«Казюкі» — свята ў гонар Святога Казіміра, ахоўніка рамёстваў і майстроў. Малады шляхціц з роду Ягелонаў у ХVІІ стагоддзі быў прызнаны святым, і з тае пары ў яго гонар праводзяцца кірмашы рамеснікаў і народных майстроў. «Казюкі» — адзін з самых вядомых і маштабных кірмашоў у Літве і Польшчы. Дваццаць гадоў таму такое свята стала праходзіць і ў Гродне. Сёлета сюды прыехалі са сваім таварам рамеснікі Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны — усяго 220 майстроў.
Менавіта з гэтага дня пачынаўся сезон гандлю. Лічыцца, што наколькі ўдалы будзе першы вясенні кірмаш, настолькі і ўвесь год. Усе майстры гэта ведаюць і стараюцца прадставіць новыя эксклюзіўныя рэчы. Разам з асобнымі майстрамі свае вырабы паказалі раённыя дамы народнай творчасці. У гэтым шэрагу асабліва ўразіла Іўе, дзе існуе вельмі моцная школа саломапляцення. Новы кірунак работы цэнтра — фларыстычныя карціны. На іх існуе добры попыт, расказалі супрацоўнікі цэнтра. Невялікія разышліся за 5-6 рублёў, а ў бяспройгрышнай латарэі можна было выйграць прыгожы саламяны вянок.
Велікодныя кошычкі з невялікіх тэкстыльных лялек-яек можна было набыць за 20—25 рублёў. Новы трэнд — штучныя кветкі ў вазах і гаршках. Некаторыя букеты, як, напрыклад, півоні і архідэі, выглядалі даволі рэалістычна. Цана адной такой кампазіцыі даходзіла да 50 рублёў.
Жанчыны цікавіліся вырабамі з валенай шэрсці. Выбраць сапраўды было з чаго: шалі, паланціны, шапкі, барэты і сумкі... Дарэчы, з'явіўся на кірмашы і новы трэнд — празрыстая шарсцяная накідка з вышытым арнаментам, цаной ад 30 да 40 рублёў. Выклікалі цікавасць і яркія валёнкі, для загараднага дома — вельмі зручны і цёплы абутак.
Каля аднаго з павільёнаў на пляцоўцы размясціўся незвычайны аркестр: музыканты ў ім усе драўляныя, з бярозавых цурак, іграюць, седзячы на драўляных крэслах. Такія інсталяцыі прывёз майстар з Літвы, яны могуць упрыгожыць прысядзібны двор альбо дзіцячую пляцоўку. Цана іх — ад 35 да 60 рублёў.
А каб усім наведвальнікам пашчасціла, у цэнтры плошчы арганізатары ўстанавілі вялікую падкову-вароты. Праходзячы праз яе, кожны мог загадаць жаданне.
Маргарыта Ушкевіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[5] https://zviazda.by/be/tags/kazyuki