Вось і не прыйшла да нас у гэты сезон кліматычная зіма, не лёс ёй роднай, не лёс. Усё той жа мокры снег з дажджом і парывісты вецер чакаюцца ў нашай краіне ў выхадныя, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Цяперашняй зімой цёплая Атлантыка з рэгулярным пастаянствам адпраўляе цыклоны на абшары паўночных мораў, перакрываючы тым самым доступ халоднага паветра ў паўднёвыя шыроты. Атлантычныя паветраныя масы будуць падаграваць атмасферу ў большасці краін Еўропы. Наша краіна не выключэнне. У апошнія дні паветра праграваецца як у красавіку. У выніку ў многіх раёнах на гэтым тыдні фіксуюцца рэкорды тэмпературы. Паўсюдна растаў снег. Зімой ужо нават не пахне...
І сёння чакаецца пераменная воблачнасць, а тэмпература ў разгар дня ад плюс 3 да 9 градусаў цяпла. Заўтра, у суботу адаб'ецца ўплыў вільготных і цёплых паветраных мас, якія ссоўваюцца да нас з тэрыторыі Заходняй Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы дзе-нідзе магчымы слабыя туман і галалёд. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, а ў дзённыя гадзіны, пераважна па паўночна-заходняй частцы краіны, парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да плюс 3 градусаў, удзень — 2—8 цяпла.
Аднак 23 лютага надвор'е ў нас сапсуецца. На большай частцы Беларусі чакаецца моцны парывісты вецер заходняга напрамку. Будзе пераважаць воблачнае надвор'е. Часам будуць выпадаць ападкі ў выглядзе мокрага снегу, які будзе пераходзіць у дождж. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 5 градусаў, удзень — 2—8 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня будзе таксама ветрана. На тэрыторыю краіны прыйдзе чарговы атмасферны фронт, таму імаверны мокры снег з дажджом. Тэмпература паветра ўсё гэтак жа будзе вышэй за кліматычную норму, а да сярэдзіны тыдня і вецер супакоіцца.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: 53news.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1