Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага падпісаў Указ № 48 «Аб павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароны грамадзян у сувязі з прызывам на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве». Пра гэта паведамляе [3] прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
У адпаведнасці з дакументам устанаўліваецца, што з 1 студзеня 2020 года ваеннаслужачыя, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на выпадак дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля. Указам вызначаецца парадак выплаты абавязковых страхавых узносаў за перыяды тэрміновай ваеннай службы, што дазволіць залічваць такія перыяды ў страхавы стаж, неабходны для вызначэння права на працоўную пенсію.
Для грамадзян, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прадугледжаны дадатковыя ільготы для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальныя ўстановы, а таксама пераважнае права выбару месца працы па спецыяльнасці пры размеркаванні па завяршэнні атрымання адукацыі. Такім грамадзянам у год звальнення альбо ў год, наступны за годам звальнення, пры наяўнасці сярэдняга бала ў дакуменце аб адукацыі не ніжэй за 6 балаў і па рэкамендацыі воінскіх часцей прадастаўлена права на навучанне на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчых аддзяленнях, падрыхтоўчых курсах у дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў
Акрамя таго, уведзена норма аб захаванні права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах членамі сям’і вайскоўца на ўвесь перыяд тэрміновай ваеннай службы.
Прыняцце гэтага ўказа дасць магчымасць павысіць сацыяльную абарону асоб, якiя прызваны на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[3] http://president.gov.by/ru/news_ru/view/kommentarij-k-ukazu-48-ot-10-fevralja-2020-g-23011/
[4] https://zviazda.by/be/tags/armiya