуткай медыцынскай дапамогі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава і БДМУ. Такім чынам, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў першай айчыннай ВНУ, дзе быў захаваны поўны цыкл засваення супрацьракавага сродку — ад ідэі да яе ўкаранення. Пры гэтым прадпрыемства выпускае субстанцыю і дапаможныя рэчывы для атрымання гатовага лякарства, адраснай яго дастаўкі да органаў-мішэняў і пралангацыі дзеяння.
«Тэмадэкс» прымяняецца ў комплекснай хірургіі для лячэння рака галаўнога мозгу рознай складанасці і ўяўляе сабой парашок для падрыхтоўкі біялагічнага гідрагеля, які рассмоктваецца. Яго пакідаюць на месцы выдаленай пухліны і ўсіх тканак, што кантактуюць з ёй. Гель паступова рассмоктваецца, вызваляючы малекулы хіміяпрэпаратаў і падтрымліваючы патрэбную іх канцэнтрацыю для знішчэння ракавах клетак, што засталіся пасля аперацыі, і прадухілення рэцыдываў.
Беларускі прэпарат не мае сусветных аналагаў. Вядомы амерыканскі «Гліадэл» падобны па вобласці прымянення, але адрозніваецца па складзе і вырабляецца ў выглядзе сурвэтак. Перавагай айчыннага сродку з’яўляецца таксама яго нізкі кошт — да 450 $. Для параўнання: адна ўпакоўка «Гліадэла» каштуе каля 18 000 $. Для грамадзян Беларусі лячэнне «Тэмадэксам» бясплатнае.
Нагадаем, што першым вытворцам гатовай лекавай формы «Тэмадэкс» у 2016 годзе стала РУП «Белмедпрэпараты». Але пасля мадэрнізацыі вытворчых участкаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце было прынята рашэнне аб выпуску лякарства на прадпрыемстве «Унітэхпрам БДУ».
«Тэмадэкс» уключаны ў клінічны пратакол Беларусі «Алгарытмы дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў». У цяперашні час актыўна вядзецца праца па яго рэгістрацыі за мяжой. Прэпарат запатэнтаваны ў еўразійскім рэгіёне і Расіі. Пададзена заяўка на атрыманне Міжнароднага патэнта PCT, які гарантуе замацаванне аўтарства на вынаходніцтва ў 56 краінах свету. Таксама «Тэмадэксу» прысвоены ў Еўропе статус арфаннасці.
Плануецца, што ў профільныя медыцынскія ўстановы Беларусі «Тэмадэкс» паступіць у канцы першага квартала бягучага года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: habr.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/vytvorchasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[8] https://zviazda.by/be/tags/preparat
[9] https://zviazda.by/be/tags/leki