У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі выстаўка жывых экзатычных матылёў і прыватнай энтамалагічнай калекцыі стала нагодай для ўсталявання рэкордаў і пачатку традыцый.
Напрыклад, хлопцы падчас кветка-цукерачнага этапу стасункаў сталі запрашаць дзяўчат на рамантычнае спатканне ў ратушу. Яркія матылі лятаюць побач, садзяцца на жаночыя валасы і нечакана становяцца «заколкамі», «кліпсамі», а могуць і «брошкамі», упрыгожваючы адзенне...
Каб убачыць каля пяцідзесяці відаў прыгожых прадстаўнікоў насякомых з усяго свету, у абласны цэнтр прыязджаюць здалёк. Усіх наведвальнікаў адразу замілоўвае аб'ява, якую павесілі музейныя работнікі на сценах залы з незвычайнымі экспанатамі: «Праявіць разуменне да матылёў, не чапаць і не дзьмуць на іх». І просяць таксама ўважліва глядзець пад ногі, каб, не крый божа, не раздушыць насякомае...
На выстаўцы можна ўбачыць і цуд нараджэння матылёў. Коканы размяшчаюцца ў выставачнай зале, і кожны мае магчымасць назіраць за цудоўнай метамарфозай — іх ператварэннем у крылатых прыгажунь.
Цікава, дарэчы, што матылі зусім не растуць, а з'яўляюцца на свет ужо дарослага памеру. Велічыня крылаў насякомых — ад 3 да 28 сантыметраў. Іх радзіма — Філіпіны, Паўднёвая Амерыка, Мадагаскар, Афрыка, Кітай і іншыя краіны свету. Жыццё прадстаўнікоў фаўны вельмі кароткае: ад некалькіх гадзін да тыдня, таму экспазіцыя пастаянна абнаўляецца. І штотыдзень відавы склад выстаўкі мяняецца на 25—40 %.
Каб крылатыя прыгажуні не змерзлі, для іх стварылі трапічны клімат. У памяшканні падтрымліваюцца тэмпература +25° і вільготнасць паветра 60—80 %.
Харчуюцца замежныя госці садавіной і мёдам.
Выстаўка багатая і сапраўднымі рэкардсменамі. Так, матыль Паўлінавочніца Атлас — самы вялікі ў свеце. Ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса з-за сваіх вялікіх памераў. Сярод матылёў ёсць яркія Манархі, якія падчас міграцыі могуць здзяйсняць пералёты на тысячы кіламетраў, як пералётныя птушкі. Можна ўбачыць і сінякрылых Марфід з «незвычайным эфектам»: з цудоўнымі аптычнымі пералівамі крылаў. На выстаўцы ёсць і «майстры» маскіроўкі — Ліставідкі Калімы. Уражваюць і гіганцкія Калігі, якія палохаюць птушак велізарнымі «вачамі» на крылах.
Як паведамілі ў адміністрацыі музея, выстаўка будзе працаваць да канца сакавіка.
Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[5] https://zviazda.by/be/tags/matylyok