На мінулым тыдні ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылося чарговае пасяджэнне рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Эксперты разгледзелі прапановы розных рэгіёнаў аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў чатырох нематэрыяльных праяў творчасці чалавека: беларускія мастацкія практыкі саломапляцення, традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны, традыцыі выпякання грачанага хлеба (на тэрыторыі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці) і тэхналогіі ды традыцыі выпякання хатняга хлеба на Міншчыне (захоўваецца ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна). На сайце ўстановы афіцыйна паведамляецца, што па ўсіх прапановах навукова-метадычная рада прыняла станоўчыя рашэнні.
Дарэчы, за 2019 год рэспубліканскі спіс папоўніўся 16 новымі аб'ектамі культурнай спадчыны, а ўсяго на дадзены момант у ім налічваецца амаль 5,5 тысячы аб'ектаў. У снежні ж, нагадаем, адзін з беларускіх абрадаў — «Юраўскі карагод» — быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сёлета магчыма наданне адпаведнага высокага статусу традыцыі ляснога бортніцтва Беларусі і Польшчы — падрыхтоўка па гэтай намінацыі вядзецца сумесна з польскім бокам.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота kultura.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/hleb
[4] https://zviazda.by/be/tags/kulturnaya-kashtounasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistoryka-kulturnaya-spadchyna