zviazda.by
Published on zviazda.by (https://zviazda.by)

Хатняя старонка > БЧ: Кожны чацвёрты білет — электронны

  • 28.02.2020 00:41
    • Аўтар:
    • Сяргей Куркач [1]
  • Грамадства [2]

Сёння ў ведамстве БЧ практычна цалкам гатовыя абслугоўваць усіх пасажыраў па электронных праязных дакументах. «Галоўнае, — адзначае Аляксандр Дрожжа, — каб гэта было зручна кліентам, каб пасажыр да гэтага прывык і карыстаўся сэрвісам». Усяго летась праз сайт дарогі прададзена больш за тры мільёны электронных праязных дакументаў — гэта 25 % ад агульнай колькасці рэалізаваных білетаў на цягнікі з пранумараванымі месцамі. Гэта значыць, кожны чацвёрты дакумент, які набылі пасажыры, быў электронны.


Летась праведзена сур'ёзная работа па ўдасканаленні на сайце аддзела «Паслугі пасажырам». «Мы распрацавалі і ўкаранілі мабільную праграму для куплі білетаў, прычым праз яе можна набыць білет не толькі на цягнік з пранумараванымі месцамі, але і з непранумараванымі, гэта значыць на цягнікі рэгіянальных напрамкаў. У выніку доля электронных праязных у агульнай колькасці прададзеных білетаў за студзень 2020 года вырасла да 30 %, — паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы. — Мы заклікаем сваіх кліентаў актыўна карыстацца гэтым сэрвісам, гэта зручна, хутка, сучасна і не трэба стаяць у чэргах».

Практычна ўсе цягнікі маюць электронную рэгістрацыю. «Засталося літаральна некалькі саставаў, якія яе не маюць. Гэта, на жаль, цягнікі з Украінай. Але ў гэтым годзе мы гэтае пытанне з украінскімі калегамі абавязаны вырашыць».

Сёлета будзе працягнутая работа па забеспячэнні магчымасці аплаты паслуг чыгункі непасрэдна па шляху руху па безнаяўным разліку. Цяпер разлічыцца за гарбату, печыва і бялізну ў цягніку можна будзе з дапамогай банкаўскай карткі не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за яе межамі.

Цягнікі лакаматыўнай цягі — толькі ўначы

А ўсё таму, што вырашылі працягнуць практыку адмовы ад такіх цягнікоў у дзённы час. Узамен звыклых плацкартаў на лініях з'яўляецца ўсё больш маторвагонных саставаў.

— Мы спрабуем зрабіць цягнікі зручнымі і камфортнымі, — падкрэсліў прадстаўнік БЧ. — Цяпер па Беларусі актыўна ездзяць электра- і дызель-цягнікі Stаdlеr і Реsа — усяго 34 саставы. Летась набыты тры новыя дызель-цягнікі Реsа шасцівагоннай кампаноўкі. Са снежня яны курсіруюць у напрамку Мінск — Віцебск. Цяпер шлях паміж двума гэтымі гарадамі займае тры гадзіны. Часам трохі больш — у залежнасці ад часу сутак.

Зусім хутка парк чыгункі папоўніцца яшчэ трыма такімі цягнікамі. Саставы будуць абслугоўваць лініі Мінск — Магілёў і Мінск — Гродна. Гэтую ідэю плануем рэалізаваць ужо ў 2020 годзе.

Пашыраем геаграфію палётаў

Нацыянальны авіяперавозчык рыхтуецца асвоіць сёлета адразу некалькі напрамкаў. У якія новыя аэрапорты паляцяць беларускія самалёты, расказала начальнік службы маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці «Белавія» Кацярына Радзішэўская.

Яна адзначыла, што ў «Белавія» дастаткова развітая сетка рэгулярных маршрутаў. Нашы самалёты лётаюць у 55 аэрапортаў 39 краін свету. Летась упершыню ў гісторыі авіякампаніі гадавы пасажырапаток перавысіў чатыры мільёны чалавек. Гэта стала магчыма дзякуючы гнуткай тарыфнай палітыцы і развіццю геаграфіі палётаў.

Летась было адкрыта адразу некалькі новых напрамкаў — рэгулярныя рэйсы ў Талін, Мюнхен. «Увесну мы плануем адкрыць уласны штодзённы рэгулярны рэйс у Вену. Таксама ёсць намер зрабіць рэйсы ў Актау (Казахстан), іспанскі Рэус і сталіцу Узбекістана Ташкент», — адзначыла Кацярына Радзішэўская.

Летась кампанія набыла шэсць самалётаў: два Bоеіng 737-800 і чатыры Еmbrаеr. Сёлета ў красавіку чакаецца прыбыццё яшчэ аднаго Еmbrаеr у рамках падпісаных раней кантрактаў. Акрамя таго, нядаўна з лізінгавай кампаніяй падпісана пагадненне на пастаўку трох Еmbrаеr новага пакалення. Першы сучасны лайнер плануюць атрымаць у снежні. Самалёты гэтага тыпу вельмі палюбіліся пасажырам дзякуючы камфорту.

Сяргей КУРКАЧ

Тэгі:
  • Беларуская чыгунка [3]
  • БЧ [4]
Падзяліцца:
Нашы партнёры:
Publishing House Star
Падпіска
© 1998—2021 Усе правы належаць рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Пры выкарыстанні публікацый сайта актыўная гіперспасылка на крыніцу і аўтара абавязкова.
  • Газета "Звязда"
  • Рэклама
  • Праекты
  • Архіў
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • У свеце
  • Культура
  • Калейдаскоп
  • Спорт
  • Нашы выданні
  • Кнігі
Яндекс.Метрика (function(m,e,t,r,i,k,a){m[i]=m[i]||function(){(m[i].a=m[i].a||[]).push(arguments)}; m[i].l=1*new Date();k=e.createElement(t),a=e.getElementsByTagName(t)[0],k.async=1,k.src=r,a.parentNode.insertBefore(k,a)}) (window, document, "script", "https://mc.yandex.ru/metrika/tag.js", "ym"); ym(37842935, "init", { clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true });
Создание информационного сайта Создание сайта webxayc.by

Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-chygunka
[4] https://zviazda.by/be/tags/bch