Паглыбленню палітычнага дыялогу і развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША павінна спрыяць міжпарламенцкае ўзаемадзеянне.
Пра гэта заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў на сустрэчы з прадстаўнікамі Сената Кангрэса ЗША, паведамляе БелТА.
Старшыня профільнай камісіі правёў перагаворы з кіраўніком сакратарыята камітэта па міжнародных адносінах Сената Кангрэса ЗША Крыстаферам Сочам і супрацоўнікам сакратарыята камітэта, адказным за пытанні Еўропы і рэгіянальнай бяспекі, Ханнай Тобурн. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел член названай Пастаяннай камісіі Алег Румо і часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джэніфер Мур.
Бакі абмяняліся думкамі па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і паглыбленні беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння, у тым ліку міжпарламенцкага.
«Апошнім часам Беларусь і ЗША зрабілі сур'ёзныя крокі па паляпшэнні двухбаковых кантактаў. Але важна не толькі нармалізаваць адносіны, а зрабіць іх добрымі. У гэтым бачыць сваю задачу беларускі бок. Паглыбленню палітычнага дыялогу і развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва павінна спрыяць міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Савет Рэспублікі гатовы мець непасрэдныя зносіны з Сенатам Кангрэса ЗША і абмяркоўваць актуальныя пытанні беларуска-амерыканскага парадку дня і рэгіянальнай бяспекі», — падкрэсліў Сяргей Рачкоў.
У сваю чаргу, Крыстафер Соча заявіў, што ўсе галіны ўлады ў ЗША зацікаўлены ў развіцці адносін з Беларуссю. «Узаемадзеянне з вашай краінай з'яўляецца важным, і наколькі ЗША сур'ёзныя ў гэтым пытанні, пацвярджаецца апошнімі візітамі», — адзначыў ён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rachkou
[5] https://zviazda.by/be/tags/krystafer-socha