Двухпавярховы асабняк, куды нядаўна засялiлася шматлiкая сям'я, доўга шукаць не давялося. Па-першае, гэта цэнтр горада, а па-другое, такiх дамоў тут некалькi. Чацвёрты па лiку адкрыты ў канцы мiнулага года. А насяляюць яго ажно 10 чалавек — двое бацькоў i васьмёра дзяцей.
Месца, дзе пабудаваны дамы сямейнага тыпу, сапраўды зручнае. Побач гiпермаркет, школа, чыгуначны вакзал, гарадскi парк...Ды i сам дом на два паверхi — камфортны, сучасны, нават з невялiкiм участкам.
Адразу раскажу пра ўнутраную «начынку». У прыгожым холе — вялiкая канапа i тэлевiзар-плазма. Гэта месца для агульных сямейных праглядаў. Каля сцяны — значных памераў акварыум. Дарэчы, iх у доме некалькi. У кухнi — два халадзiльнiкi, пасудамыечная машына i ўсё, што патрэбна гаспадынi. Пакой пад пральню з сушылкай. Прыбiральнi асобна для дзяўчынак i хлопчыкаў, i так на абодвух паверхах. Кожны пакой разлiчаны на дваiх дзяцей. У iх стаяць ложкi, стол, шафа-купэ, камп'ютар. Агульны пакой для гульняў. Усё па-дызайнерску арыгiнальна, утульнасцi дадае драўляная падлога. Карацей, дом цалкам падрыхтаваны для таго, каб камфортна тут жыць.
Шчыра кажучы, такiя ўмовы ўражваюць. Далёка не кожная сям'я можа сабе дазволiць мець асабняк. А што казаць пра тыя сем'i, адкуль сюды трапiлi прыёмныя дзеткi? Таму з гаспадыняй, мацi-выхавацелькай Марынай Чабан, пачынаю размову менавiта з гэтага. Цi спрыяюць камфортныя ўмовы адаптацыi дзяцей у новай сям'i? На маё пытанне яна адкажа, але крыху пазней. А пакуль запрашае прайсцi ў гасцiную, пасярэдзiне якой стаiць вялiзны драўляны стол з масiўнымi крэсламi, i прапануе кубачак кавы з цукеркамi. «Дзецi не вельмi ядуць салодкае, — заўважае яна, — iм больш даспадобы мясныя прадукты». Вось тут, за сталом, i праходзiць наша размова.
Марына вяртаецца да пытання наконт камфорту. Успамiнае, як у дзяцiнстве канца 90-х яе бацькi-настаўнiкi, як i многiя, не шыкавалi. Бывала, што i зарплату па некалькi месяцаў не выплачвалi. Бульбу, якую садзiлi на лецiшчы, вельмi хутка з'ядалi. Таму дзецям — сваiм i прыёмным — стараецца данесцi i гэты факт. Каб яны таксама ўмелi цанiць дастатак.
Дык як здарылася, што маладая сям'я з трыма сваiмi дзецьмi вырашыла выхоўваць яшчэ пяцёра чужых? Такiя ўчынкi заўсёды здавалiся калi не гераiчнымi, то, ва ўсякiм разе, заслугоўвалi павагi. Нешта падобнае адчуваецца пры знаёмстве са святарамi — у абодвух выпадках чалавек у значнай ступенi ахвяруе сваiмi ўласнымi патрэбамi. Дарэчы, i Марына — чалавек веруючы i нават выкладае ў нядзельнай школе пры храме. Таму звярнулiся па бласлаўленне да святара.
— Я ў дзяцiнстве вельмi доўга хварэла, i мне сказалi, што, магчыма, не будзе дзяцей. Пра гэта расказала свайму мужу напярэдаднi вяселля. Але для яго тое не стала перашкодай, i мы пажанiлiся. Тады муж даў абяцанне, што, нават калi будуць свае дзецi, мы ўсё ж усынавiм яшчэ аднаго сiрату, возьмем чужога, — расказвае Марына сваю гiсторыю. — Муж ездзiў у Полацк да святара, расказаў, што маем трох сваiх дзяцей, але трэба выканаць абяцанне. I святар сказаў: калi вы гатовы — iдзiце. Муж сам пайшоў у органы апекi, з дзецьмi яшчэ раней дамовiлiся. Бо ў нас такi склад — чым больш народу, тым лепш.
Калi органы апекi афармлялi дакументы на ўсынаўленне, там убачылi, што Марына па прафесii педагог, працавала выхавацелем дзiцячага садка. Тады сужэнцам i прапанавалi стаць прыёмнымi бацькамi для iншых дзетак.
— I, што цiкава, муж першы згадзiўся на гэта. Прыйшоў дамоў i сказаў, што даў папярэднюю згоду на работу бацькамi-выхавацелямi, — кажа Марына. — Такiм чынам мы трапiлi ў лiк канкурсантаў на гэту, так бы мовiць, пасаду. Нам аддалi перавагу таму, што мы iшлi на гэты крок асэнсавана.
Калi закладваўся падмурак новага дома сямейнага тыпу, Марына з мужам ведалi, што iх мара не такая далёкая. I вось лiтаральна ў студзенi яны пераехалi ў гэты камфортны i прыгожы будынак разам з трыма сваiмi i пяццю прыёмнымi дзецьмi.
У аддзеле адукацыi Ленiнскага раёна Гродна з сям'ёй Чабаноў падпiсалi кантракт. Акрамя заработнай платы бацькi-выхавацелi атрымлiваюць штомесячныя выплаты на ўтрыманне дзяцей. Як правiла, у дамах сямейнага тыпу iх жыве ад пяці да дзесяці. Па словах галоўнага спецыялiста Алены Шэўчык, прыярытэт маюць поўныя сем'i, у якiх ёсць вопыт выхавання дзяцей, свае дзецi i, пажадана, педагагiчная адукацыя. Ёсць нямала прэтэндэнтаў трапiць у банк даных бацькоў-выхавацеляў. Тут iснуюць i свае плюсы — магчымасць працаўладкавання, зарплата, сацыяльныя гарантыi.
— Бывае, што прэтэндуюць тыя сем'i, якiя не могуць стварыць паўнавартасныя ўмовы для выхавання цi больш скiраваны на меркантыльныя iнтарэсы. Мы аддаём перавагу тым, у каго iншыя прыярытэты — у першую чаргу любоў да дзяцей i жаданне iм дапамагчы, — растлумачыла суразмоўнiца.
Цяпер у Гродне сем дамоў сямейнага тыпу i яшчэ адзiн будуецца. Усе яны фiнансуюцца дзяржавай. Менавiта такая форма выхавання дзяцей, што засталiся без апекi ўласных бацькоў, — адна з найбольш прымальных. У прыярытэце таксама прыёмныя сем'i, якiя бяруць чужых дзетак у свае кватэры.
— Мы iмкнёмся пазбегнуць уладкавання дзяцей у iнтэрнатныя ўстановы, — кажа Алена Шэўчык. — У прыёмных сем'ях i дамах сямейнага тыпу дзецi лепш сацыялiзуюцца, знаёмяцца з сямейным побытам, адносiнамi, якiя потым могуць праецыраваць на свае будучыя сем'i. Гэта добры прыклад для iх.
Не толькi ў Гродне, але i ў вобласцi пераважная большасць дзяцей-сiрот знаходзiцца на так званай прыватнай форме апекi — у прыёмных i апякунскiх сем'ях, дамах сямейнага тыпу. Апошнiх, напрыклад, на Гродзеншчыне каля 30, тут на выхаваннi 200 дзяцей-сiрот i тых, хто застаўся без апекi бакоў.
Прафесiйныя бацькi — гэта свайго кшталту падушка бяспекi для нядбайных бiялагiчных тат i мацi. Яны даюць iм шанц адумацца, выправiцца i вярнуць сваiх дзетак назад. На ўсё даецца паўгода. Бацькi могуць наведваць сваiх дзяцей, падтрымлiваць з iмi сувязь. Гэта робiцца для таго, каб яны зразумелi, на якой мяжы стаяць, i знайшлi ў сабе моц не пераступаць яе. Але такое здараецца, на жаль, даволi рэдка.
Вось i Марына Чабан, як можа, спрыяе родным бацькам. У асноўным усе яны маюць праблемы з алкаголем. Тыя, у каго ёсць жаданне вярнуць дзяцей, праходзяць рэабiлiтацыю. У вызначаны час да прыёмных дзяцей Чабаноў прыходзяць iх мацi. Бацькi-выхавацелi ствараюць умовы для таго, каб дзецi маглi сустракацца з iмi.
— Мацi нiхто не заменiць, — упэўнена Марына. — Нават калi яны пазбаўлены бацькоўскiх правоў. На мой погляд, у маiх прыёмных дзяцей нядрэнныя мацi, мне iх шкада. Адна нават уладкавалася на дзве работы, каб вярнуць дваiх дзетак. А трапiлi яны сюды з-за агрэсiўнага бацькi. Жанчына падала на развод, але няма, дзе жыць, трэба здымаць кватэру, бо свая належыць мужу, i ён лiчыць, што жонка ад яго нiкуды не дзенецца. Бабуля сама выклiкала мiлiцыю, каб забралi дзяцей, бо тыя разлады памiж бацькамi дрэнна ўплывалi на малых.
Ад агрэсiўнага бацькi пакутавалi i дзецi. Аляксей (iмя зменена), якому 11 гадоў, расказаў Марыне, што тата не раз яго бiў. А вось са сваiм прыёмным бацькам Мiкалаем вельмi пасябраваў i не адыходзiць ад яго нi на крок.
Па словах Марыны, мацi Аляксея зняла кватэру, ходзiць на спецыяльныя курсы па псiхалогii i мае ўсе шанцы вярнуць дзяцей. Тым больш што i дзецi цягнуцца да яе.
Цi вось яшчэ адна гiсторыя. Маладая мацi — 27 гадоў, трое дзяцей. Першае дзiця нарадзiла ў 16, жыве без мужа, са сваёй мацi, якая вельмi «сябруе» з бутэлькай. Таму органы апекi паставiлi ўмову — альбо бабуля пройдзе лячэнне ад алкагольнай залежнасцi, альбо мацi знойдзе iншае жыллё. Так трое дзетак, малодшаму з якiх тры гады, трапiлi ў дзiцячы дом сямейнага тыпу. Дваiх новы бацька возiць у iнтэграваны клас.
А пакуль адны бацькi апускаюцца на дно, а iншыя iмкнуцца выплыць з гэтага вiру, усе клопаты аб iх дзецях кладуцца на чужых людзей. I тыя робяць усё магчымае, каб малыя раслi без стрэсаў i страху.
Як правiла, дзяцей стараюцца не разлучаць з братамi i сёстрамi. У Чабаноў, напрыклад, дзецi з дзвюх сем'яў. Прыёмныя бацькi iх самi не выбiраюць, а прымаюць тых, каго вызначыла апека. Не ўсе iдуць на кантакт — дзецi складаныя. Але Марына не здаецца:
— Лена (iмя зменена) ў нас сапраўдны калючы вожык. Але я разумею, што дзiця траўмавана, у яе нават раны на спiне. Яна не давярае дарослым. Гэта яе ахоўная рэакцыя. Я толькi ўгаворваю яе, тлумачу, што тут нiхто не пакрыўдзiць, таму не трэба свае iголкi выпускаць. I настаўнiцы ў школе пра гэта кажу, каб не ўспрымала яе як хамку. Бо калi з ёй абыходзiцца неласкава, яна наўрад цi зменiцца, а будзе працягваць i надалей груба сябе паводзiць.
Хоць прыёмныя дзецi жывуць у Чабаноў усяго трэцi месяц, Марына пра кожнага можа многае расказаць. Бо часта хадзiла да iх у прытулак, назiрала. Цяпер яна ведае, як знайсцi кампрамiс i прывучыць да новых звычайных сямейных рытуалаў. Напрыклад, збiрацца ў выхадныя за вялiкiм сталом. Дарэчы, за гэтым самым сталом сядзiм мы з Марынай за філіжаначкай кавы. Мне здаецца, я бачу, як хтосьцi з дзяцей есць кашу, хтосьцi бутэрброд цi тосты. Тут лiчаць, што не варта прымушаць есцi тое, што дзiця не любiць, бо ежа таксама павiнна прыносiць радасць. Таксама як i знешнi выгляд. Напрыклад, Марына нават дома не носiць халатаў i штаноў. Толькi сукенкi i спаднiцы, крыху касметыкi, прыбраныя валасы. Мужа сустракае гарачай ежай. Дзецi гэта бачаць i бяруць прыклад, кажа жанчына. Яны i сваю сям'ю здолеюць так пабудаваць.
— Дамы сямейнага тыпу i створаны дзеля таго, каб дзецi бачылi прыклад дабрабытнай сям'i, ветлiвых адносiн, клопату памiж яе членамi, — вызначае галоўнае Марына. — Заўважана, што вялiкая сям'я спрыяльная для дзяцей: чым iх больш, тым яны больш падрыхтаваныя да самастойнага жыцця. А ў мацi не будзе хапаць часу, каб «зацюкаць» дзiця сваёй гiперувагай.
На жаль, не атрымалася пагутарыць з мужам Марыны Мiкалаем, якi працуе цесляром на будаўнiчым прадпрыемстве. Ды i дзецi амаль усе былi ў школе, дома — двое трохгадовых малых. Падчас гутаркi за iмi наглядала старэйшая дачка гаспадынi. Жанчына сама папрасiла прыйсцi ў такi час, каб можна было спакойна пагаварыць. Адчувалася, што яна сапраўды карыстаецца сваiм педагагiчным вопытам, з разуменнем ставiцца да рознага кшталту наведванняў i праверак. Некаторыя прыёмныя бацькi, па яе словах, не вытрымлiваюць такога кантролю. Але з iншага боку — за гэтых дзяцей iнспектары таксама нясуць адказнасць. Таму тэрыторыя павiнна быць адкрытая.
I, што галоўнае, прыёмныя бацькi не лiчаць свой новы статус нейкай ахвярай, а, наадварот, успрымаюць яго як радасць. Прычым гэта людзi з дастаткам. У iх дзве новыя машыны, ёсць свая кватэра. Маглi б спакойна гадаваць уласных дзяцей i не мець лiшняга клопату з чужымi малымi, якiя да таго ж i складаныя: нямала праблем i з вучобай, i з паводзiнамi — нават педагогi не надта жадаюць мець у класе такiх дзяцей, бо камiсiя па справах непаўналетнiх пастаянна назiрае за iмi, трымае на кантролi.
Марына аднаго не разумее — чаму ў грамадстве такая iнiцыятыва часам успрымаецца негатыўна. Нядаўна ўразiлi адносiны касiра ў краме. Калi Марына купляла вокладкi для кнiг, тая чамусьцi абурылася, што, маўляў, трэба гэта рабiць у пачатку навучальнага года.
— Калi я сказала, што працую ў сямейным доме, яна наогул заявiла: сваiх не хочуць нарадзiць, а чужых бяруць. Вось вам адносiны... А iншая касiрка, наадварот, пажадала поспехаў i цярпення... Як бы што нi казалi, у дзяцiнстве патрэбны клопат i пяшчота. Многае забудзецца, а гэта назаўсёды запомнiцца, — робiць выснову Марына.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shmatdzetnaya-syamya
[4] https://zviazda.by/be/tags/backi-vyhavaceli
[5] https://zviazda.by/be/tags/nash-dom