Вось і прыйшла вясна каляндарная, гэтым разам з актыўным сонцам і ўпэўненым цяплом. На бягучым тыдні на тэрыторыі краіны чакаецца цёплае і дажджлівае надвор'е, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Заўтра ўдзень захаваецца ўплыў вельмі цёплых паветраных мас міжземнаморскага паходжання. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 3 да плюс 8 градусаў. Удзень будзе 6—13 цяпла, а ў паўднёва-ўсходніх раёнах — ад плюс 14 да плюс 16 градусаў. Пры паўднёвым, паўднёва-ўсходнім ветры пераважна па паўночна-заходняй частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай па паўднёвым усходзе месцамі магчымы туманы.
Але не трэба чакаць менавіта ў пачатку сакавіка пастаяннага цяпла. Сакавік — месяц зменлівы. А таму ў чацвер, 5 сакавіка, надвор'е ў краіне стане вызначаць халодны атмасферны фронт, які пачне адціскаць цяпло на ўсход кантынента. Паўднёвы вецер зменіцца паўночным, стане значна свяжэй. У многіх раёнах пройдуць дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 2 да плюс 8 градусаў. Удзень будзе 4—9 цяпла, ва ўсходніх раёнах — плюс 10—15 градусаў.
Хто сказаў, што вясной не бывае снегу? Усё хлусня, бывае. Няўстойлівае надвор'е праявіць сябе ва ўсёй красе ў пятніцу. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі Беларусі, а ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, пераважна па захадзе краіны — з мокрым снегам. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман, у заходніх раёнах — слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы знізіцца і складзе ад нуля па захадзе да плюс 7 градусаў па ўсходзе краіны. А ўдзень актыўнае сонца нагадае нам, што прыйшла вясна. Паўсюдна будзе 2—9 цяпла, а па паўднёвым усходзе краіны да плюс 13 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore