Буйныя спартыўныя мерапрыемствы, бязвіз і прадуманая карпатлівая работа прадстаўнікоў тургаліны пачалі даваць свой плён — да нас паехалі замежнікі. Прычым мы пакуль не паспяваем за тэмпамі росту цікавасці да нашай краіны — трэба яшчэ шмат зрабіць для таго, каб якасна абслужыць усіх гасцей. Напрыклад, Беларусь пакуль не гатова да наплыву турыстаў з мусульманскіх краін, якім неабходна спецыфічнае меню, у Мінску ж рэстараны з халяльнай ежай можна пералічыць па пальцах.
На турыстычны рынак Беларусі, які штогод стабільна прырастае, звярнулі ўвагу замежныя інвестары. Праўда, укладаюць сродкі яны пераважна ў будоўлю інфраструктуры для самага патрабавальнага кантынгенту, а нам на цяперашні момант больш не хапае трохзоркавых гатэляў, асабліва ў рэгіёнах. Справа ў тым, што заходнія турысты, якія сёння наведваюць Беларусь, выбіраюць эканом-клас. Пераважна гэта людзі немаладыя, часта пенсійнага ўзросту, якіх вабіць экскурсійны турызм. Іх цікавяць нашы архітэктура, этнаграфія, прырода. Трэба ўлічваць, што звычайна гэта людзі адукаваныя, сёе-тое ведаюць пра гісторыю Усходняй Еўропы і нават Беларусі, калі іх продкі — выхадцы з нашай краіны. Заходнікі любяць падарожнічаць сем'ямі ці калектывамі, часта яны спалучаюць паездкі адразу па Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Беларусі. Пры гэтым у нас могуць затрымацца на тры-чатыры дні.
А вось раскошныя пяцізоркавыя гатэлі больш разлічаныя на дзелавы турызм і на падарожнікаў з краін Персідскага заліва, Паўднёва-Усходняй Азіі. Адтуль прыязджае турыст маладзейшы, больш сямейных пар, ім патрэбны спа, часам казіно, і яны гатовы траціць грошы.
Адна з краін, за якую гатовы змагацца тураператары, — Кітай. На працягу апошняга дзесяцігоддзя яго насельнікі ў лідарах як самыя актыўныя да падарожжаў. Так, толькі за 2018 год па свеце раз'ехалася 120 мільёнаў турыстаў з Паднябеснай. Калі Расія ў 2018 годзе прыняла 1,2 мільёна кітайцаў, то летась ужо каля двух мільёнаў. Не стаіць убаку і Беларусь. Праўда, атрымаць турпатокі з усходу даволі складана. Кітайскі турыст спецыфічны, працаваць з ім няпроста. Ён не набудзе тур у Беларусь на цэлы тыдзень, а пастараецца выбраць такі маршрут, каб за адзін раз наведаць адразу некалькі краін альбо пабываць у мясцінах, дзе знаходзяцца помнікі сусветнага значэння, побач з якімі можна сфатаграфавацца. Да таго ж пакуль індывідуальныя турысты з Кітая да нас не так ужо масава едуць. Значна больш прыбытку можа прынесці дзелавы турызм. Летась за адну толькі здзелку, калі на нашай тэрыторыі праводзілася карпаратыўная канферэнцыя адной з буйных кітайскіх кампаній, Беларусь зарабіла 1,5 мільёна долараў. І гэта быў сапраўдны прарыў у турыстычнай галіне! Для абслугоўвання гасцей было задзейнічана 100 аўтобусаў (прычым выканана патрабаванне заказчыка, каб транспарт быў не старэйшы за пяць гадоў), пяць гатэляў і 12 рэстаранаў. «Гэты вопыт падказвае, куды далей рухацца, што рабіць, і што мы ў стане задаволіць няпростыя кітайскія запыты па правядзенні такіх маштабных мерапрыемстваў, — заўважыў начальнік філіяла «Белінтурыст» РУП «Цэнтркурорт» Аляксей Стрэльчанка. — У Кітаі дастаткова вялікая колькасць карпарацый, холдынгаў сусветнага ўзроўню, якія працуюць на ўсіх кантынентах і праводзяць свае канферэнцыі, семінары, карпаратывы, як правіла, у іншых краінах. Беларусь можа стаць адной з такіх пляцовак. З дапамогай нашых дыпламатычных органаў мы выходзім на такія карпарацыі і прапануем свае паслугі. На 2020 год ёсць і больш значны, дагэтуль нязведаны ў Беларусі праект, але пакуль у сувязі з каранавірусам адносіны і інфармацыйны абмен прыпынены, праекты замарожаны».
Наогул каранавірус можа сур'ёзна паўплываць на работу турыстычнай галіны. Калі мільёны кітайскіх турыстаў не даедуць да Еўропы і Расіі, гаспадары прыватных гатэляў будуць старацца прывабіць на незанятыя месцы новых кліентаў і цэны на пражыванне ў суседніх краінах стануць падаць, беларускай турыстычнай галіне трэба быць гатовай да такога выкліку.
Расце цікавасць да нашай краіны і ў жыхароў Пакістана. Нельга не звярнуць увагу на патэнцыял гэтай краіны з насельніцтвам у 207 мільёнаў. Сёння знешнепалітычныя адносіны Беларусі з Пакістанам развіваюцца вельмі паспяхова, што бясспрэчна спрыяе развіццю турызму, — назіраецца добрая дынаміка запатрабаванасці беларускіх тураў.
А вось такі перспектыўны рынак як Індыя нам яшчэ трэба заваяваць. Тэмпы росту выязднога індыйскага патоку ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў на год, але да Беларусі пакуль даязджаюць адзінкі. Няма прамых авіястасункаў (хоць размовы пра гэта вядуцца ўжо не першы год), таму ўсе намаганні, што прыкладаюць беларускія турыстычныя арганізацыі для прасоўвання свайго прадукту ў Індыі, не даюць значнага эфекту.
Фота Анатоля Клешчука.
Расія па-ранейшаму застаецца самым актуальным і масавым турыстычным рынкам. Дзякуючы таму, што кампанія «Белавія» змагла стварыць добрую рэгіянальную праграму авіястасункаў з расійскімі гарадамі-мільённікамі, у санаторыях, на фестывалях і канцэртах мы можам убачыць турыстаў з Казані, Растова, Ніжняга Ноўгарада, Варонежа. Традыцыйна ёсць попыт сярод жыхароў усіх буйных гарадоў СНД. У 2020 годзе плануецца развіваць туры выхаднога дня і экскурсійныя праграмы для Казахстана і Узбекістана.
Цешыць, што на Беларусь звярнула ўвагу і наша заходняя суседка. Колькасць польскіх турыстаў хутка прырастае, сёння яны на другім месцы пасля расійскіх. Тое ж і з краінамі Балтыі. Несумненна, тут сваю пазітыўную ролю сыграў бязвіз, уведзены ўказам Прэзідэнта.
Дастаткова высокі попыт і цікавасць да Беларусі паказваюць скандынаўскія краіны. Сёлета турыстычныя кампаніі сумесна з авіякампаніяй «Белавія» ўпершыню наладзілі туры выхаднога дня з Фінляндыі, павялічылі актыўнасць экскурсійныя групы з Даніі, Нарвегіі. Тут таксама запатрабаваны камбінаваны прадукт, калі турысты наведваюць адразу некалькі краін. «Скандынаўскі рынак для нас з патэнцыйнага на 2019 год ператвараецца ў мэтавы, на які варта рабіць стаўку, тым больш калі мы чакаем чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе», — заўважыў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.
Наогул папярэдні вопыт паказвае, што спартыўныя мерапрыемствы дазваляюць даволі нядрэнна прасоўваць турыстычны прадукт. Балельшчыкі з задавальненнем падарожнічаюць па краіне, пакідаюць шмат станоўчых водгукаў. Калі зазірнуць на форумы, бачна, што замежныя госці пакідаюць цёплыя словы аб Беларусі як аб прыгожай, бяспечнай, чыстай і цікавай краіне. А сярод самых частых нараканняў — праблемы з веданнем англійскай і... беларускай моў.
Расце цікавасць да нашай краіны і з боку турыстаў — жыхароў ЗША і Канады. Прычым паглядзець на Сінявокую збіраюцца не толькі балельшчыкі будучага чэмпіянату па хакеі, але і турысты, якіх цікавіць гісторыя напалеонаўскай, Першай і Другой сусветных войн. І зноў жа, тут вызначальным фактарам з'яўляецца бязвіз.
Развіваюцца адносіны з Вялікабрытаніяй, Бельгіяй. Філіп Гулы спадзяецца, што такія ж праграмы, як летась з Фінляндыяй, сёлета ўдасца рэалізаваць ужо з новым партнёрам — Германіяй. Плануецца выйсці на сістэмныя туры выхаднога дня. Суразмоўца заўважае, што такога сур'ёзнага і масавага інтарэсу да Беларусі з боку заходніх краін яшчэ не было. Натуральна, гэты шанц нельга ўпускаць. І сёння робіцца вельмі шмат для развіцця партнёрскіх адносін. Былі арганізаваны туры для журналістаў з Вялікабрытаніі, у выніку якіх публікацыі ў англійскіх выданнях пра Беларусь праглядзела некалькі мільёнаў чалавек. Беларусы ўдзельнічалі не толькі ў выстаўках, але і ў такіх мерапрыемствах, як біржа кантактаў, калі пастаўшчыкі і тураператары сустракаюцца адно з адным, прычым сістэма сустрэч распісана загадзя, і бакі адразу ведаюць, пра якія прадукты і цэны будзе весціся гаворка. Калі раней можна было прыехаць на выстаўку і за прыгожым стэндам завабліваць «Купляйце беларускае» ці «Прыязджайце да нас, мы зробім усё што пажадаеце», дык сёння такія агульныя «заяўкі» не спрацуюць. На рынак трэба прыходзіць з канкрэтным прадуктам, цэнамі, камісіяй. Прычым традыцыйна ў заходніх культурах продаж вядзецца на год наперад. Адпаведна, і нам трэба ўжо цяпер выдаць поўную цэнавую лінейку на 2021 год з улікам таго, што ў гэты час будзе праводзіцца сусветны чэмпіянат па хакеі. Пакуль нам не хапае мабільнасці і гнуткасці ў цэнаўтварэнні, але гэта вельмі важна для таго, каб атрымаць замежных турыстаў.
Сёння замежныя кампаніі стараюцца наўпрост працаваць з беларускімі з аб'ектамі размяшчэння. Пасярэднікі, якія проста перапрадаюць месцы ў гасцініцах, калі гэта не вялікія рэсурсы, накшталт букінгу, — учарашні дзень. У трэндзе той, хто прапануе ўласны прадукт. Таму сёння так неабходны навучанне і азнаямленне кіраўнікоў ці адказных менеджараў гатэляў, санаторыяў з новымі тэндэнцыямі на турыстычных рынках, яны павінны прапісваць дакладныя тарыфы, выстройваць глыбіню продажаў і заключаць прамыя кантракты.
«Важна не дапусціць распылення рэсурсаў, якіх у Беларусі не так шмат», — заўважыў Філіп Гулы. — Ёсць пэўныя рынкі. Мы разумеем прыблізную іх ёмістасць, хто і якіх турыстаў можа даць, што яны могуць набыць і што для гэтага трэба зрабіць».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamezhnyya-turysty
[4] https://zviazda.by/be/tags/zamezhniki
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus