Еўдакія Лось (1929—1977) — таленавітая беларуская паэтэса. Нарадзілася на Вушаччыне, прыгожым азёрным краі, які даў краіне мноства знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. Тут нарадзіліся класікі беларускай літаратуры Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, пачынальнікі новай беларускай літаратуры Арцём Вярыга-Дарэўскі, Фелікс Тапчэўскі. Еўдакія Лось скончыла філфак Мінскага педінстытута імя М. Горкага (1955), Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1960). У розныя гады працавала літработнікам газеты «Звязда», адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Аўтар паэтычных зборнікаў «Сакавік», «Палачанка», «Яснавокія мальвы», «Галінка з яблыкам», «Лірыка ліпеня» і інш.
Вершы — Еўдакія ЛОСЬ, Яўген КСЯНЕВІЧ,
музыка — Яўген КСЯНЕВІЧ.
1. Мы амаль што чужыя, у нас
Толькі некалькі сціплых сустрэч,
Але нават бязлітасны час
Не прагоніць ніводную прэч.
Прыпеў:
Сціплыя стрэчы,
Цёплыя стрэчы.
Сумны наш вечар
Падаў на плечы.
2. Мы ішлі па расе басанож.
Дарагіх ты мне слоў не сказаў.
Але я іх пачула усё ж —
Ты іх дрэвам усе перадаў.
Прыпеў.
3. І дубы шалясцелі ўначы
І ўздрыгвалі да каранёў...
Спачываў на дзявочым плячы
Ціхі ліст у агні прамянёў.
Пройгрыш.
Прыпеў.
4. Калі выдасца момант цяжкі,
Я іду — дзе раса, дзе масток,
І тулю да гарачай шчакі
Са знаёмага дрэва лісток...
Прыпеў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugen-ksyanevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pesnyu-byaryce-z-saboyu