На чарговым пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі абмеркавалі супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў.
«На фоне існуючай наркапагрозы нам удаецца эфектыўна ўплываць на сітуацыю, але, на жаль, спробы ўвозу забароненых рэчываў і выкарыстання Беларусі ў якасці краіны транзіту не скарачаюцца. У сувязі з гэтым дзейнасць праваахоўнікаў павінна быць адэкватная выклікам і пагрозам, якія з'яўляюцца», — перадае словы прэм'ер-міністра Сяргея Румаса прэс-служба ўрада.
Прафілактыка наркаманіі — сфера адказнасці не толькі сілавых структур. Рэаліі патрабуюць перагляду формаў і метадаў работы з пункту гледжання як сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці, так і ўспрымання грамадствам.
Як падкрэсліў Сяргей Румас, універсальных лекаў ад наркаманіі не існуе і акрамя праваахоўнага складніка ў вырашэнні праблемы неабходна адладжаная сістэма рэабілітацыі і лячэння залежных.
«Аднак складанасць і шматграннасць праблемы наркаманіі такая, што і гэтых элементаў недастаткова для вызвалення ад залежнасці. Калі пацыенты пасля лячэння і рэабілітацыі пакінуты на волю лёсу, не арганізаваны працэс іх пастаяннай занятасці і сацыялізацыі, вяртання ў ранейшы заганны круг не пазбегнуць», — сказаў кіраўнік урада.
Па словах міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, статыстыка нарказлачынстваў у краіне знізілася, але ўзрасла колькасць наркотыкаў, якія канфіскавалі. Летась здзейснена каля 4,5 тысячы злачынстваў у гэтай сферы — палова звязана са збытам.
«Самае галоўнае дасягненне: пачынаючы з 2015 года колькасць выпадкаў перадазіровак з непаўналетнімі і, такім чынам, іх смерцяў скарацілася ў 37 разоў, у параўнанні з 2018 годам — у тры разы», — адзначыў Юрый Караеў.
Для транснацыянальных груповак Беларусь па-ранейшаму застаецца прывабнай краінай для транзіту. Да нас і праз нас ідуць пастаўкі як з усходу, так і з захаду.
«Раслінныя наркотыкі ў асноўным ідуць з усходу на захад, а сінтэтычныя — з захаду на ўсход. Сінтэтычныя з'яўляюцца найбольш небяспечнымі, іх усяго 5 % у агульным спектры, але менавіта ад іх 60 % перадазіровак», — удакладніў кіраўнік МУС.
Па словах Юрыя Караева, падраздзяленні па барацьбе з наркотыкамі накіраваны на выяўленне не дробных спажыўцоў, а буйных партый, каналаў і актыўную дзейнасць у сферы прафілактыкі.
З ініцыятывы Міністэрства ўнутраных спраў у РНПЦ псіхічнага здароўя створаны пілотны цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных. Вынікі яго работы падвядуць у верасні. Магчыма, што пілотны праект стане пастаянным.
Юрый Караеў рэзюмаваў, што ў цэлым сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў кантралюецца і з'яўляецца значна лепшай, чым у іншых краінах. «Але гэта такая сфера, што мы павінны за кожнага змагацца. Кожны чалавечы лёс нам дарагі, і трэба імкнуцца ў гэтым плане да ідэалу», — канстатаваў міністр.
Марыя ДАДАЛКА
Прэв'ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rumas
[6] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-karaeu-0