Яна тычыцца радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў і заснавана на аналізе дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу. Тэхналогія дазваляе аператыўна адсачыць змяненні навакольнага асяроддзя ў раёнах распрацоўкі радовішчаў шахтавым і кар'ерным спосабамі і скараціць негатыўны ўплыў на яго пры выманні прыродных рэсурсаў.
З яе дапамогай можна спрагназаваць рызыкі абвалаў, затапленняў кар'ераў і шахт, выкідаў газу, тэхнагенных землятрусаў у месцах здабычы калійных соляў, пяску, гліны і інш.
Аўтарамі інавацыі выступілі супрацоўнікі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Барыс Уласаў, Таццяна Архіпенка і Міхаіл Камароўскі пад кіраўніцтвам прафесара кафедры рэгіянальнай геалогіі Валерыя Губіна.
Распрацоўка ўяўляе сабой праграму для аўтаматызаванай апрацоўкі здымкаў зямной паверхні. На іх аснове ствараюцца картаграфічныя мадэлі доследнай тэрыторыі, дзе вылучаюцца геадынамічныя актыўныя зоны. Для большай дакладнасці прагнозаў навукоўцы наведваюць мясцовасць, якая даследуецца, і вывучаюць асаблівасці рэльефу, покрыўныя адклады, водна-эразійныя працэсы, магчымасць абвалаў, апоўзняў і г.д. Вынікам сістэмнай работы з'яўляецца комплекс карт ацэнкі геаэкалагічнага стану і змяненняў геалагічнага асяроддзя. На дадзены момант карты распрацаваны для радовішчаў глін у Мінскім раёне і калійных соляў у Салігорскім раёне.
Навацыя БДУ паспяхова прайшла апрабацыю ў Белгархімпраме. Акрамя таго, прынцыпы работы з тэхналогіяй выкладаюцца будучым інжынерам-геолагам на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.
Праект выкананы ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы "Распрацоўка касмічных і наземных сродкаў забеспячэння спажыўцоў Расіі і Беларусі інфармацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі" ( "Маніторынг-СД").
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/geaekalogiya
[2] https://zviazda.by/be/tags/navakolnae-asyaroddze
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu