Гурт сярэднявечнай музыкi «Стары Ольса» падрыхтаваў абяцаную тэатральную прэм'еру — батлеечны спектакль у стылi Рэнесансу «Трыстан i Iзольда». Пастаноўка заснаваная на беларускай версii вядомай гiсторыi — «Аповесцi пра Трышчана». Гэты лiтаратурны помнiк, што ўяўляе сабой найбольш поўны i ўнiкальны славянскi варыянт апрацоўкi славутай легенды, быў перакладзены на беларускую ў другой палове XVI стагоддзя з сербскай мовы i захаваўся да нашых дзён у Пазнанскiм рукапiсным зборнiку.
Работу музыкi пачалi яшчэ ў канцы 2018-га. Знайшлi адмысловую скрыню — ёй стала аздобленая элементамi ў стылi Вiленскага барока старая шафа 1930-х, якую гурт набыў пад Бабруйскам. Сцэнарыстам i рэжысёрам спектакля выступiў лiдар калектыву Змiцер Сасноўскi, над лялькамi працавалi майстры па гiстарычных касцюмах Наталля Чарнышова i Аляксандра Шангiна, а дэкарацыi стваралi мастакi Яўгенiя Валента, Вольга Верашчака i Арсенiй Кацэла. Акцёрамi ж сталi самi ўдзельнiкi «Старога Ольсы».
Адметнасць пастаноўкi — не толькi ў свецкiм сюжэце, але перадусiм у жывым музычным суправаджэннi на старадаўнiх iнструментах. Удзельнiкi гурта выкарыстоўваюць максiмальна дакладныя копii, якiя захоўваюць i дазваляюць адчуць гледачам дух эпохi. Сярод iнструментаў — дуда, колавая лiра, гуслi, шалмеi, сурма, рэбек, лютня, цыстра, тромбамарына...
Спектакль i яго выканаўцы ўжо гатовыя да сустрэчы з публiкай — прэм'ерныя паказы запланаваныя ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасцi дзяцей i моладзi падчас вясновых школьных канiкул.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/stary-olsa
[4] https://zviazda.by/be/tags/gurt
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/batleyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[8] https://zviazda.by/be/tags/teatr