Казімір Сваяк — адзін з пачынальнікаў духоўна-ірацыянальнай плыні ў заходнебеларускай паэзіі. Яго творчасць вызначалі асаблівасці містычнага, інтуітыўна-экстатычнага ўспрымання свету. Грамадскаэстэтычны ідэал паэта фарміраваўся на аснове рэлігійных поглядаў, глыбокага ўсведамлення хрысціянскіх маральнафіласофскіх каштоўнасцей. Каталіцкі святар, ён сцвярджаў духоўную сутнасць быцця як аснову дабра, ісціны і красы ў сусвеце.
Нядаўна споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, філосафа, драматурга, публіцыста, каталіцкага святара Казіміра Сваяка.
Нарадзіўся К. Сваяк (сапр. — Канстанцін Мацвеевіч Стаповіч) 19 лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё творчых здольнасцей таленавітага хлопчыка аказала сямейнае асяроддзе, якое культывавала ўвагу і любоў да беларускіх нацыянальных традыцый і каштоўнасцей, вуснай народнай творчасці.
Будучы паэт закончыў спачатку пачатковую школу ў вёсцы Барані, затым гарадскую ў Свянцянах (1906). У 1908— 1914 гг. вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, сумяшчаючы вучобу з лячэннем зімою ад сухотаў на курорце ў Закапанэ.
У 1915 г. у Пецярбургу К. Сваяк быў пасвечаны ў ксяндзы. Служыў вікарыем спачатку ў парафіі Камаі, затым Клюшчаны Свянцянскага павета. У 1916 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў вёску Карыціна на Беласточчыне. З ліпеня 1918 г. — у вёсцы Лапеніца пад Ваўкавыскам, з канца 1920 г. — пробашч у вёсцы Засвір. На ўсіх месцах службы К. Сваяк займаўся рэлігійнай, грамадска-культурнай і літаратурнай дзейнасцю. Напрыклад, у Клюшчанах не толькі вёў набажэнствы па-беларуску, але і арганізаваў пры касцёле працу беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў, заснаваў беларускі хор.
Беларускія казанні К. Сваяка ў касцёле, сцвярджэнне ім ідэй беларускага адраджэнскага руху выклікалі незадаволенасць і супрацьдзеянне польскіх духоўных улад, якія пераводзілі беларускага святара з аднаго месца службы на другое, суправаджалі яго працу атмасферай падазронасці і недаверу, пагроз і забарон. У 1922 г. яму нават давялося пабыць пад хатнім арыштам. Усё гэта падрывала і без таго слабае здароўе паэта. Пачынаючы з 1912 г. кожную зіму ён праводзіў на лячэнні ў Закапанэ.
Свой першы верш «На імяніны майго пробашча» К. Сваяк напісаў у 1912 г., рэгулярна друкавацца пачаў з 1919 г. Апублікаваў зборнік вершаў «Мая ліра» (1924).
Яго пяру належаць брашура «Алкаголь» (1913), цікавыя апавяданні, нарысы, публіцыстычныя і літаратурнакрытычныя артыкулы, нататкі, эцюды, імпрэсіі, гумарэскі.
Аўтар шэрагу драматычных твораў, сярод якіх асабліва вылучаюцца п’еса «Янка Канцавы» (1924) і містэрыя «Купалле» (1930), а таксама філасофскага дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932).
Невылечная хвароба забрала К. Сваяка 6 мая 1926 г. у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.
Яго мастацкае мысленне абумоўлівалася імкненнем да пераадолення зямнога і прыроднага пачаткаў, таго, што прынята разумець пад паняццем «фізічнага эгаізму», жывілася дабратворнай энергіяй любові, верай у сілу і несмяротнасць духу, маральнае ўдасканаленне чалавека і гармонію сусвету. Шырокай грамадскай няпраўдзе, сацыяльнай несправядлівасці і нацыянальнаму ўціску, бедам і няшчасцям народнага асяроддзя паэт супрацьпастаўляў станоўчы рэлігійна-хрысціянскі ідэал, перастварэнне жыцця ў любові і веры ў Царства Божае, высокую Божую праўду і свабодную згоду і адзінства.
Лірычны герой зборніка К. Сваяка «Мая ліра» дарэшты прасякнуты памкненнем да Бога, пазнаннем Яго высокай зместаваўтваральнай сутнасці («Ледзь толькі блысьне на небе зарніца, Дух мой, о Божа, на Цябе чакае»), прагне Яго, «як дожджу травіца». Ён сумуе па Богу, шукае Яго ў «дарозе блуднай», «у сухой зямельцы бязводнай і труднай, залітай жагай палудняга сонца». «Шляхам цярністым жыцьцё агартаю, Руку цалую Твайго змілаваньня, — чытаем у вершы «Песьня на псальм 62», — Твой Огляд вечны гімнам апеваю І веру сёньня ў духа змертвыхстаньне». Душу аўтара «ажыўляе Поўнасьць праствораў гвезднага космосу», яго голас шукае «Цуднай мэлёдыі», «каб запяяці гімн Творчаму Лёсу».
На думку К. Сваяка, усе зямныя і нябесныя з’явы і прадметы знаходзяцца ў працэсе свабоднага руху, узаемадзеяння і ўзаемапранікнення, яны падпарадкаваны пэўнаму і выразнаму касмічнаму ўсёадзінству, універсальнаму сусветнаму сэнсу, увасабляюць існаванне непадзельнай сусветнай ідэі. Якраз пазнанне вялікай і вечнай таямніцы, сусветнай ідэі, як духоўнага адзінства і ўзаемазвязанасці ўсяго з усім, гэтак званай цэласнасці прыватнага, калі адно адлюстроўваецца, рэалізуе свой патэнцыял у другім, атрымлівае ў ім свой працяг і развіццё, з’яўляецца галоўным прадметам чалавечага жыцця. Лірычны герой паэта імкнуўся да асэнсавання аб’ектыўна-матэрыяльных і суб’ектыўна-ідэальных частак і элементаў сусветнага цэлага, да ўзаемапранікнення і свабоднага існавання з імі. Натуральна, ён адчуваў на сабе ўздзеянне гэтага сусветнага цэлага («Пульс жывога ўсесьвету, творчы шопат чую…») і ў той жа час, рэалізуючы яго, сам уплываў на шматлікія навакольныя з’явы і працэсы. Цікавую і незвычайную, як у духоўным, гэтак і ў мастацкім плане, карціну назіраем, напрыклад, у вершы «Душа мая»:
Матыль пышнакрылы купаецца ў зорах
З праменьняў сатканых, купаецца ў морах
З вадою цудоўнай. У неба ўзлетае
Арлом сьветавідам — і ў пекла спадае.
Тут не толькі адно не выключае другога, а, наадварот, прадугледжвае яго. Адзінкавае і прыватнае існуюць на шырокай усеагульнай аснове, падпарадкоўваюцца высокай творчай сіле, прыроднай волі, касмічнаму розуму — Провіду Божаму. Верш прасякнуты адчуваннем адухоўленасці сусвету, напоўненасці яго цеплынёй і пяшчотаю, дабрынёй і любоўю. Ён сцвярджае ідэю вечнага духу, які знаходзіць сваю рэалізацыю ў з’явах і прадметах матэрыяльнага свету, увасабляе прынцып «станоўчага ўсёадзінства», актыўнасць і дзейснасць гарманічнага цэлага. Мабыць, асаблівай зместавай насычанасці і пераканання аўтарская думка дасягае ў апошняй страфе твора:
Сьвет чароўны-цудоўны мяне ўзяў ў абоймы,
Напаіўшы адвечнай журбай ідэалу,
Твораў дзіўных усюды віджу цэлы плоймы
І чую над сабою ўсебыту навалу.
Імкненне і далучанасць чалавека да Бога абумоўліваюць якаснае перараджэнне і абнаўленне яго жыцця і сутнасці. Уздзеянне неўміручага і вечнага дару Божага вядзе да несмяротнасці. Духоўная любоў ператварае малое ў вялікае, частковае — у поўнае, часовае — у вечнае, надзяляе ўсеагульным, бясконцым значэннем. Складваецца ўражанне, што душа лірычнага героя К. Сваяка мела неабмежаваныя магчымасці, усюдыісную прыроду, трансцэндэнтнае панаванне, валодала здольнасцю пераадольваць сумненні і ваганні, уздымацца над матэрыяльнай будзённасцю, шматлікімі грамадска-сацыяльнымі праблемамі і супярэчнасцямі, падпарадкоўваць сабе ўсе з’явы і прадметы. Яна поўнілася высокаю боскаю сілаю, і таму ёй адкрываліся абсягі ўсяго сусвету, было падуладна зямное і нябеснае. Яна пачувала сябе вечнаю і бязмежнаю ў прасторы і часе, бо ў ёй увасобіліся дабро, ісціна і краса.
Сэнсатворны змест і значэнне любой з’явы К. Сваяк успрымаў і разумеў як яе ўнутраную звернутасць да сусветнай ідэі, абсалютнай ісціны. Ён адмаўляў прыватную адасобленасць і злосць, эгаізм і карысць у жыцці чалавека і грамадства, тым больш адкрытую барацьбу і супрацьстаянне. Паэт сумняваўся ў маральнай эфектыўнасці і дзейснасці радыкальна-рэвалюцыйных сродкаў і метадаў пераўтварэння Гармонія сусвету Казіміра Сваяка рэчаіснасці, адхіляў сілу і прымус як спосаб выратавання свету. «Ці варта змагацца з нядоляй крывавай? Ці варта вялічыць лік жэртваў зямлі? — разважаў ён у вершы «Чаму мне маркотна». — Ці ж сьвет пераробім рукою нямравай? Ці тым там ня лепей, што ў гробе згнілі?»
Найвышэйшым сэнсам існавання К. Сваяк лічыў духоўнае жыццё з увасобленымі ў ім красой і гармоніяй, маральнасцю і верай, што патэнцыяльна супрацьстаяць уладзе граху і несправядлівасці, выступаюць у якасці неабходнай умовы і ідэальнага выніку развіцця грамадскіх адносін. Менавіта духоўнае жыццё з’яўляецца той субстанцыяй, якая надзелена абсалютным зместам. Усе праблемы і супярэчнасці рэчаіснасці ён прапаноўваў вырашаць і пераадольваць сілаю любові, усёдаравання і ўсёпрымірэння, імкненнем да духоўна-маральнага прасвятлення матэрыяльнага быцця і свету, насычэннем іх дабром, красой і ісцінай. К. Сваяк прапаведаваў аб’яднанне ўсіх і ўсяго на аснове імя і духа Хрыстова, сцвярджаў ідэю ўсеагульнага ўваскрэсення. Услед за многімі сваімі папярэднікамі і сучаснікамі паэт напаўняў гэтую ідэю ёмістым духоўна-сацыяльным зместам, звязваў яе з неабходнасцю абуджэння і актывізацыі грамадска-патрыятычнага руху, стваральнай дзейнасці шырокага працоўнага асяроддзя, з адраджэннем Беларусі. Лірычны герой яго верша «Ad te levavi…» звяртаўся да Бога з тым, каб Ён спаслаў змілаванне над беларусім людам, «што поўны нядолі, бо ўжо-ж ён просіць даўно змертвыхстаньня, каб выйсьці з крыўды, з грэху і няволі». «Чужынец люд Твой аддаў на пакусу, каб з яго сэрца выгнаць Цябе, Божа…» — чытаем у творы. Ён прасіў Бога «зорам сваей моцы» скрышыць «нячыстых працу рук паганых», збудзіць паднявольны, згараваны люд «на труд свабодны, на ласку спакою», благаславіць яго на дабро і шчасце.
Паэтызацыя хрысціянска-каталіцкіх духоўна-маральных каштоўнасцей спалучалася ў творчасці К. Сваяка з выяўленнем актуальных грамадскасацыяльных праблем і супярэчнасцей, сцвярджэннем нацыянальна-патрыятычнай ідэі, адраджэння Беларусі. Ён славіў Бога і адначасова ўсхваляў «родную старонку», яе чары, цудадзейныя сілы і магчымасці. «Ты цярпеньне душы гоіш і зьнямогу цела, — чытаем, напрыклад, у вершы «Чары Айчыны». — Жыцьцё творыш, песьні роіш, вучыш жыць умела».
Мікола МІКУЛІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura