У Самары ўжо ёсць “Беларуская хата” з адпаведным падворкам — у мясцовым Парку дружбы народаў
Хачу падзяліцца добрай навіной. Чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна ж, ведаюць пра вялікі этнапраект, які рэалізуецца ў Самары. Дык вось, мы звярнуліся ў Міністэрства культуры Беларусі з просьбай дапамагчы ў афармленні “Беларускай хаты”. І ўвосень атрымалі доўгачаканую пасылку з Беларусі, з Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. А ў ёй — рэчы, прызначаныя для афармлення інтэр’еру хаты, што стаіць ужо на беларускім падворку ў Парку дружбы народаў. Прыемна было нам пераканацца: кіраўніцтва Беларусі сапраўды падтрымлівае суайчыннікаў у замежжы. А этнапраект у самарскім Парку дружбы народаў, нагадаю, рэалізуецца з удзелам нашай Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні й развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Усе дасланыя прадметы будуць размешчаны ў беларускай хаце: а гэта прыгожыя тканыя ручнікі, герб Рэспублікі Беларусь ручной работы, сувенірныя наборы, лялькі, гарлачыкі, кнігі ды шыкоўныя альбомы пра Беларусь і беларускія нацыянальныя рамёствы.
У Парку ўжо заканчваюцца будаўнічыя работы. На беларускім падворку стаіць прыгожая новая хата-зруб, ёсць таксама гаспадарчыя пабудовы, калодзеж, вароты з брамкай, плот. Пасаджана кустоўе, па вясне прадоўжым добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Адкрыццё Парку дружбы народаў плануецца ў канцы ліпеня 2020 года. Як пацяплее — пачнем наводзіць парадак унутры хаты. Хочам стварыць праўдзівы беларускі інтэр’ер, напоўніць яе прадметамі побыту — і цяплом нашых рук і сэрцаў. Наша суполка “Белая Русь” прадставіла праект унутранага ўладкавання хаты, які адобраны старшынёй Саюза народаў Самарскай вобласці Расціславам Хугаевым, галоўным архітэктарам праекта Аленай Чарнышовай ды ўзгоднены з мясцовымі этнографамі. Як усё задумана — пакуль раскрываць не буду. Але ж мы пастараемся максімальна перадаць адметнасці побыту беларусаў, паказаць нацыянальны каларыт, асаблівасці жыцця вяскоўцаў.
Алег Ксяндзоў, кіраўнік Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні й развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-03-2020-low.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy