На 88-м годзе 14 сакавіка памёр архітэктар Ігар Есьман, паведамляе [1] агенцтва "Мінск-Навіны".
Ігар Іванавіч Есьман нарадзіўся 1 мая 1932 года. Яго прафесійная дзейнасць у асноўным была звязана з інстытутам "Мінскпраект", дзе дойлід працаваў з 1960 па 1995 год спачатку галоўным архітэктарам праектаў, затым кіраўніком майстэрні. Адначасова з 1992 па 1995 год быў дырэктарам уласнай творчай майстэрні.
Па праектах Ігара Есьмана узведзены дзесяткі будынкаў сталіцы. Ён аўтар гасцініцы "Арбіта", карпусоў лінгвістычнага універсітэта, педуніверсітэта, актавай і спартыўнай залы інстытута народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ), а таксама комплексу інтэрнатаў гэтай ВНУ з блокамі абслугоўвання, размешчаных па Веласіпедным завулку. Па праектах Есьмана пабудаваны жылыя дамы на Партызанскім праспекце і Раманаўскай Слабадзе, эксперыментальны дзіцячы сад-яслі ў мікрараёне "Серабранка-6" і іншыя дзіцячыя дашкольныя ўстановы. У суаўтарстве з калегамі створаны праект станцыі метро "Пушкінская".
Самай прыкметнай працай дойліда стаў 15 корпус БНТУ, збудаваны каля МКАД. Гэты будынак часта параўноўваюць з караблём або авіялайнерам. Па суседстве з ім размясцілася група інтэрнатаў незвычайнай трохкутнай формы.
Развітанне з дойлідам пройдзе ў панядзелак 16 сакавіка ў рытуальнай зале на вул. Альшэўскага, 12 з 13:00 да 13:45 гадзін.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/ushel-iz-zhizni-arhitektor-igor-esman-avtor-korpusa-korablya-bntu/
[2] https://zviazda.by/be/tags/arhitektar
[3] https://zviazda.by/be/tags/igar-esman
[4] https://zviazda.by/be/tags/pamyor