У Беларусі ўжо зарэгістраваны 81 выпадак каранавіруса. 22 чалавекі выпісаны ці рыхтуюцца да выпіскі, маючы адмоўныя тэсты. Яшчэ 59 знаходзяцца пад медыцынскім назіраннем. Большасць хворых у Мінску – іх каля 40, два – у Гомельскай вобласці, адзін – у Гродна, астатнія – у Віцебску. З усіх выпадкаў 41 завазны. Прычым сярод інфіцыраваных з пацверджаным дыягназам толькі адзін замежны грамадзянін, усе астатнія – беларусы. Сярэдні ўзрост пацыентаў – ад 15 да 49 гадоў. Самаму старэйшаму хвораму з COVID-19 78 гадоў, самаму малодшаму – тры гады (ён кантактаваў з інфіцыраванай маці).
– Сітуацыя кантралюемая і падстаў для панікі на цяперашні момант няма, – падкрэсліла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. – Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па колькасці тэстаў, праведзеных на мільён насельніцтва, мы знаходзімся на 9-м свеце сярод усіх краін свету, дзе зарэгістраваны выпадкі каранавірусу. На 100 тысяч жыхароў у нас прыходзіцца 22 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. З наркозна-дыхальнымі апаратамі – 38. Для параўнання ў ЗША гэтыя лічбы складаюць 18, у Італіі – 8,3, у Вялікабрытаніі – 12,9.
Намеснік міністра паведаміла, што ў краіне ўдалося стабілізаваць сітуацыю з узроўнем пнеўманій. На сёння ў Беларусі яна маецца ў 2 743 пацыентаў, з іх у 77 – цяжкая. Траціна пнеўманій маюць грыпозную этыялогію. У прыватнасці, 22 цяжкія выкліканы грыпам H1N1.
– Усе сярэднецяжкія і цяжкія пнеўманіі тыпіруюцца на каранавірус. Такім чынам учора быў выяўлены яшчэ адзін выпадак у Гомельскай вобласці. Пацыентка не мае патрэбы ў дапаможнай вентыляцыі лёгкіх. Яна была дастаўлена на абласны ўзровень. У раёне (Жыткавіцкім, – “Зв”.) праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.
Спецыялісты нагадалі, што аналіз на каранавірусную інфекцыю бяруць і ў блізкіх хворага на цяжкую пнеўманію, каб не прапусціць выпадкаў каранавірусу. І да гэтага трэба аднесціся з разуменнем. Менавіта так развівалася сітуацыя і ў Віцебску, дзе ад пнеўманіі памерла жанчына. Ёй і блізкім рабілі тэст на COVID-19, які не пацвердзіў наяўнасць вірусу.
Па інфармацыі намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, на ізаляцыі зараз знаходзіцца 1100 кантактаў першага ўзроўню, а 8800 кантактаў другога ўзроўню – пад медыцынскім назіраннем.
– Пацыенты з COVID-19 не заўсёды даюць поўную інфармацыю аб сваіх кантактах, асабліва калі яны наведвалі забаўляльныя ўстановы. У некаторых выпадках прыходзіцца прыбягаць да дапамогі органаў унутраных спраў і праглядаць запісы камер відэаназірання, – паведаміла Іна Карабан.
Пакуль у Мінску кантактныя асобы размяшчаюцца ў шпіталі ветэранаў Вялікай айчыннай вайны, комплексах “Загор’е” і “Брыганціна”, сталічным скурна-венералагічным дыспансеры. Інфіцыраваныя праходзяць лячэнне ў Мінскай інфекцыйнай бальніцы, абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры і 6-й гарадской бальніцы. У астатніх рэгіёнах пакуль хапае для гэтых мэт месцаў у абласных інфекцыйных бальніцах.
– Мы часова адклалі планавую шпіталізацыю. Пры гэтым пацыентам з інфарктамі, інсультамі, экстраннымі хірургічнымі паталогіямі дапамога аказваецца, – удакладніла Алена Богдан. – Ёсць установы, якія ні ў якім выпадку не будуць перапрафіляваны і аказваюць дапамогу пацыентам з сардэчна-сасудзістымі катастрофамі, траўмамі, лор-захворваннямі, дзіцячымі хваробамі і інш.
Іна Карабан нагадала, што ўсіх тых, хто вярнуўся ў краіну з-за мяжы Міністэрства аховы здароўя заклікае да самаізаляцыі. Гэта значыць не наведваць блізкіх, работу, абмежаваць кантакты ў сям’і і па магчымасці, перасяліцца асобна ад родных.
– Няма забароны на наведванне вуліц, паркаў. Але трэба трымаць дыстанцыю ў 1-1,5 метры ад сябе да іншых людзей, бо каранавірус перадаецца з кропелькамі сліны, слізі, якія распыляюцца на гэту адлегласць. Калі няма магчымасці застацца дома, варта насіць маску, – парэкамендавала Іна Карабан.
– Сістэма аховы здароўя накіравана на аказанне медыцынскай дапамогі, і мы не можам прымусіць тэсціравацца ўсіх, хто прыбывае ў аэрапорт, гэта дабравольнае жаданне кожнага. Па магчымасці такія людзі павінны арганізаваць самаізаляцыю на 14 дзён. А іх наймальнік павінен быць зацікаўлены, каб такі чалавек не прыйшоў на працу, – дадала Алена Богдан.
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя паведамілі, што пакуль абмежаванняў для наведвання устаноў грамадскага харчавання, цырульняў і салонаў прыгажосці, масажных кабінетаў няма, бо сітуацыя кантралюемая.
– Усім установам грамадскага харчавання былі накіраваны рэкамендацыі па змяншэнні колькасці наведвальнікаў, размяшчэнні столікаў на адлегласці не менш за метр. Падстаў рэкамендаваць іх закрыццё пакуль няма, – удакладніла Іна Карабан.
А вось парадак наведвання паліклінік змяніўся. Для хворых з павышанай тэмпературай прадугледжаны асобны ўваход, а пры яго адсутнасці – кабінет на першым паверсе, куды варта прайсці, мінуючы рэгістратуру. Як паведаміла галоўны ўрач 39-й сталічнай паліклінікі Вольга Есманчык, планавыя наведванні паліклінік зараз максімальна абмежаваны. Дыспансерызацыя і іншыя абследаванні лепш перанесці на больш позні тэрмін – май-чэрвень. Планавая стаматалагічная дапамога таксама мінімізавана. Арганізавана выпіска рэцэптаў і дастаўка іх на дом для пажылых грамадзян.
Людзям сталага ўзросту ў гэтыя дні медыкі раяць не ўдзельнічаць і не наведваць масавыя мерапрыемствы, па магчымасці не выходзіць у людныя месцы без патрэбы. А беларускія медыкі далучыліся да міжнароднай акцыі “Мы застанемся на рабоце, каб дапамагчы вам – Вы застаньцеся дома, каб дапамагчы нам!”
Пра першага пацыента з каранавірусам у Беларусі стала вядома [4] 28 лютага. Былі вызначаны лячэбныя ўстановы, дзе будуць аказваць дапамогу пацыентам з каранавірусам і падазрэннем на яго, зменены [5] правілы працы паліклінік. Урад выдзеліць [6] з бюджэту дадатковыя сродкі Міністэрству аховы здароўя і бюджэтам Мінска і Віцебска. Таксама стала вядома, што ў Беларусі будуць праводзіць экспрэс-тэсты [7] на каранавірус.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: Depositphotos.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20200228/1582868227-u-belarusi-zaregistravany-pershy-vypadak-karanavirusa
[5] http://zviazda.by/be/news/20200318/1584530155-rezhym-pracy-paliklinik-zmyaniusya-u-suvyazi-z-karanavirusam
[6] http://zviazda.by/be/news/20200323/1584957386-u-belarusi-dlya-baracby-z-raspausyudzhvannem-karanavirusa-z-byudzhetu
[7] http://zviazda.by/be/news/20200323/1584943145-u-belarusi-buduc-pravodzic-ekspres-testy-na-karanavirus
[8] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus