У цырымоніі ўручэння пашпартоў у Палацы Незалежнасці прынялі ўдзел 25 падлеткаў з усёй Беларусі, якія ў свае 14 гадоў ужо дасягнулі поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў пэўнай сферы дзейнасці ці творчасці.
У сваім выступленні Прэзідэнт звярнуў увагу, што ва ўсе часы атрыманне пашпарта маладымі людзьмі ўспрымалася як першы крок у дарослае жыццё.
«Ведаю, што вы ўжо дабіліся пэўных поспехаў у вучобе, спорце і грамадскіх справах. Гэта выдатна, вы проста малайцы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўпэўнены, самыя вялікія перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Пры гэтым дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, упартасці і працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашыя пагодкі зможаце дасягнуць у будучыні».
«Яшчэ раз кажу: выпадковых людзей тут няма. Тут людзі, якія ўмеюць працаваць і паказваць прыклад іншым, весці за сабой іншых», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён дадаў, што папярэднія пакаленні шмат зрабілі, каб моладзь магла ганарыцца сваёй краінай. «А зараз ваша чарга развіваць, услаўляць і абараняць Беларусь. Магчыма, вы яшчэ не задумваецеся аб такіх важных і складаных паняццях, як самаідэнтычнасць нацыі ці незалежнасць дзяржавы. Але, толькі з’явіўшыся на свет, вы ўжо сталі часткай беларускага народа, творцамі яе сучаснасці і, канешне ж, будучыні, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Бо народ — мы ўсе, хто жыве, хто жыў да нас і будзе жыць пасля нас на гэтай зямлі. Таму мы адзіныя, і ад кожнага залежыць, якой краіна будзе заўтра».
На думку кіраўніка краіны, усвядоміўшы гэта, юныя беларусы зусім па-іншаму прачытаюць першыя словы нашай Канстытуцыі: «Мы, народ Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў падлеткам, у чым сутнасць галоўнага прызначэння грамадзяніна — служыць Айчыне.
«Патрыятызм — не проста размовы пра тое, як мы любім Радзіму. Але і казаць пра гэта трэба. Гэта штодзённая праца на яе карысць, захаванне гістарычных і культурных традыцый, абарона інтарэсаў дзяржавы і жыцця людзей. Усё гэта каштоўнасці, якія нашым продкам даводзілася адстойваць са зброяй у руках», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён заклікаў заўсёды памятаць, што 75 гадоў таму нашыя дзяды і прадзеды цаной неймаверных ахвяр і небывалага гераізму адваявалі для беларусаў права на існаванне, разграмілі фашызм, перад якім уся Еўропа стаяла на каленях.
«Я перакананы, што гэтую спадчыну новае пакаленне будзе берагчы гэтак жа, як і мы», — сказаў беларускі лідар.
«У вашым твары бачу новую, пазітыўную, таленавітую і па-добраму амбіцыйную Беларусь. Гэта мяне цешыць, як і ўсіх вашых бацькоў. Ідзіце наперад да абранай мэты, ніколі не здавайцеся і самае галоўнае — ніколі нічога і нікога не бойцеся. Верце ў сябе, верце, што калі вы ідзяце наперад, вам абавязкова дапамогуць і абавязкова, як правіла, на вашай роднай зямлі, у вашай Беларусі», — завяршыў сваё выступленне Прэзідэнт.
Пасля цырымоніі ўручэння да Аляксандра Лукашэнкі звярнуўся ўражэнец Быхаўшчыны Дзмітрый Іваноў. Ён расказаў аб сваёй мары стаць журналістам. Хлопец папрасіў зрабіць сумеснае фота з Прэзідэнтам і паабяцаў перадаць яму свежы нумар школьнага выдання. Для юных беларусаў таксама правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-kanstytucyi-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pashpart