Пад такой назвай у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 29 студзеня прайшла вечарына, прысвечаная памяці й 80-годдзю пісьменніка, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі ды Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа Леаніда Марцінавіча Дайнекі
Шматлікім чытачам ён вядомы раманамі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”, “Назаві сына Канстанцінам”, у якіх пісьменнік спрабуе заглянуць у даўняе мінулае Беларусі. А ягоны фантастычны раман “Чалавек з брыльянтавым сэрцам” па захапляльнасці параўнальны з творамі сусветна вядомага пісьменніка Айзека Азімава. Вядомы чытачам Леанід Дайнека і як выдатны паэт, эсэіст.
Пры жыцці ён шмат падарожнічаў, наведаў Грэцыю, Кіпр, Крыт, для сыноў зладзіў паездку ў Ізраіль, дзе наведваў разам з імі святыя мясціны. Пісьменнік, расказалі блізкія на вечарыне, вывучаў англійскую, грэчаскую мовы, замежныя словы і ў побыце выкарыстоўваў, быў у ладзе са смартфонам, Фэйсбукам, вайберам... Ва ўтульнай зале музея сабралася радня пісьменніка: ягоная жонка Зінаіда Міхайлаўна, сыны Сяргей, Дзмітры ды Сцяпан з жонкамі, дзецьмі. Шмат было гасцей вечарыны, прозвішча якіх на слыху, і якія добра ведалі юбіляра, сябравалі з ім. Вяла вечарыну супрацоўніца музея Эліна Свірыдовіч, і першае слова дала паэту Сяргею Законнікаву, які сябраваў з Леанідам Дайнекам са студэнцкіх гадоў. Пра гады сумеснай працы ў часопісе “Маладосць” (там Леанід Марцінавіч доўгі час працаваў адказным сакратаром) расказаў Генрых Далідовіч, раней галоўны рэдактар выдання. Цікавымі ўспамінамі падзяліўся выдавец, паэт Кастусь Цвірка, а галоўрэд “Маладосці” Святлана Воцінава расказала пра пісьменніка шляхам дэманстрацыі на экране дакументаў, што зберагаюцца ў рэдакцыйным архіве.
Шмат цёплых слоў у адрас пісьменніка-юбіляра прагучала ад супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Таццяны Лаўрык, якая даследуе жыццёвы й творчы шлях Леаніда Дайнекі. Яна прачытала й яго вершаваныя радкі. Паэт, галоўны рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін адзначыў, што пісьменнік часта друкаваўся ў часопісе, і што яго творы абуджаюць нашу гістарычную памяць, гордасць беларусаў за сваю Бацькаўшчыну. Эдуард Акулін прачытаў верш Леаніда Дайнекі “Балада пана Гарбанёва”, надрукаваны ў “Верасні”. А напярэдадні вечарыны сам Эдурад Акулін напісаў верш “Плашчаніца”, прысвечаны Леаніду Дайнеку, музыку на які напісаў бард Канстанцін Гарашчанка — ён жа пад гітару й праспяваў новую песню.
Добрыя словы пра свайго свёкра сказала спявачка Таццяна Беланогая (Дайнека), жонка сярэдняга сына пісьменніка, Дзмітрыя. Таццяна выканала песню на верш Леаніда Дайнекі, мае намер запісаць кампакт-дыск, у які ўвойдуць таксама іншыя запісы песень на яго вершы. Пра бацьку цёплыя словы казаў ягоны сын Дзмітры, ён жа падарыў Музею літаратуры ад сям’і Дайнекаў поўны камплект выданняў пісьменніка й сямейныя фотаздымкі.
Лявон Целеш.
Фота Эліны Свірыдовіч.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-03-2020-low.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy