На базе палігона Лосвіда ў Віцебскім раёне прайшоў збор па пытаннях ваеннай бяспекі і абароны Беларусі з кіраўнікамі абласцей і горада Мінска, рэгіянальных камісарыятаў, паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Такія мерапрыемствы праводзяцца сістэматычна. «Сутнасць гэтага збору ў тым, што да ўдзельнікаў даведзены асаблівасці вядзення ўзброенай барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэрыторыі, асноўныя тэндэнцыі змен ваенна-палітычнай абстаноўкі, падыходы Генштаба УС да арганізацыі і вядзення тэрытарыяльнай абароны», — адзначыў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Аляксандр Вальфовіч, перадае БелТА.
Была арганізавана дэманстрацыя ўзбраення, асаблівасцяў размяшчэння і парадку дзеянняў фарміраванняў тэрытарыяльных войскаў і падраздзяленняў сіл спецаперацый. Практычная частка збору ўключала адпрацоўку дзеянняў падраздзяленняў у населеным пункце і ў тыле праціўніка, у тым ліку з выкарыстаннем вадалазаў. Важнай часткай стала ўручэнне сцягоў тэрытарыяльнай абароны кіруючаму складу абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў.
«Кожны мужчына павінен ведаць, як абараніць сваю сям'ю, а кіраўнік абавязаны разумець, як абараніць падуладны яму рэгіён. Змяняецца тэхніка, трэба ісці ў нагу з часам, разумець, з якой зброяй стаяць каля граніцы», — перакананы старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Пытанням тэрытарыяльнай абароны ўдзяляецца вялікая ўвага. 2020 год таксама будзе насычаны адпаведнымі мерапрыемствамі. Запланаваныя вучэнні ў Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, штабныя трэніроўкі. Акрамя таго, як паведаміў Аляксандр Вальфовіч, Генштабам будуць праведзены раптоўныя комплексныя праверкі раённых штабоў тэрытарыяльнай абароны.
Фота: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/vaennaya-byaspeka
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-abarony